Выбрать главу

– Дзірку пратрэце, – кашлянуў Чэслаў Карлавіч і ўсьміхнуўся, зашамацеўшы паперамі. Ларыса прыглушана рохкнула. Вераніка заміргала, часта-часта, абвяла позіркам апушчаныя галовы прысутных і потым паволі агледзела Ягоны твар. Ён, відавочна, усё разумеў, але выгляду не падаваў, ягоны твар заставаўся нерухомы, толькі вусны ветліва скрывіліся, паклон перад калектывам, пакорлівы кніксэн; аблічча нібыта пакрылася празрыстай плеўкай, што паступова зацьвердзявала, плеўка на вачох, плеўка на скулах. Харошы хлопчык. І калі Ён адказваў на нейкае пытаньне Чэслава (Вераніка намагалася зразумець, на якое, але марна, Ягоны й толькі Ягоны рот вабіў яе, засмоктваў, барвовая адтуліна роту, белыя семкі ў яркай мякаці, нож), яна зноў зазірнула яму між вуснаў і пабачыла іх – зубы.

Зубы: што Ён мог для яе імі зрабіць, што Ён зробіць для яе імі, калі надыйдзе час?

Яна ўявіла, як Ён разгрызае мяса, прыгатаванае ёю для яго мяса. Зялёна-аранжавая кухня, паласатыя фіранкі, цікае гадзіньнік на сьцяне. Поўная лядоўня мяса. Ён зарабіў. Ён прынёс. Прывёз у багажніку вялікай чырвонай машыны. Потым ён возьме палачку, з тых, што стаяць у празрыстай шафе, побач з каваю ды спэцыямі, і пачне калупацца ў зубах. Яе птахі зьлятуцца да яго на плячо, і Ён будзе засоўваць ім у нецярплівыя дзюбы кавалачкі мяса, таго мяса, якое засела ў яго ў зубах. У яго добрыя, белыя, моцныя зубы. Не, яны колеру слановай косткі.

У яго трыццаць дзьве маленькія клявішы ў роце.

На лецішчы яна бачыла, як Ён есьць сырое мяса. Азіраючыся, проста пальцамі дастаючы іх з маянэзу, у якім кішэла нарэзаная цыбуля.

Яго зубы ўпіваюцца ёй у смочку, Яго зубы кусаюць яе за плячо, балюча, бязьлітасна. Яна таксама мяса. Ягонае мяса. Ноч на апошнім уздыху. Дзеці за сьцяной беспакойна варочаюцца.

Ён зубамі адкаркоўвае слоік марынаваных грыбоў. І пралівае сабе марынад на калені, на белыя нагавіцы. Яна бярэ накрыўку й чытае на яе ўскрайку пакінутыя Ім знакі.

Ён кусае за горла паваленага Ім самца, з тых, што вечна круцяцца каля іхнай пячоры. Астатнія з глухім бурчэньнем адбягаюць на бясьпечную адлегласьць, хаваюцца ў арэшніку. Ім таксама хацелася кусаць яе за загрывак. Яе, Вераніку.

Арэх лопаецца, і Ён дастае адтуль ядро, падае ёй, кладзе Ёй у рот. І ёй так хочацца ўкусіць Яго за пальцы. Парослыя рудаватай поўсьцю. Але яе зубы драбнейшыя, такое адчуваньне, што іх больш. Роўны шэраг шараватых зубоў пад салодкай верняй губой, які, закругляючыся, коса сыходзіць пад зводы яе пашчы.

Ягоная зубная шчотка, якую Ёй хочацца мець проста цяпер. Яна была ўнутры Яго, на ёй засталіся сьвінцовыя часьцінкі Ягонай сьліны. У шчоткі прыдатная форма, у шчоткі такія жывыя жорсткія валаскі.

Ягоныя зубы ляскаюць. Ягоныя разцы скрыгочуць, ягоныя іклы ніколі не затупяцца. Бо яна, Вераніка, схілілася над гэтым хударлявым целам, амаль хлапечым. Яна ведае, як надаць ім рух, як ажывіць гэтыя косткі.

Ён есьць цела Веранікі. І яе сок цячэ па Ягонай шыі.

***

Загорнутая ў тоўстую вясковую коўдру, яна навобмацак прабралася да кухні. Бабка, натуральна, даўно ня спала, зьвінела недзе паблізу калодзежным вядром, у хаце было цёмна, а на двары ўжо на ўсю моц гаспадарыла сонца. Вераніка, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў невынішчальная зямля, але яшчэ не прачнуўшыся, пракульгала, бы п’яная, да дзьвярэй. На парозе стаялі ўсё тыя Антон са сваім малым Алежкам ды дурань-Генік – усе чымсьці здалёк падобныя да жаўнераў.

– Надакучылі вы мне, – сказала Вераніка, трымаючы на грудзёх коўдру, якая так ціснула на плечы, што, здавалася, зараз расьцісьне. – Чаго вам трэба ў такую рань?

Яна пазяхнула так шырока, што забалелі сківіцы, і нарэшце адплюшчыла вочы.

– На рыбалку, – неахвотна прамовіў Антон. – Хаця якая там рыбалка... Раней трэба было. Малы прычапіўся, пойдзем ды пойдзем, а матка нас пагнала. А ўсё гэты...

Антон замахнуўся на Алежку плястмасавай бутэлькай ды той зарумзаў.

– Вады забыліся ўзяць. А давай з намі, Веранічка?

– А ідзіце вы, – адмахнулася Вераніка. – Зараз вады прынясу й дасынаць...

У прыцемках загрувашчанай мэбляю кухні яна неяк дабралася да вядра, карыстаючыся бутэлькай нібы балянсірам. “І малому кубак налі, піць хоча, гаўнюк”, – крыкнуў аднекуль з-за сьпіны Антон. У каламуці акна Вераніка пабачыла Геніка, які мэлянхалічна аддзіраў ад сьцяны іхнае хаты маленькія трэскі. Апусьціла бутэльку ў вядро, халодная вада (бабка пасьпела ўжо набраць) балюча зводзіла рукі ды адганяла сон у кут. Назіраць, як на паверхні вядра булькочуць бурбалкі, было прыемна. Вераніка безвач зачарпнула вады бляшаным кубкам ды пакрочыла да дзьвярэй. Спаць ужо не хацелася.