Выбрать главу

ЯШЧЭ АДЗІН ПАВАРОТ. ЛЕНІН ЗАБЫЎ ПРА БЕЛАРУСЬ?

Ствараць у Беларусі партыю бальшавікі яшчэ не былі гатовыя. Нішто не падганяла іх. Сітуацыя стала мяняцца з 9 лістапада 1918 г., калі ў Нямеччыне адбылася рэвалюцыя і немцы пачалі паволі пакідаць тэрыторыю раней захопленых земляў, у тым ліку Беларусі, Эстляндыі, Ліфляндыі, Курляндыі, Літвы, а таксама выходзіць з Украіны. І Р. Лазько паказвае, што ў сувязі з рэвалюцыяй у Нямеччыне пачынаецца новы этап бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі.

13 лістапада ў пастанове Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (УЦВК), якою быў дэнансаваны Берасцейскі трактат, запісана: “Працоўныя масы Расіі, Ліфляндыі, Эстляндыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Фінляндыі, Крыма і Каўказа, вызваленыя германскай рэвалюцыяй…, закліканы цяпер самі вырашаць свой лёс”. Праз чатыры абзацы у той самай пастанове гаворыцца пра будучы магутны саюз народаў Расіі, Польшчы, Фінляндыі, Украіны, Літвы, Прыбалтыкі (Латвіі ды Эстоніі), Крыма, Каўказа, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Як бачым, у пераліку краін, якім прызначался роля “першых звёнаў сусветнай савецкай федэрацыі” (тут я цытую Р. Лазько) Беларусь адсутнічае. Адсутнічае яна і ў вядомай тэлеграме Леніна ад 29 лістапада на імя галоўнакамандуючага ўзброеных сілаў РСФСР Якіма Вацэціса. Мова у ёй пра Украіну, Літву, Латвію, Эстляндыю.

Як мы ведаем (і гэта добра паказвае Р. Лазько), у канцы лістапада 1918 г. бальшавікі прыступілі да стварэння савецкіх урадаў Украіны, Эстоніі, Латвіі, Літвы.

Гэтаму папярэднічала стварэнне асобных нацыянальных аддзелаў у Чырвонай арміі. Яны ствараліся дзеля таго, каб пазбавіць, як пісаў Ленін, “шавіністаў” названых краін “разглядаць рух нашых войскаў як акупацыю”.

Чаму ж тады Беларусі не было ні ў пераліку краін у дэкрэце ад 13 лістапада 1918 г., ні ў тэлеграме на імя Вацэціса? Чаму Ленін забыў пра Беларусь?

ІСАК РЭЙНГАЛЬД – “БАЦЬКА” ЛІТБЕЛА

10 снежня 1918 бальшавікі прыйшлі ў Менск. 13-га старшыня Менскага рэвалюцыйнага камітэта Ісак Рэйнгальд даносіў у Смаленск: тут рай на зямлі, ёсць і хлеб, і бульба. У выніку кантактаў з камуністамі, якія дзейнічалі на паднямецкай тэрыторыі Беларусі і ўжо звыкліся са словамі «Беларуская Рэспубліка», у яго нарадзілася ідэя… Літоўска-Беларускай Рэспублікі. Ідэю падтрымаў сябар Цэнтральнага Камітэта РКП(б) Мікалай Бухарын, які аб той пары знаходзіўся ў Менску. І 20 снежня Рэйнгальд адпраўляе адпаведную тэлеграму Свярдлову. Праектаваны ім Літбел Р. Лазько разглядае як антытэзу БНР.

Супраць ідэі Рэйнгальда выступілі дзеячы Аблвыкамзаха. Яны хацелі пакінуць Заходнюю камуну і пашырыць яе на захад і поўнач, з уключэннем у яе склад этнічнай Літвы. Само сабой зразумела, гэта не магло не спарадзіць канфлікт з літоўскімі камуністамі.

ШТО СТРЫМЛІВАЛА МАСКВУ

Рэйнгальд адбіў тэлеграму Свярдлову 20 снежня, а 21–23 снежня ў Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б). Было абрана Цэнтральнае Бюро. На чале яго стаў былы старшыня Цэнтральнага Камітэта Беларускай Сацыялістычнай Грамады Жылуновіч. У склад ЦБ увайшлі былыя сябры БСГ Язэп Няцецкі і Чарвякоў. Кандыдатам у сябры ЦБ абралі былога старшыню ЦК БСГ Язэпа Дылу.

Канферэнцыя скончылася 23 снежня – у той самы дзень, калі УЦВК прызнаў савецкія рэспублікі Балтыі і Украіны, а ўжо 24 снежня, як пішуць некаторыя, ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб утварэнні БССР і КП(б)Б.

Пратакола пасяджэння бальшавіцкага ЦК няма. Акадэмік Іларыён Ігнаценка лічыў, што адмысловае рашэнне аб утварэнні БССР (а дакладней ССРБ – Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі) не прымалася, што ССРБ стваралася на падставе агульнага рашэння аб аддзяленні Савецкай Расіі ад капіталістычнага свету ланцугом савецкіх рэспублік. І Р. Лазько пагаджаецца з гэтай думкай. Гэтая выснова пацвярджаецца апублікаванымі матэрыяламі ЦБ КП(б)Б за студзень–люты 1919 г. ССРБ разглядалася як рэспубліка-буфер, піша Р. Лазько.

25 снежня а 13-й Сталін ужо гутарыў з беларускімі дзеячамі ў Маскве, а 15-й – са старшынёю Аблвыкамзаха Аляксандрам Мясніковым. Да публікацыі Маніфесту Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі заставалася 7 дзён.