Выбрать главу

Вераніка заматляла галавой.

– Потым пратрэш, і да вечара ўжо нічога ня будзе, – пачала пераконваць яе Русая. – Пабачыш.

– Не магу я, – зьбянтэжана сказала Вераніка. – Ну не магу. А раптам ты прамахнешся? На ўсё жыцьцё шнар застанецца.

– На ўсё жыцьцё... – Русая нецярпліва памахала цыгарэтай. – На ўсё жыцьцё застанецца, калі ты тузацца будзеш. А пастаіш хвіліну спакойна, усё будзе ок.

Вераніка ў роспачы зірнула ўніз.

– Ды што я цябе ўгаворваю, – Русая паціснула плячыма. – Хадзі як ёсьць. Я ж як лепш хацела.

Вераніка глыбока ўдыхнула і ўжо зьбіралася заплюшчыць вочы, паднесьці твар да Русай, замерці і аддацца на волю лёсу, як бакавым зрокам пабачыла, як у калідоры стаіць сьпінай да балькона нехта зусім ёй не знаёмы ды дзелавіта корпаецца ў тумбачцы. Яна рванула дзьверы на сябе і, ледзь праціскаваючыся ў пройму, закрычала няўпэўнена: “Гэй!”. Раптоўны страх не даваў ёй падыйсьці бліжэй, Вераніка была гатовая ў любы момант выбегчы на балькон ды зноў зачыніцца на засаўку, а там ужо трэба было... трэба было... ну, крычаць, крычаць не сваім голасам, клікаць на дапамогу.

– Гэй, вы, – ціха ўскрыкнула яна яшчэ раз і наляцела сьпінай на буйную постаць Русай.

– Добра, я пайду, – сказала Русая таропка, адцясьняючы Вераніку да балькона. – Ня хочаш, як хочаш. Само загоіцца.

Тады да Веранікі стала нешта даходзіць. Яна зазірнула з жахам Русай у твар, схапіла яе за рукі. “Ды ладна табе”, – раздражнёна й сумна сказала Русая, вызваляючыся ды крочачы ў перадпакой. За нейкае імгненьне Вераніка разгледзела двух хлопцаў, на выгляд яны нядаўна скончылі школу, абодва ў бруднавата-белых куртках, адзін зь іх паправіў на плячы спартовую торбу, паглядзеў на Вераніку зь нейкім зьдзіўленьнем ды пабег за другім да выхаду.

– Дык ты... Ты... – прашаптала Вераніка са злосьцю й павагай. – Ты зь імі...

– Я? – Русая абурана пакруціла галавой. – Я пайду ўжо. Думала, табе сапраўды дапамога трэба.

Вераніка схапіла яе за плячо, і Русая скінула яе руку адным нэрвовым рухам:

– Адкуль я ведаю, хто тут у цябе швэндаецца! Пакуль.

І Русая пайшла, а Вераніка глядзела на яе з акна. Потым высьветлілася, што з кватэры зьнікла ня надта шмат, усё больш нейкія гаспадарчыя дробязі. Іх выратавала іхная беднасьць. Самай вялікай стратай быў бацькаў гадзіньнік. Злодзеяў Вераніка апісала, як запомніла, а пра Русую міліцыянтам не сказала нічога. Магла сказаць, але ж з Русай так ці інакш давялося б яшчэ жыць і жыць. Хто ведае, як бы яна паставілася потым да Веранікі. А самае галоўнае: Вераніка й не хацела нічога казаць. Бо зь незразумелай цеплынёй, такой, што сьлёзы накочваліся на вочы, успамінала балькон, і твар Русай, так блізка, як ніколі не набліжаліся да Веранікі чужыя твары, і яе сьветлыя валасы на лбе, і грудзі, што ўздымаліся пад чорным швэдрам трохі шпарчэй, чым бывае ў школьніц, і крапкі вакол носу, і цыгарэту ў доўгіх, дарослых пальцах.

***

Нейкае кіно, далібог.

У кабінэт да Ларысы трэба было зайсьці зараз жа, неадкладна, тэрмінова, трэба было знайсьці якую-заўгодна нагоду ды ісьці туды, у канец калідора. Гэтая думка нібы ўдарыла Вераніку па галаве. Ларыса сёньня сыходзіла з-пад кантролю, Ларысу сёньня ўвесь дзень было відаць толькі здалёк: то яна зьнікала за дзьвярыма ліфта, то яе голас было чуваць на сходах, то яе сьпіна мільгала за шклянымі дзьвярыма, дзе быў спуск ва ўнутраны двор. І Вераніка, не выключаючы кампутара, пасьпешліва адшукаўшы ў шафе нейкія дакумэнты – даведкі, справаздачы, чыстыя блянкі – пабегла, чапляючыся абцасамі за скамечаны дыван, што пайшоў увесь прыгожымі складкамі, да дзьвярэй. Перад кабінэтам Ларысы яна спынілася, аддыхалася, пагатоў калідор быў пусты. Штурханула дзьверы.

Тут пахла Ларысай і было пуста. Партрэт над сталом насьмешліва зірнуў на Вераніку й стаў чакаць, што яна зробіць далей. Уключаны кампутар цяжка дыхаў, відаць, Ларыса мусіла хутка вярнуцца. Вераніка прычыніла за сабой дзьверы й зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў. На стале ляжаў мабільны тэлефон Ларысы. Вераніка паглядзела колькі сэкундаў на сваё дзіўнае, ненатуральна спакойнае, нават трохі ганарлівае адлюстраваньне ў шкляной сьцяне шафы, такой самай, якая стаяла ў яе, Веранічыным кабінэце. На сьпінцы такога самага, як Веранічына, крэсла вісела сумачка Ларысы. Часу на роздум не было. І яна наважылася.

Разабрацца ў чужым тэлефоне было справай не такой ужо лёгкай. Вераніка ўвайшла ў яго, як рабаўнік у чужую кватэру, задуменна патыцкала пальцам у кнопкі. Потым зласьліва засьмяялася. Ларыса запісала Яго – Яго, Яго! – не, падумаць толькі, Яго! – у сваім агідным ружовым тэлефоне як “Салодкага”. “Салодкі”. Гэта ж трэба. Некалькі націсканьняў – і Салодкага ў жыцьці Ларысы паменела. Прынамсі, на нейкі час. Ды хаця б на імгненьне, і тое добра. Вераніка шпурнула тэлефон назад на стол і схапіла Ларысіну сумку з пацучынай скуры.