Выйшлі.
Селі ў машыну з сінім сігналам. Хутка пераехалі Парадную алею. А калі павярнулі ў цёмную бакавую вулачку, прыгадалася Андрэю тая зіма, тое падарожжа на Заходняе паазер'е, падарожжа ў перапоўненым цягніку з Варшавы ў Кашалін, і мілы афіцэрык, з якім зачыніўся ў купэ ды прагаварыў да золаку на сустрэчных віядуках. На вузлавым раз'ездзе цягнік спыніўся, доўга свістаў паравоз, урэшце зноў крануліся ў дарогу. Але таго Андрэй ужо не чуў. У полі палілі быльнёг. Добра бралася на вечар, калі ўзяліся паліць быльнёг. Якраз тады пачуў журавоў. Зразу не мог убачыць іх, але яны ляцелі невысока. Седзячы на мяшках з бульбаю, ён сачыў за іх лётам, маўклівым, не такім, як апоўдні (урачыста павольны, святочны да слёз). Журавы скоўзваліся па небе гадзючым зігзагам, і было прыкра думаць аб тым. Зоркі спачатку бліскалі па краях, і цэлая жменя іх — чамусьці над Рахавіцкім хутарам. Там холад! I страшная вада там, сярод дрыгвы, цёмная, напэўна, глыбокая, ажно боязна ўявіць сабе тое, і вядома, з рыбамі, са шчупакамі або і сомамі! Ніхто не дайшоў да яе. Кажуць, што ў ёй утапіўся бык і праз тры дні выплыў ён у Нёмане. Пад зямлёю плыў, падземнаю рэчкаю (азяркі ў лугах — гэта яе вочы!). Купаюцца ў ёй нячыстыя сілы, чэрці! Прытуліўшыся да зямлі ды пільна ўслухаўшыся ў яе, часам можна пачуць жахлівы рогат, далёкі, бы з таго свету. Такі рогат пачуў Стась-Ліхарадка, нічога нікому не сказаў. Толькі дзень і ноч маліўся ў касцёле, пакуль не прыйшла па яго маці ды не пагнала вазіць гной пад бульбу...
...Недзе перад Гданьскам Андрэя разбудзіў кандуктар. Афіцэрык ужо не спаў. За шыбамі ўсё гусцей паблісквалі агні. Узнікла ўражанне, быццам ён з афіцэрыкам выплываў на паверхню. З жахлівых глыбіняў!
На гданьскім вакзале развіталіся. Паціснулі рукі ў буфеце, дзе пілі піва. Потым Андрэй заказаў сабе яшчэ куфаль. I порцыю швейцарскага сыру. Плацячы за ўсё разам, згледзеў, што ў яго ўкралі грошы! Заплаціў дробнымі, што пазнаходзіў у кішэнях, і пабег за афіцэрыкам... Але па ім і след прастыў.
Усенька тое запамяталася яму да драбінак. I цяпер, едучы ў міліцэйскай машыне, раптам аднавіў у сваёй памяці істотны факт: тады, у купэ, з тым афіцэрыкам, спаў без пінжака, які павесіў на кручку. «А ён ужо не спаў, калі прыйшоў кандуктар», — разважаў Андрэй.
У машыне з сігналам маўчалі.
Матор роўна гудзеў, дагледжаны. Было нават утульна. Калі заехалі пад камісарыят, нейкі міліцыянер выйшаў з расчыненых дзвярэй ды кудысьці павалокся.
Андрэя завялі.
Ён доўга чакаў таго, каго ў думках назваў следчым.
Яму ўсё яшчэ было досыць забаўна.
Следчы ўвайшоў ціха, і, каб не глыбокая ноч, можна было б падумаць, што гэта прыйшоў на работу бухгалтар, салідна апрануты ды з ёмістым партфелем пад пахаю. А там бутэрброды, пара яблыкаў ды тэрмас з чаем.
Андрэй устаў з крэсла.
— Сядзіце, сядзіце, — следчы зірнуў на яго ласкава. Ледзь не па-сяброўску.
I Андрэю здалося, што трапіў ён у нейкі маскарад: жартам арыштавалі яго, будуць нібы дапытваць, а затым пойдуць усе разам у рэстаран, каб рагатаць і піць пры свяце... З ім, Андрэем.
За пісьмовым сталом, на сцяне, адзінокія дрэвы Шышкіна ў полі.
— Ваша прозвішча і імя? Адрас? — следчы, усеўшыся, даставаў з партфеля паперу за паперай.
Пачалося...
Каб не парушыць правілаў гульні, Андрэй даваў скрупулёзныя адказы. Папярэджанне, без усмешкі, аб тым, што ўсё сказанае тут можа быць выкарыстана супраць яго, таксама бавіла: хто ж гэта будзе гаварыць так, каб пашкодзіць самому сабе?!
— Вы ўкралі... — следчы агульна намякнуў: калі, дзе і як?
— Не, я не краў, — рот Андрэя пашырэў ад весялосці. А ў ягоных вачах: «Прыдумайце, пане следчы, нешта болей смешнае, болей нечаканае, ну і небанальнае!»
— Значыць, не прызнаецеся, — лагодна сцвердзіў следчы. Ён штосьці запісаў, хуценька і няўважліва. — Так, гэта зразумела...
— Не-а, — пацвердзіў Андрэй з залішняй кпінай.
— Ну добра, — следчы паглядзеў убок. — Тады скажыце мне, калі ласка, што рабілі вы ў сераду паміж дваццаць першай і дваццаць другой гадзінамі? Паміж дваццаць першай і дваццаць другой, — паўтарыў.
— Настолькі дакладна, ведаеце, не памятаю... Каб я ведаў тую бяду — запісаў бы! Бачу, трэба будзе завесці дзённік, як на караблі.
— Ну, прашу, не мудрагеліць, — перапынілі яго.
— Я сапраўды памятаю: у тую гадзіну я, фактычна, знаходзіўся паблізу якраз таго будынка! — сказаў. «I што з таго майго знаходжання там?» — Мушу, аднак, дадаць, што ў тым месцы круцілася яшчэ з сотня людзей. А мо і болей...