Выбрать главу

– Можа, і праўда з вамі пайсьці... – прамовіла яна няўпэўнена ды зноў пазяхнула, выціраючы рукі аб коўдру. – На, пі...

Генік сядзеў перад хатай на кукішках ды глядзеў на яе майткі. Антон схаваў бутэльку ў школьны брудны заплечнік. Сонца рэзала вочы, з хаты ж цягнула холадам. І толькі Вераніка падрыхтавалася сказаць Геніку што-небудзь крыўднае, малы Алежка раптам залямантаваў не сваім голасам.

– Што, што? – Вераніка адступіла да дзьвярэй. “Гэй ты, прыдурашны,” – спалохана дакрануўся да пляча Алежкі Антон і тут жа прыбраў руку. А паўз двор ужо бегла бабка, і пачуўся з-за сьцяны пачварны, ранішні кашаль дзеда, і з вуліцы на іх зацікаўлена глядзелі бабы на роварах, і нехта ў насунутай на лоб кепцы вылаяўся, праязджаючы міма на драбінах, і заіржаў зьдзіўлена конь, беручы другую хуткасьць.

Малы крычаў старанна, без супынку, бяз паўзаў, нават не пераводзячы духу, рот ягоны – круглая грамафонная труба – вывяргаў адну й тую ж полую, надзьмутую да трымценьня агромністую ноту, якая бы цэпэлін уздымалася над невялікай вёскай. Ён крычаў як сырэна грамадзянскай дапамогі, яго было чуваць скрозь, як некалі заводзкі гудок, ён быў як паветраная трывога, як шумавая атака, як бомба. Вераніцы вельмі захацелася яго выцяць чым-небудзь, і яна ўдарыла Алежку лёганька па шчацэ; яна й падумаць не магла, што пасьля гэтага дотыку малы паваліцца на зямлю перад парогам і пачне енчыць з новай сілай. Бабка пабегла па халодную ваду, у хаце зарыпелі дзьверы, там мацюгаўся дзед, а Генік даў малому нагой па азадку. Антон адштурхнуў яго ды схапіў Алежку на рукі.

– У яго прыпадак, я ведаю, – кінула злосна Вераніка. Але малы, не выпускаючы з рук кубка, пачаў сьціхаць.

– Ды ты абасцаўся, – скінуў з рук малога Антон. – Ну я табе...

Малы тым часам адбег да брамы й схаваўся за кустом парэчак. І тут Вераніка зарагатала. Яна падняла кубак ды тыцнула па чарзе Антону ды Геніку ў твары.

– Там зубы, – сказала яна скрозь сьмех. – Бабчыны зубы.

Трэслася бабка, паставіўшы вядро на лаўку. Весела мармытаў нешта неразборліва-непрыстойнае дзед. Рагатаў Антон, калупаючыся ў носе. Валяўся ў гістэрыцы Генік. Тросься ад сьмеху сусед за плотам. Хітала галавой, нібы спрабуючы адагнаць навязьлівую муху сьмеху, Вераніка. Заліваліся званкамі ровары. Бязгучна адкрывалі рты рыбы. Хіхікала сонца. Інтэлігентна сьмяяліся сьвіньні. Малы Алежка йшоў па шырокай вясковай вуліцы дамоў, пад сабачы брэх і лясканьне страшных сківіцаў, да якіх толькі што дакрануўся вуснамі, і размазваў па шчаках сьлёзы. Але ніхто яго ўжо ня бачыў. “Пайду ды ўсё распавяду, чым яны там за вёскай займаюцца”, – вырашыў ён і зноў зарумзаў. Але да іх якраз прыехаў дзядзька са сталіцы, і бляск даражэзнага кітайскага робата-забойцы канчаткова засланіў далёкае, цьмянае мігценьне помсты.

***

– Значыць, ты з Расеі? – гаворыць мне гэты ягоны сябра, імені якога я ніяк не магу запомніць, пакуль сам Франк адыходзіць на кухню, пагаварыць зь піцай у духоўцы. – Я быў у вас, у Маскве. Праўда, вельмі даўно. Мне падабаюцца расейцы. Ну што ж, чакаем празь месяц на нашым поўдні.

Ён зь летуценным выглядам робіць глыток віна. Віно халоднае, жаўтаватае, Франк п’е такое ж, мне вельмі хочацца такое ж, які ж я дурань, што ўзяў чырвонае.

– Не, я не з Расеі, – кажу я мягка. – Я з...

Ён недаверліва глядзіць на мяне:

– Хіба гэта не адна й тая ж краіна? Пачакайце...

Ён здымае з паліцы маленькі, але разьдзьмуты геаграфічны атлас і без праблемаў, нібы крэдытную картку ў кішэні, знаходзіць там сваю Эўропу, але потым губляецца. Не, кожнага з нашых геаграфічных суседзяў ён пазнае, але ж тое, што прытаілася паміж імі, ва ўпор не заўважае. Я моўчкі сачу за гэтай гульнёй у хованкі.

Па шчырасьці, гэтая гульня за апошні час мне вельмі надакучыла. А можа, і не існуе насамрэч краіны, існаваньне якой мне даводзіцца так далікатна адстойваць, часам супраць уласнага жаданьня, не існуе ніякай “ich-Weiss-nicht“-russland, і я дарэмна губляю час? Мне карціць распавесьці пра яе раз і назаўсёды, завіснуць над сьветам і пракрычаць усё неабходную інфармацыю, хто не пачуе – іхныя праблемы, другі раз я паўтараць ня буду.

***

А што ж такое тады Расея? Ня ведаю я ніякай Расеі. Хаця пачакайце, адну я ўсё ж калісьці ведаў.

Расея – дзяўчына з пустымі халоднымі вачыма, апранутая занадта вульгарна для гэтых шыротаў. Вечна маладая, вечна п’яная. Яна заўсёды была і ёсьць для нас чужой. Вось яна йдзе па Штыксштрасэ, а можа быць, па Ліндэналее, і гучна гаворыць пра тое, што ёй удалося набыць учора на распродажы. Пра тое, што яна скрала пазаўчора, Расея гаварыць ня любіць. Дзявочая памяць.

Румяныя шчокі, салома на галаве. Расеі хочацца, каб яе пазнавалі паўсюль. Расеі хочацца, каб паўсюль была Расея, і яна паводзіць сябе так, нібы Расея паўсюль. Кожны лапік зямлі, дзе б ні ступіла яе доўгая танная нага, яна абвяшчае сваёй уласнасьцю. Расея пэўная, што яна прыйшла ў гэты сьвет ня проста так, а з важнай місіяй. Таму кожны мусіць схіліцца перад ёй у паклоне, кінуцца ёй у ногі, цалаваць яе чырвоныя туфлікі на высокім абцасе.