Калі мне станавілася невыносна глядзець на яго, калі ад аднае ягонае прысутнасьці ўва мне закіпала бездапаможная млосьць, я йшоў, хістаючыся, у вагон для курцоў і там прагна дыхаў адзінотай. Нарэшце цягнік паволі ўпоўз на галоўны сталічны вакзал. Мае спадарожнікі мусілі тут перасесьці ды рушыць на ўсход, туды, дзе я нарадзіўся, дзе для мяне былі падрыхтаваныя нары, трохпавярховыя, на выпадак, калі ажанюся, туды, дзе была Вераніка й дзе на вуліцах лавілі сабакаў, дзе я мог бы выглядаць як свой... – мне ж трэба было пачакаць і потым выправіцца на поўдзень. Адчуваньне таго, што яны едуць, а я застаюся, было, відаць, напісана ў мяне на твары, бо мае спадарожнікі глядзелі на мяне ўсё больш непрыязна. “Ну, сустрэнемся на вольнай радзіме”, – скарагаворкай прамовіў нарэшце Р. Мы абняліся, нібы адштурхоўвалі адзін аднаго. Мсьціўца падаў мне руку – потную, моцную. Ён сьціснуў мае пальцы так, што мне стала балюча. “Прывітаньне ўсім эміггантам”, – пасьміхнуўся ён, зноў наўмысна картавячы, і палез у вагон. Правадніца захінала людзей, як куранятаў, захінала ад варожай, абыякавай краіны, якую яны ўсе – уфф! – пакідалі. Я махнуў ім рукой і пайшоў наверх, мне нясьцерпна захацелася ў душ.
Тая вакзальная кавярня, дзе я сядзеў ды піў сваё піва, хутка напоўнілася дымам так, што на мяне пачалі азірацца. Я думаў пра той цягнік, які зараз панясе мяне на поўдзень, як марыць пра пігулку чалавек, які пакутуе на зубны боль. З роспаччу ды надзеяй, адмаўляючы часу ў праве на існаваньне. Я баяўся выйсьці з будынку вакзалу – мне чамусьці здавалася, што там, па-за межамі гэтага вялізнага празрыстага купала, нешта абавязкова здарыцца, і мяне ўжо ня пусьцяць назад. Але ж і тут заставацца было небясьпечна. Паўсюль навокал я чуў родную гаворку, кожная цётка, кожная сямейная пара несла ў сабе пагрозу: цягнікі на ўсход усё спыняліся й спыняліся побач, і ім, гэтым гасьцям і турыстам, было раз плюнуць скруціць мяне, напаіць, ачмурыць і закінуць у вагон; о, як страшна было ўяўляць сябе ў гэтых цесных чырвоных вагонах са злавеснай кірыліцай на бакох, адтуль, я быў упэўнены, ужо ня вырвацца; так, ачмурыць мяне, напаіць, і потым прачнуўся бы на мяжы, туман, з тамбуру цягне тытунёвым дымам, а колы ўжо замененыя, назаўсёды. Там мяняюць колы так, быццам адсякаюць ногі. Маленькая начная ампутацыя, пасьля якой наўрад ці захочацца кудысьці ехаць.
Толькі ў вагоне свайго ўлюбёнага Інтэрсіці я адчуў сябе зноў у бясьпецы. Я зноў быў тут адзін, і зноў ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Гэтае шчасьце пустога месца, шчасьце празрыстасьці: пустое месца не патрэбнае ні фізычным, ні юрыдычным асобам, ні грамадзкім, ні палітычным арганізацыям. За ўсе свае вакзальныя пакуты (дзіўна, раней я любіў гэты сталічны вакзал) мая чужына зрабіла мне цудоўны падарунак – цёплы сонечны вечар, аранжавы далягляд. Цягнік спрытна прабіраўся між гор, скінуўшы хуткасьць, на небе нехта лавіў сеткай скалы, парослыя густым падлескам: я хацеў бы жыць вунь там, у маленькім, падобным да цацачнага замку будынку на горным уступе, мусіць, трэба мець добры кій, каб ускараскацца туды, затое потым паветра, і лёгкая вячэра, і дым майго “галюазу” па-над безданьню. Там, на ўсходзе, пляската й шэра, там няма жыцьця мне, Пэтэру Каменнае Сэрца. Там між беднаватай фаўны ды суворай флёры выдзяляе ў атмасфэру ўглякіслы газ мая Вераніка. Тая самая, пра якую чытае цяпер мая суседка, хударлявая Лярэлея ў круглых акулярах, строга падціснуўшы вусны. Я міжволі зазірнуў ёй у кнігу: так і ёсьць, там мільгае яе ймя, так, відаць, яна магла запісацца ў пашпарце, маё былое дзяўчо, якое знайшло сабе нарэшце добрую працу. Veronica. Але ж яна, хутчэй за ўсё, напісала там “k”.
Мой добры знаёмы, знакаміты махляр, сэньёр Каэльё. Obrigado яму. “Вы хацелі б што-небудзь пачытаць?” – зьдзіўлена зірнула на мяне мая суседка й ветліва пасьміхнулася. Я зьбянтэжана адвярнуўся, прамармытаўшы нешта прабачальнае. Гэта быў яе вечар, а мне проста далі трошкі, паводле законаў гасьціннасьці. Папраўдзе, зь мяне хапіла б і гораў. Аднак жа “Вераніка жадае памерці”. Яна любіла гэныя кніжкі. Сэньёр Паўлу, каранаваны ашуканец. Я памятаю, як мы спрачаліся зь Веранікай па тэлефоне. Яна верыла, а я ведаў: наўрад ці мы маглі дасягнуць кампрамісу. Яе бацькі круцілі пальцамі ля скроняў, яе брата не было дома, а я ляжаў дома п’яны, і словы сыпаліся зь мяне, бы зь дзіравай кішэні.