Гэты з’езд Саветаў адбыўся ў студзені 1918-га – адразу пасля разгону Усерасійскага Устаноўчага Сходу. Як і ў 1917 г., сваю антыбеларускасць на з’ездзе Саветаў прадэманстраваў Міхаіл Фрунзэ. Яго інфармацыю пра Усебеларускі З'езд Зміцер Жылуновіч «па гарачых слядах» назваў хлуслівай. Выступіў і Ландар, якога вельмі не задаволіла прамова Тамаша Грыба. А Ленін у сваёй прамове назваў дэмакратыю формай арганізацыі буржуазнага грамадства, якую падтрымліваюць здраднікі сапраўднага сацыялізму. Атрымлівалася, што Жылуновіч і Грыб, якія адстойвалі дэмакратыю, – здраднікі.
Улада бальшавікоў яшчэ не была дастаткова трывалая, таму Ленін сустракаўся з дэлегацыямі і нават наведваў дэлегатаў у інтэрнаце. Ад дэлегатаў Магілёўскай губерні ён пачуў пытанне: як яму ўяўляецца будучыня Беларусі і які лёс чакае беларускі народ? Далей цытую: Ленін «сказаў сваім суразмоўцам, што асабіста не ўяўляе Беларусь інакш, як толькі свабоднай савецкай сацыялістычнай рэспублікай: настане такі дзень, калі яна будзе створана, як ужо створана Украінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка». Сказаўшы гэта, Ленін дадаў, што «беларускі народ здольны будзе стварыць сваю свабодную дзяржаву толькі ў саюзе і пры непасрэднай дапамозе рускага народа».
Такім чынам, ідэя БССР існавала ў галаве Леніна як мінімум за 11 месяцаў да яе абвяшчэння. Са словаў Леніна таксама вынікала: без «падтрымкі» і «дапамогі» Расіі дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі асуджана на няўдачу, бо Расія не дасць яму адбыцца.
ПАВАРОТ У БАЛЬШАВІЦКАЙ ПАЛІТЫЦЫ. БЕЛНАЦКАМ
ІІІ Усерасійскі з'езд Саветаў азначаў пэўную стабілізацыю новага рэжыму ў Расіі. Дзякуючы часовым саюзнікам, левым эсэрам, бальшавікам удалося правесці яго не як з'езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а як з'езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Можна сказаць, што сялянскі рух у пэўнай меры перайшоў пад бальшавіцкі кантроль. Заставалася толькі паралізаваць абедзве эсэраўскія партыі. Цяпер можна было шчыльней узяцца і за нацыянальнае пытанне. ІІІ з'езд Саветаў ухваліў палажэнне аб федэрацыі савецкіх рэспублік РасііасііРасРас. А ў самой дактрыне па бальшавіцкай партыі па нацыянальным пытанні адбыўся кардынальны зрух: кіруючыся ленінскім вучэннем пра тое, што ў кожнай сучаснай нацыі ёсць дзве нацыі, бальшавікі вырашылі замест права народаў на самавызначэнне прызнаваць толькі права на самавызначэнне «працоўных масаў» (рабочых і сялян) асобных нацый.
Беларускі рух не дазваляў бальшавікам забыць пра яго. Але ў гэтым руху адбыўся істотны падзел. Калі беларускія дзеячы ў Менску (у падполлі) і ў Вільні выяўлялі сваё непрыманне бальшавізму, дык тыя, хто жыў у самой Расіі, пасля разгону Устаноўчага Сходу і расправы з жыхарамі Петраграда, якія выйшлі яго падтрымаць, зразумелі: бальшавікі, адстойваючы ўзурпаваную ўладу, не спыняцца перад брутальнымі метадамі. Вось у гэтай атмасферы, праз два тыдні пасля ІІІ Усерасійскага з'езду Саветаў, ленінскі ўрад прыняў дэкрэт аб стварэнні пра народным камісарыяце нацыянальнасцяў (наркамнац) Беларускага нацыянальнага камісарыяту (Белнацкам, БНК).
Як піша Р. Лазько, для адных дзеячаў праца ў БНК была пытаннем апартуністычнага выбару, бо не было іншага выйсця, а яшчэ для адных – выбару ідэалагічнага, прынцыповага. Аб'ядналіся ў БНК «і будучыя дзеячы БНР (як К. Дуж-Душэўскі), і шчырыя камуністы-рамантыкі, як І. Лагун), і прагматыкі (як З. Жылуновіч, А. Чарвякоў)». Былі ў ім і эсэры, і сацыял-дэмакраты, і камуністы, і беспартыйныя.
У артыкуле «Белнацкам і Наркамнац: першы прыкры вопыт узаемаадносін (студзень – чэрвень 1918 г.)» Р. Лазько паказвае, што за адносіны склаліся паміж ведамствам Сталіна і падведамным яму БНК. Адносіны ж склаліся такія, што 15 траўня БНК быў пастаўлены пад непасрэдны кантроль наркамнаца, а 25 траўня камісар Аляксандр Чарвякоў сышоў у адстаўку. Пасля яго было аж 4 камісары.
Р. Лазько піша, што БНК ствараўся дзеля правядзення ІІ Усебеларускага з'езду. Абставіны склаліся так, што з'езд скліканы не быў.
ЦІ БЫЦЬ КАМУНІСТЫЧНАЙ ПАРТЫІ БЕЛАРУСІ?
Нягледзячы на шчыльную апеку сталінскага наркамата нацыянальнасцяў, піша Р. Лазько, «перакоўка» беларускіх сацыялістаў (і марксістаў, і народнікаў) на бальшавіцкі лад ішла марудна. Дастаткова сказаць, што Жылуновіч далучыўся да Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) толькі ў кастрычніку 1918-га, але яго бальшавізм заўсёды выклікаў сумненні.
Як вядома, яшчэ ў снежні 1917-га паўстала арганізацыя «РСДРП(б). Сацыял-дэмакратыя Украіны». У красавіку 1918 г. стала называцца Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Украіны. Ці не пад уплывам гэтых падзей у траўні пачалося стварэнне беларускіх секцый РКП(б). 25 мая Чарвякоў ды іншыя выпрацавалі праект стварэння беларускай секцыі пры Цэнтральным Камітэце РКП(б). З гэтай секцыі, павінна была паўстаць Камуністычная партыя Беларусі. Новай партыі належала замяніць сабою Паўночна-Заходнюю арганізацыю РКП(б). Праект быў аддадзены на кансультацыю Ландара, які займаў ужо пасаду наркама кантролю ў Маскве. Натуральна, што Ландар гэты план запароў.