Выбрать главу

Я стаяў сярод гэтага бэтоннага тунэлю, і яны таксама запаволілі хаду, пакуль не спыніліся ў некалькіх мэтрах адмяне, адзін сьпераду, другі за сьпінай. Мне і ў галаву не прыходзіла, што варта было мне пайсьці далей, як і яны рушылі б па сваіх справах. Урэшце ім надакучыла, і яны прайшлі міма мяне, нябачныя, раздражнёныя, стомленыя, і тунэль апусьцеў. Хто ведае, можа, назаўтра мы ехалі на працу ў адным вагоне мэтро.

***

Ёй было цяжка гэта патлумачыць, але ж тым ня меней: тут пахла зьліплымі чужымі галасамі, такім сабе комам з чужых галасоў. А яшчэ тут было задушліва і разам з тым так сыра, што Вераніка баялася дакранацца да сьценаў: нават калі бацька спатыкнуўся ды штурхануў яе ненаўмысьля ў сьпіну, Вераніка аддала перавагу мокрай руцэ міліцыянта, што йшоў побач – толькі б не кранацца сьценаў... Яна раптам адчула тут, у гэтым казённым памяшканьні, як мала каштуе яе ўлада, яе праца, яе пасада; Вераніка азірнулася навокал, абвяла вачыма вартавых: ім было відавочна напляваць, хто яна такая й чым займаецца, тут былі свае адзінкі вымярэньня чалавечае моцы, тут гудзелі, нібы ў нябачных трубах, свае законы, і яна, Вераніка, была тут чужая – такая ж чужая, як вось гэтая, да прыкладу, сямейная пара, якая з палёгкай на спалоханых тварах выходзіла адсюль на волю. “Госпадзе божа мой, госпадзе божа мой”, – паклікала кагосьці старая ў чорным, якая сядзела на аблупленай лаўцы перад кабінэтам, і высмаркалася ў рукаў – але ніхто не йшоў. Маці нэрвова пагладзіла пальцамі зеленаватыя краты. Нарэшце, пасьля амаль паўгадзіннага чаканьня, іх пусьцілі.

Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці – яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыязджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. І сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое ж яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам – ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. І вось цяпер зноў. З тымі самымі інтанацыямі. І што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Вартавы пазяхаў. І тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар – бадай, упершыню ў сваім жыцьці ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.

Груба паголеная, нібы здратаваная простым алоўкам галава, прыплюснутае цемя. Нізкі лоб, які брат несупынна моршчыў, быццам яго не пакідаў боль. Вялікія блакітныя вочы, і малінавыя расколіны ў іх, шмат расколінаў, якія, здавалася, самі сабой пераходзяць у глыбокія конаўкі паабапал носу. Зьбіты набок нос. Сківіца, што каменем цягнула братаў твар уніз. Шэрая скура, вялізная шыя, шырынёй амаль у галаву. Навіслыя над ёй шчокі. Так дзіўна ўсьведамляць, што ў гэтым абліччы праніклівы назіральнік можа знайсьці й Вераніку. Цікава, як яна выглядала б па той бок стала, у гэтай чорнай вопратцы. Ягоныя вушы варушыліся – брат нібы ўвесь час нешта жаваў. Ён быў агідны ёй, і – Вераніка штомоцы стрымлівалася і ўрэшце ўсё ж усьміхнулася, надта адкрыта, надта ўжо пераможна: гэта, на шчасьце, заўважыў толькі зьдзіўлены вартавы – і яна падумала амаль з радасьцю: усё правільна, ён там, дзе яму й належыць быць, і няхай застаецца тут як надаўжэй. Ён заслужыў гэта. Наўрад ці чалавек можа зьдзейсьніць такое. Брат быццам пачуў яе, і, калі маці набірала паветра ў грудзі, рыхтуючыся працягваць свае роспыты, ён, амаль не адкрываючы роту, пражаваў:

– Да ладна табе, маць. Што ты са мной як з чалавекам. Не чалавек я. Зьвер.

– Ды што ж ты, сынок, – загаласіла маці й працягнула праз стол руку, каб пагладзіць яго па шызай галаве, брат забурчаў ціха ды адсунуўся: Вераніцы падалося нават, што ён мацерна вылаяўся. Бацька толькі кашляў устрывожана, словы відавочна ня лезьлі зь яго, ён давіўся словамі, бо й былі яны непатрэбнымі, не ягонымі. Вераніка зь нянавісьцю зірнула на бацьку, потым на маці, і нарэшце на брата. “Веранічку б пашкадаваў”, – узвыла маці, і брат зь нейкім зьдзіўленьнем, нібы толькі што заўважыў яе прысутнасьць, падняў галаву.

– О, Веранічка.

Яна з асалодай зазірнула яму ў рот. Але зубоў там ужо не было.

Потым яны выйшлі моўчкі на вузкую вуліцу гэтага прыгараднага пасёлку. На лавачках знэрвавана заварушыліся. “А чаму б нам не паабедаць усім разам,” – дурнавата ўсьміхаючыся, сказаў бацька. “Даўно ж мы так... Разам.” Маці ўсхліпнула, але пакорліва пайшла за імі. У поўнай цішыні яны сталі чакаць афіцыянта. Людзей амаль не было, у вакно біўся п’яны клён. І Вераніка з задавальненьнем падумала пра тое, што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб.