Выбрать главу

Першым, што трапілася ёй у руку, была памада. Вераніка імкліва прымусіла яе высунуць свой акрываўлены язычок. “Сьмерць” – выдрапала яна шпількай на пунсовым тлушчы, літары атрымаліся маленькія, касабокія, наўрад ці Ларыса іх заўважыць, але ж гэта Вераніку й не цікавіла. Важна, што на вусны ёй ляжа тонкім, роўным слоем сьмерць. Гэта была добрая, дарагая памада. Нікому, ніякаму хлопчыку або чэславападобнаму старому дзіку не зьлізаць сьмерць з Ларысіных вуснаў. Яна яшчэ знайшла фатаграфію іхнага аддзелу ў шуфлядзе стала, і выкалупала адтуль Ларысу, трохі закрануўшы, праўда, аднаго ні ў чым не вінаватага супрацоўніка, спэцыяліста ў ацэнцы фашыстоўскай маёмасьці, пра якога хадзілі чуткі, што ён гомасэксуаліст. Выдраная з групавога здымка Ларыса стала спачатку папяровым камяком, а потым паляцела ў вакно. Вось так.

Яна асьцярожна вызірнула ў калідор і ў лоб сутыкнулася з зусім незнаёмай тоўстай жанчынай. “Дзяўчына, кнігі не жадаеце набыць?” – жанчына стала на яе шляху й закорпалася ў валізе. “Танна”. “Не цяпер,” – прамовіла Вераніка, намагаючыся абыйсьці прадавачку кніг. “Ёсьць Марыніна, Дашкава, Блад, Хорар, Кэтрын Дэс”, – не адставала жанчына. “Выдавецкія кошты”. Нейкае імгненьне Вераніка змагалася зь яе навязьлівай тушай. “Добра!” – амаль закрычала Вераніка, чуючы, як падымаецца ліфт. “Хадземце да мяне ў кабінэт”. “А гэта ня ваш?” – узрадавалася жанчына. “Дык я туды, а потым і да вас зайду”.

– Ведаеце, мне бегчы трэба, – сказала Вераніка, агінаючы прадавачку. Прадавачка кінулася за ёй. У кабінэце Вераніку вымусілі купіць тры стракатыя кніжачкі. “Я прымаю таксама замовы”, – сказала жанчына горда й прысела на крэсла для наведнікаў. “Такой таннай Камасутры, як у нас, вы ня знойдзеце больш нідзе. Ёсьць дзіцячая літаратура. Гары Потэр з ілюстрацыямі.”

“Вон!” – ціха сказала Вераніка, седзячы ў сваім крэсьле, і заплюшчыла вочы. “Да пабачэньня”, – ветліва сказала жанчына ды выйшла. Туфлі звычна ўпалі з ног Веранікі, і яна з хрумсьценьнем паварушыла пальцамі. Зазваніў тэлефон і тут жа змоўк. Нібы нагадаў пра працу. Яна нэрвова тарганула мышкай і з інтарэсам прачытала на экране манітора пакінутае невядомай наведніцай і ўпэўнена напісанае вялікімі літарамі слова: “Сучка”.

***

Ён перавярнуўся на другі бок і цяпер быў ад яе на адлегласьці выцягнутай рукі. Дыханьне Лекса было роўнае, гэта спаў сьвяты, гэта спаў судзьдзя, гэта спаў лекар. Вераніка сама ня ведала, чаму яна прачнулася. Ноч у Доме не парушалася ніводным гукам. Магчыма, там, глыбока пад зямлёй, цяпер стагналі ды парыквалі, трубілі ды клікалі на дапамогу, але тут, у вежы, чуваць нічога не было. Вераніка выцерла краем прасьціны ўспацелую шыю ды ўстала. Наступіла на ланцуг: сёньня Лекс зноў не прыкаваў яе, ён ужо відавочна ўпэўніўся, што Ўладзе няма сэнсу адсюль уцякаць. Тры месяцы сьвяцілі ў акно. Лекс ляжаў на сваім краі ложка, як гаспадар – шырока раскінуўшы рукі, цяжка, вольна, грузна... Ланцуг пад яе нагамі зноў зазьвінеў. Яна зірнула на Лекса зь пяшчотай, але той нават не паварушыўся. І тады Вераніка ціха выйшла з пакою.

Можна было б легчы зараз да яго, і прыціснуцца ўсім целам да ягонай грубай уніформы. Аднак наўрад ці гэта б яму спадабалася. На ноч у іх проста не заставалася сілаў, такімі насычанымі, такімі аднастайна-салодкімі, балюча-мокрымі былі дні. З ранку да ночы, з ранку да ночы. Як доўга яе чакаў Лекс, калі ўпершыню ён стаў марыць пра госьцю, пра палонную, пра саўдзельніцу, пра рабыню... Невядома. Колькі яму насамрэч: трыццаць, сорак, восемдзесят? Чатырнаццаць? Вераніка йшла ўніз па вінтавой лесьвіцы, лёгкімі рухамі ўключаючы сьвятло. Не, ёй не хацелася цяпер ягонага цела. Урэшце яна спусьцілася на першы паверх, ледзь ня ўпаўшы на апошнім, самым стромым павароце. Тут былі дзьверы, што вялі вонкі. Тут былі дзьверы ў сутарэньні. Тут былі яшчэ адны дзьверы. І яна адчыніла іх.

Яна рухалася па ярка асьветленым калідоры, нібы лунацік. Калідор рэзка пайшоў улева, і яна паслухмяна пакрочыла туды. Вераніка апынулася на вузкім мастку, што завіс высока над прасторнай заляй. Адсюль яна бачыла клеткі, бачыла бяссонных монстраў, якія рыхтаваліся да заўтрашняга пекла, бачыла на адным узроўні з сабой складаныя, а можа, зусім і не складаныя мэханізмы, з дапамогай якіх, пэўне, Лекс апускаў новыя ахвяры ў падрыхтаваныя турмы. Ціхі піск. Гудзеньне, рэзкае сьвятло лямпаў. Пах крыві, пах спароўваньня, пах гнілое саломы. Яна дабралася да канца металічнага мастка. Пад яе нагамі рыпела дробная жалезная сетка. Галава кружылася. Вераніка зрабіла яшчэ крок і апынулася перад новымі дзьвярыма. У ёй не было ні страху, ні сьмеласьці. Яна йшла наперад, як у сьне.