Выбрать главу

Анатоль СІДАРЭВІЧ

«САПРАЎДЫ, ЛЕНІН ДУМАЎ ПРА БЕЛАРУСЬ!», або СА СФЕРЫ ІДЭАЛОГІІ І ЭМОЦЫЙ У НАВУКОВУЮ СФЕРУ

Калі наступіла гарбачоўская перабудова і калі стала модна быць антыкамуністам, не адзін фацэт іранізаваў і кпіў з Генадзя Бураўкіна, аўтара паэмы “Ленін думае пра Беларусь”. І вось, на пачатку ХХІ стагоддзя доктар гістарычных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Рыгор Лазько, як бы палемізуючы з тымі, хто кпіў з паэта і з Леніна, піша: сапраўды, Ленін думаў пра Беларусь. І сказ завярашае клічнікам. І заклікае сваіх чытачоў са сферы ідэалогіі і эмоцый перайсці ў навуковую сферу і кіравацца фактамі.

АБВЕРГНУЦЬ МІФ

Нехта (не памятаю, хто) пісаў: Ленін таму і перамагаў сваіх апанентаў і праціўнікаў, што жыў палітыкай і ў палітыцы 24 гадзіны на суткі. Як пісаў паэт, “он сотней губерний в черепе ворочал». І натуральна, што не мог не зацікавіцца беларусамі і Беларуссю. Нехта з нашых даследчыкаў выявіў, што ў бібліятэцы бальшавіцкага лідэра мелася брашура Антона Луцкевіча “Белорусы” (1909). А гісторык Недасек (ён жа Антон Адамовіч) у адной сваёй публікацыі выклаў пачутае ад Вацлава Іваноўскага: увосень 1918 г. Луцкевіч ездзіў у Маскву і сустракаўся з Леніным.

Так нарадзіўся міф. І гэты міф падмацоўваўся публікацыяй у часопісе “Чырвоны Шлях”, што выходзіў у Петраградзе, гутаркі Луцкевіча з Халімонам з-пад Пушчы (Яўгенам Хлябцэвічам). Была тая гутарка змешчана ў канцы лістапада 1918 г. і пачыналася словамі “Приехавший из Вильно…».

Прачытанае ў Недасека і ў “Чырвоным Шляху” спарадзіла своеасаблівы “ланцуг”. Аб перамовах Луцкевіча з Леніным пісалі даволі масцітыя гісторыкі. Развеяць гэты міф узяўся Рыгор Лазько. У сваім артыкуле ““Перагаворы” Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі” ён паказаў, што тэкст гутаркі Луцкевіча з Хлябцэвічам перш друкаваўся ў кіеўскай газеце “Белорусское Эхо”, потым у “Чырвоным Шляху”, а на пачатку снежня 1918-га быў апублікаваны і ў газеце “Дзянніца”, якая выходзіла ў Маскве. Паказаў таксама, што супрацоўнік “Дзянніцы” (ці не рэдактар Зміцер Жылуновіч?) у першым сказе таго тэксту ўдакладніў: “Прибывший из г. Вильны в Киев…». Але доктару Лазько мала было паказаць, што гутарка Луцкевіча і Хлябцэвіча адбывалася не ў Маскве, а ў Кіеве, куды Луцкевіч быў накіраваны ў якасці кіраўніка дэлегацыі БНР. Спасылаючыся на крыніцы, ён напісаў, што ў лістападзе 1918-га сапраўды адбыліся беларуска-расійскія перамовы. Толькі вёў іх (разам з Рамуальдам Зямкевічам) Тамаш Грыб . І не з “прэм’ер-міністрам” РСФСР Леніным, а з “правай рукой” Леніна, “прэзідэнтам” Якавам Свярдловым.

Артыкул Р. Лазько апублікаваны ў “Беларускім гістарычным часопісе” ў 2007 годзе, але міф па-ранейшаму жыве, яго тыражуюць.

УНУТРАНЫЯ І ВОНКАВЫЯ ЧЫННІКІ

Калі пісаць пра ўклад Р. Лазько ў луцкевічазнаўства, то нельга не згадаць, што ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрцыі ён выявіў 16 лістоў лістоў прэм’ер-міністра БНР. 15 з іх – пад загалоўкам “Лісты Антона Луцкевіча з часу Парыжскай мірнай канферэнцыі” – гісторык апублікаваў (з грунтоўнай прадмовай) у часопісе “Arche”. Развіваючы тэму, ён апублікаваў таксама артыкул «Антон Луцкевіч у Парыжы летам 1919 г.».

Разважаючы, чаму на нашых абшарах не ўсталявалася БНР, Р. Лазько шукаў адказ на гэтае пытанне як унутры Беларусі, гэтак і вонкі яе. Першае і другое, што ён адзначыў, – брак сродкаў і кадраў. Беларускае грамадства, страціла сваю арыстакратыю з усімі яе магчымасцямі, у ім ва ўмовах нацыянальнага ўціску не склаўся моцны прадпрымальніцкі клас, зацікаўлены ў стварэнні сваёй дзяржавы і гатовы падтрымліваць яе нараджэнне ўласным капіталам. Я б дадаў сюды і рэлігійны чыннік, тую фатальную ролю, якую ў палітычнай гісторыі Беларусі адыгралі праваслаўная і рыма-каталіцкая канфесіі. Уласна беларускае хрысціянства пачало складвацца толькі на пачатку ХХ ст.

Усё-такі не так слабасць руху, не так невядомасць Беларусі былі вырашальнымі фактарамі драмы БНР, як тое, што адкол Беларусі і Украіны ад Расіі «ўспрымаўся заходнімі дзяржавамі як шкоднае для іх інтарэсаў аслабленне даваеннага саюзніка». Францыі, якая ўклала ў Расію каля 5 млрд франкаў, прост нявыгадна было падтрымліваць незалежніцкія памкненні Беларусі і Украіны. І, нааадварот, морская дзяржава Брытанія, падтрымаўшы краіны Балтыі, мела з гэтага выгаду.

САЮЗ, ЯКОГА НЕ МАГЛО БЫЦЬ

З Леніным і Свярдловым прэм’ер-міністр БНР не сустракаўся, а з кім сустракаўся, дык гэта, не лічачы літоўскіх дзеячаў, з Томашам Масарыкам, прэзідэнтам Чэхаславакіі, з Паўлом Скарападскім, гетманам Украіны , з Хрысціянам Ракоўскім, з 1919 г. старшынёю Савета Народных Камісараў Украінскай ССР, з Сяргеем Сазонавым, міністрам замежных спраў Расійскай імперыі і ва ўрадзе адмірала Аляксандра Калчака, з Ігнацым Падарэўскім, прэм’ер-міністрам Польшчы, з Юзафам Пілсудскім, начальнікам Польскай дзяржавы.