— Вашы намёкі мяне не цікавяць, — уставіў сваё следчы. — Прашу, калі ласка, дакладна адказваць на пастаўленыя вам пытанні.
— Дамовіліся! — кіўнуў яму галавою.
— Вы былі там — чаго? — учэпіста глянулі.
— Хачу вас запэўніць, пане следчы, што маё знаходжанне на тым тратуары не мела якой-колечы сувязі з крадзяжом, аб якім вы так ветліва паведамілі мне, — ён дастройваўся да яго танацыі. — З увагі, аднак, на тое, што я даў вам слова адказваць на пытанні, на вашы пытанні, ведайце, што пайшоў туды на сустрэчу з адной дамай. І мы доўга размаўлялі... Дабаўлю, што была халадэча і я прамёрз, але не прастудзіўся.
Следчы не паспяваў запісваць.
— Яе імя і прозвішча? Адрас? — аловак чакаў.
— Чыё? — не зразумеў ён. Але толькі на імгненне.
— Асобы, што знаходзілася з вамі.
— О! Гэта мая салодкая тайніца... Дарэчы будзе падкрэсліць, што прыгожых дам не называюць па прозвішчу, нават, як мне здаецца, і ў следстве. Яны, быццам боская з'ява, знаходзяцца па-за спіскамі, устаноўленымі нам, звычайным смяротнікам і да таго мужчынам. Цудоўную жанчыну не пытаюць пра імя ды і ўвогуле пра нішто. Дазволена толькі прасіць і захапляцца...
Следчы бялеў.
Андрэй цягнуў сваё, усё роўна як п'яны.
— Так, пане следчы, у прыгожай жанчыны можна папрасіць дазволу пацалаваць яе руку або выказаць сваё ашаламленне пекнатою...
— Сціхі-і-іце! — заікліва вывіснуў следчы. ён усхапіўся на ногі і грымнуў кулаком па стале. — Сці-і-і-це!!! Вам што здаецца: на дурня напалі?! На ідыёта? Кпіць вам захацелася! Насмешак-пасмешак... — хацеў крычаць далей, але астыў. Яму ж нельга крычаць.
Пахадзіў па кутах.
Андрэя ўзяла злосць. З'явілася яна ад нейкага скрыжавання здзіўлення са страхам.
Са злосці і страху бярэцца нянавісць.
Следчаму нібы не выпадала зноў выпытваць пра знаёмую Андрэя, ды і ён сам выбавіў яго ад гэтага клопату.
— Я не скажу вам ні яе імя, ні прозвішча! Дамовіліся?
— Не скажаце? — следчы ажывіўся.
— Не-а.
— Пашкадуеце таго.
— Магчыма.
— Ваша справа.
— Так, гэта сапраўды мая.
— I без вас даведаемся, — следчы закурыў. Андрэй запрыкмеціў, што ўся размова адбылася надта хутка, машынальна — быццам пачатак шашачнай гульні. У ёй, папраўдзе, не было пытанняў і адказаў. Былі толькі сцверджанні.
Усхвалявана зазваніў тэлефон.
Следчы, незадаволена, падняў трубку:
— Ну, я. Слухаю, — паслухаў. — Буду. Ужо іду.
Згроб паперы са стала. Пакінуў Андрэя аднаго, у нялоўкасці. Абразіўся на яго, ці што? Зайшоў міліцыянер і сказаў Андрэю:
— Пачакайце, грамадзянін, во тут, у калідоры, — і вывеў яго за сабою.
У калідоры Андрэй сеў у старое крэсла, што стаяла пад сцяною. Падумаў: «Сказаў, аднак, каб мяне вывелі». Мацней атуліўся палітом. Аднекуль увалаклі п'янага і, трымаючы пад пахі, увапхнулі ў дзяжурную, дзе накрычалі на яго і штосьці запісалі. Неўзабаве вывелі яго зноў, а дзяжурны, ідучы за сваімі памагатымі, наказваў: «У выцверазільню яго, сабаку паганага!»
Стала ціха.
Андрэй адчуваў сябе, нібы вучань, якому не хочацца ў школу.
Урэшце падумаў: ім чагосьці трэба ад яго.
Патрэбна нешта няважнае, да таго няважнае, што аж дзіўна, чаму ён яшчэ задумваецца над гэтым! Адрас жанчыны, якая адвяла б ад яго, Андрэя, усе тыя падазрэнні, што прыбіліся, чорт адзін ведае адкуль. Прадыктаваныя следчаму яе імя, прозвішча, нумар дома, у якім жыве, назва вуліцы, ля якой стаіць гэты дом, закончыла б камэдыю арышту і следства. Пасля вочнай стаўкі супольна выйшлі б яны на вуліцу, заселі б у «Асторыі». Заказаў бы абед і да абеду... Потым... «Што было б потым: назаўтра, праз тыдзень, праз месяц і год?» — Андрэй няясна прадчуваў, што ў іх узаемных адносінах, аднак, адбыўся б нейкі паварот, нейкі зусім мала відавочны, хіба што ў выпадковым жарце або змаўчанні, такі падводны паваротак, бачны ў выглядзе малюпасенькай вірынкі, усяго толькі. Але адно другому ўжо не маглі б верыць да канца, у чымсьці самым галоўным, як шанаванне чалавека чалавекам.
«Што яны мне зробяць? Я ж нічога не ўкраў!» — Андрэй усведамляў сваё становішча. Яно пачало яму падабацца: будзе дадатковы вопыт жыцця. Тым болей, што дасца ён нібы бясплатна яму: арыштавалі яго з суботы на нядзелю, без падстаў, на законныя сорак восем гадзін, да ночы з панядзелка на аўторак (на рабоце — выкруціцца махлярствам аб хваробе, прастудзе...). Абыдзецца без сенсацыі.
«З камісарыята могуць пазваніць дырэктару!» — асмаліла Андрэя нечаканае меркаванне. Могуць! Што ім гэта значыць? Падыме такі трубку тэлефона, набярэ нумар... Лепш не думаць!
Гэта так.
Час ад часу добра чалавеку пажыць без думак, без пачуццяў. Без сэнсу, бо нават адчуванне радасці абавязвае да чагосьці, падсоўвае мэту. От, сядзець бы сабе ў складзе, калі нідзе нікога, адны нямыя прадметы навокал, уладжаныя, у радах... Або ляжаць у гумне, высока на саломе, на сене, на канюшыне. Або — над рэчкаю: штосьці плыве па ёй, жывое, не мёртвае. Жывое, ах, усё роўна! На другім беразе — ходзіць, не ходзіць, на высокіх нагах, чырвоных, не чырвоных, з дзюбаю, хіба з дзюбаю, мабыць, так... Няважна. Аж няважна тое, што няважна.