У задуменні ўваходзіў ён у Суражскую вуліцу, калі настойліва аклікнулі яго. Каля газетнага кіёска ўсміхаўся да Андрэя маладзік, у якім не адразу пазнаў далёкага сваяка. Пазнаў пад канец пустой гутаркі і, як толькі разышліся, забыў аб ім. Ён, праўда, сказаў Андрэю досыць важкія словы:
— Нейкі дзіўны ты сёння?.. Мо хворы?
У бок рэстараніка «Падляшскі» білася двух дзяцюкоў. Адзін другому падралі адзенне, паразбівалі насы, урэшце пападалі на тратуар ды там тузаліся. Іх абкружылі прахожыя — маўчалі або нацкоўвалі... Прыехаў міліцэйскі патруль.
Іх забралі ў камісарыят.
Таўсцейшага, таго менш паваротлівага, Андрэй ведаў. Ён быў з Цюйміч. Запамятаўся яму, рэдкімі ў маладым узросце, іранічнымі адносінамі да дзяўчат: «Нашто дзяўчатам кветкі? Яны адно вачамі бегаюць і зіркаюць, хто іх тут добранька пакачае!» Трошачкі рацыі меў...
Ты, Андрэй, нарэшце жывеш, бы пан які, гаварыў таўсцейшы. У Беластоку зусім іншы свет. У Цюймічах, брацец, хоць вазьмі ды сабак ганяй, ад самоты...
Тады расказаў Андрэю навіну.
Утраіх — казаў — выпілі мы тры літроўкі цукровай самагонкі. Хлопцы, кажу ім, трэба яшчэ літровачку. Наскрэблі грошыкаў, нават на паўтары. Віцька, гавару большаму з іх, якога ты, Андрэй, не ведаеш: у цябе, Віцюль, ёсць матацыкл, сядай і дуй да Манькі-Удавы. Яе цяпер называюць Баба-з-Яйцамі. Сеў гэты Віцька на свайго. «Юнака»» і як, пусціў тармазы, дык мы яго болей і не пабачылі. На ростанях угрэў ён ілбом у тэлеграфны слуп! Пакаціўся ў равіско, там і сканаў. А я, паміж хлеўчыкамі, даў цягу дахаты. Думаю сабе: дурному — дурны канец...
«Чаго ён біўся ля «Падляшскага?» — Андрэй кіраваўся дамоў. На вуліцы Складоўскай аперадзілі яго дзве вучаніцы са знакамі сярэдняй школы. Угадаваныя дзяўчыны.
Пайшлі і пайшлі, абразліва абыякавыя да Андрэя Антошкі. Вы із якой школы, востра затрымаў бы іх. Мы ж не паненкі, каб нас перапыняць і глядзець нам у вочы, адказалі б са смехам упэўненых у сваёй прыгажосці. Вашы легітымацыі, запатрабаваў бы ад іх. Даты нарадзін — гэта нашы салодкія тайніцы, захіхікалі б. Хутка, крыкнуў бы да іх. Пан Антошка, пекнымі жанчынамі можна толькі захапляцца і прасіць дазволу цалаваць рукі іх, глядзелі б вачыма козачак. Я завяду вас да дырэктара школы, сказаў бы не ў жарты. Ці вы можаце ўявіць нас заплаканымі ў службовым кабінеце, залыталі б. Чаму вы не на ўроках, — мякчэй. Таму, што нам ужо надакучыла слухаць паэму «Адрэзанае вуха» Калістрата Калістратавіча Калістратовіча! — усхвалявана. Гэта на ўроках па літаратуры, а на ўроках, напрыклад, гісторыі? — дапытваючыся. Яшчэ горай! — абурыліся б на гайнаўскі лад. Чаму? — не паверыў бы гэтым смаркаткам. Бо ў гісторыі мае рацыю толькі той, хто піша яе... Бо яна такая несправядлівая... Таму не любім яе!..
Дзяўчыны весела гаманілі да сябе і крочылі ў нагу, па-салдацку. У доўгіх спадніцах і высокіх ботах парыжскай моды.
Праз пяць або і больш гадоў пасля, у замужжа, пабачыўшыся на вуліцы, яны загавораць да сябе, прыблізна, так (Андрэй упэўнены):
— Як жывеш?
— Не наракаю. А ты?
— Таксама. Ваюеш з кім на рабоце?
— Нашто мне гэта? Няхай лепей маё прападае! Ці не так?
— Згодна з табою. На белае кажуць, што гэта чорнае, і я пагаджаюся. Мне ўсё роўна. Колькі зарабляеш?
— На сукенкі хапае, а футравае паліто няхай каханак кўліць, не? Як думаеш?
— Муж не здагадаецца? Мой каб даведаўся, што маю сабе другога, дык хіба забіў бы мяне!
— Няхай здагадваецца — не трэба прызнавацца! Тады мацней кахаць будзе I грошай больш даваць.
— А я, на тваім месцы, баялася б заводзіць сабе каханкаў...
— Баяцца трэба дырэктара, дарагая, бо ён заўсёды небяспечны: можа пазбавіць кавалка хлеба! А мужа — чаго?!
— Дырэктар, праўда, страшнейшы! Нашага ўсе баяцца. Ён і мяне, ужо два разы, узяў на стале, калі ўсе разыдуцца дамоў... Нібы нічога не здарылася, але мужу свайму так ужо і не магу ад таго часу глядзець у вочы, доўга...
— Трэба, дарагая, паддавацца не са страху, тады і глядзець будзеш, як у першы ранак пасля шлюбнай ночы, ха-ха-ха... Паддацца са страху, гэта тое самае, што перастаць шанаваць сябе...
— Ты кім мяне лічыш?
— Абразілася?
— Не хачу больш гаварыць з табою!
— Ты, дарагая, першая пачала...
— Пра каханкаў — ты першая!
— Я! I скажу табе больш: мець каханка, гэта не ганьба жаночаму гонару. Але не супраціўляцца дырэктару толькі са страху, каб не выгнаў з работы, дурнога страху, гэта ўжо, выбачай, сама ведаеш...
— Зрабіла я гэта для сям'і, але не ашукоўваю свайго мужа. I не пусцілася ў сабачую шкуру дзеля якогасьці футра!..