Выбрать главу

На працягу году дыскатэкі ў школе былі пад забаронаю. Забарону ўвёў дырэктар, надзелены ў той час амаль дыктатарскімі паўнамоцтвамі, і раённы аддзел адукацыі, падтрыманы міліцыяй, забарону ўхваліў. Год таму ў фае школы, на такіх вось танцах, п’яныя адмарозкі, што прыехалі ў Сьвет з гораду, парэзалі шклом старшаклясьніцу. Вераніка ведала ахвяру, тая ў Сьвеце ўжо не жыла, адразу ж пераехала з бацькамі кудысьці на ўскраіну сталіцы, далей ад сьветаўскага пекла. Казалі, адмарозкаў гэтых прывёз Драгуноў, але даказаць гэтага не змаглі, – праўда, для прафіляктыкі Драгунова ледзь не штодня цягалі тады ў дзіцячы пакой міліцыі, а аднойчы нават звазілі ў райаддзел. Драгунову ўсё гэта падабалася, ён адчуваў сябе героем і на фраераў-аднаклясьнікаў пазіраў з пагардай. Вераніка ніякім чынам ва ўсім гэтым, натуральна, ня ўдзельнічала, ведала па чутках, якія на перапынках разносілі па школе юныя антыфашысткі.

Але вось год мінуў, і пасьля доўгіх перамоваў дырэктар даў дабро. Калі б хто-небудзь спытаў у Веранікі, чаму яна так радавалася, наўрад ці б Вераніка магла адказаць. Аднак пачуцьцё калектыўнай радасьці, гуртавое чаканьне сьвята захлынула яе так, што ўжо за тыдзень да запаветнага дня Вераніка літаральна лічыла гадзіны. І вось такая неспадзяванка. Да дыскатэкі ўсё было гатова, выбраная вопратка, касмэтыка, настрой і нават маска, у якой Вераніка мусіла зьявіцца ўвечары ў школьным фае. Рэч была яшчэ ў тым, што менавіта ў тыя дні Вераніка ў тысячны раз вырашыла ўзяцца за сябе, вырашыла стаць іншым чалавекам. Абудзіць у сабе лідэрскія здольнасьці й прымусіць усіх сябе паважаць. Зьвярнуць на сябе ўсеагульную ўвагу. Перастаць быць вечным другім нумарам. Стаць у клясе незамяняльнай. Кніжка, якую маці неяк прынесла з працы ды так і пакінула ляжаць на лядоўні, адкрыла Вераніцы вочы на многія таямніцы чалавечых узаемаадносінаў, на тыя прыхаваныя, жорсткія законы, што дзейнічаюць у калектыве. І калі маці павінна была аддаваць так і не прачытаную кніжку, яна доўга не магла яе знайсьці, раздражнёна блукала па кватэры й тэрарызавала сьлімакападобнага бацьку, – і знайшла менавіта ў той дзень, калі Вераніка скончыла апошні разьдзел.

Дыскатэка мела пачацца а сёмай вечара. Зранку, седзячы на бясконцых, нудных, нейкіх па-садысцку паўтаральных уроках, Вераніка не магла знайсьці сабе месца й раз-пораз дакраналася да распухлай губы. На вялікім перапынку ня вытрымала, пайшла ў аўтамат тэлефанаваць сястры. Ды той не было дома. Сястра абавязкова б нешта прыдумала. Сястра ведала такія сродкі, пра якія пісалі хіба што ў замежных часопісах, сястра змагла б замаскаваць пад цудадзейнымі крэмамі нават сіняк на паўтвара. Сястра яе была геніем. Але сястры не было, і Вераніка ледзь ня плакала. У такім стане яе й засьпела каля крамы прамтавараў Русая, на год старэйшая за Вераніку дзяўчына з далёкае “д”-клясы. Русую Вераніка ведала толькі па прозьвішчы й толькі ў твар, іхныя жыцьці дагэтуль не перасякаліся. Пра Русую Вераніка ня ведала нічога кепскага, добрага, зрэшты, таксама, Русая жыла на ўскраіне Сьвету й была высокая, вечна задуменная і даволі прыгожая. Хаця... Вераніка ўспомніла, як пра Русую неяк распавядалі, што яна трапіла аднойчы на прыпынку да нейкіх фашыстаў і змагла ня толькі адбіцца, але й накіраваць аднаго з адмарозкаў з сатрасеньнем мазгоў ў лякарню. Кагосьці з драгуноўскіх старэйшых прыяцеляў. Такая яна была, карацей, – загадкавая.

Спачатку Русая нібыта прайшла міма, але потым прытармазіла.

– Ты чаго скуголіш?

Вераніка зусім не зьбіралася адкрываць Русай свае няшчасьці, але нечакана ледзь не разраўлася ў яе на плячы.

– Вырашым, – пашкадавала яе Русая. – Я сродак ведаю. Агеньчыкам. Сама была ў такой сытуёвіне. Твае продкі дамоў вечарам прыходзяць?

Нізкі, бадзёры голас Русай падзейнічаў на Вераніку як моцнае супакаяльнае. Яна сказала, дзе жыве, і як толькі вярнулася са школы, у дзьверы пазванілі.

– Пакурым спачатку, – Русая кінула сумку на бацькоўскую канапу ды хутка прайшла на кухню. – Дзе ў цябе балькон?

На бальконе Вераніка атрымала цыгарэту. “Ты ня курыш?” – Русая была сапраўды ў шоку. “Глядзі”. Неўзабаве Вераніка ўжо пускала няўмела дым, дыму было так шмат, што Вераніцы здавалася, ён стаіць слупом у кватэры, хаця дзьверы яна зачыніла на засаўку. Русая маўчала, засяроджана скідваючы попел.

– Глядзі, – яна нарэшце падняла вочы на Вераніку. – Бярэм і кончыкам цыгарэты... асьцярожна...

Вераніка адхіснулася.

– Ды ня сцы ты, – Русая засьмяялася. – Я ж не ў губу табе буду... не губу буду прыпальваць, я акурат сюды...