Выбрать главу

Пасярод пакою, зусім голага, роўнага, нібы ўнутранасьць куба, проста ў паветры віселі вялікія, падобныя да гамаку вусны. Фіялетавыя вусны, пульхныя вусны. Яны віселі ў паветры без усялякае падтрымкі, і трохі пагойдваліся. Два выцягнутыя воблакі, якія яшчэ й дыхалі. Вераніка спынілася перад імі, і вусны, здавалася, таксама яе разглядвалі. Чым: гэтай вузкай шчылінай паміж імі, або добра бачнымі порамі на тонкай чалавечай скуры? Мноствам пораў. Два воблакі, два выпарэньні, два застылыя струмяні фіялетавага газу. Адзін на адным. Вусны не ўсьміхаліся, выраз іх быў спакойны й мудры.

– Хто ты? – запыталася Вераніка й не пачула свайго голасу.

Вусны ня рухаліся, і толькі калі яна захацела паглядзець на іх ззаду, трошкі расчараваная маўчаньнем, у пакоі пачуўся стомлены голас:

– Да каго яна зьвяртаецца? Да каго? Да цябе або да мяне?

Вераніка пасьпешліва вярнулася на сваё месца. Цяпер вусны насамрэч варушыліся.

– Я хацела пагаварыць з вамі.

– Нас двое, – сказалі стрымана вусны. – З кім ты будзеш гаварыць?

– З абодвума, – сказала Вераніка, падумаўшы.

– Гэта добра, – адгукнуліся вусны. – Гэта ты вельмі правільна сказала. З абодвума. Чуеш, яна будзе гаварыць з намі абодвума.

– Абедзьвюма, – сказаў той самы голас, хаця й больш капрызны.

– Абаімі, – урачыста прамовілі вусны. – Ты хочаш ведаць, хто мы? Хіба ты ня бачыш?

– Бачу, – сказала Вераніка. – Але ж я хацела ўдакладніць.

Вусны ўсьміхнуліся.

– Цябе завуць Аліса?

– Я Ўлада, – сказала Вераніка, зусім аголеная Вераніка, Вераніка-рабыня, Вераніка-пляма на экране.

– Яна мне падабаецца, – прамовілі вусны.

– І мне. Што ж ты хочаш ад нас?

Вераніка прысела на кукішкі. Яна задумалася.

– Я ня ведаю, чаго можна чакаць ад вуснаў. Чаго можна ад вас хацець.

– Мы можам цалаваць. Можам складвацца банцікам. Можам выгінацца. Ствараць настрой. Але мы ўсяго толькі вусны. Дзьверы. Мы можам размыкацца, і тады ўсё залежыць ад таго, хто перад намі.

– Можа быць, патлумачыць ёй? – сказалі вусны.

– Але ж мы ўжо ўсё сказалі? – прамовілі вусны.

– Яна сама здагадаецца, – шапнулі вусны.

– А калі не, гэта яе праблемы, – усьміхнуліся вусны.

– Але яна не такая, як астатнія, – таргануліся вусны.

– Добра, давай, – ледзь варухнуліся вусны й прыадкрыліся.

Вераніка пабачыла ў адкрытым роце начное поле, над якім кружлялі сьветлякі, зусім блізка быў лес, патыхнула холадам, пахам вільготных кветак, праляцеў, шумна машучы крыламі, кажан, ацепалася недзе на дрэве сава. І потым вусны стуліліся.

– Ты хочаш туды? – спыталіся вусны.

Вераніка засьмяялася:

– Не.

– Ты ня хочаш уцячы адсюль?

– Не, – сказала Вераніка ўпэўнена. – Тут я вольны чалавек. Тут маё каханьне. Тут я ўсемагутная. А там? Не, я застануся. Прынамсі, пакуль што. Але я зайду яшчэ, добра.

– Заходзь, – вусны скрывіліся. – Заходзь, пабалбочам. Мы ніколі ня сьпім.

– Дабранач, – сказала Вераніка й выйшла.

Той самай дарогай, якой яна прыйшла сюды, Улада вярнулася да Лекса. Той спаў, і рукі ягоныя былі паслабленыя. Вераніка легла побач і з казачнай усьмешкай на вуснах стала чакаць новага цудоўнага дня. Яе цела ўжо было гатовае да працы, яе цела выдзяляла сок.

***

Праз блытаніну з аўдыторыямі яна спазьнілася на лекцыю: цішыня й белая пустата той, якая была пазначаная ў раскладзе, аглушылі Вераніку. З амаль што закладзенымі вушамі яна зноў пайшла да раскладу, там яе й сустрэў дэкан. Ён красамоўна паказаў на столь, і Вераніка пабегла наверх. Там, у 555-ай, панаваў паўзмрок, завешаныя фіранкі пакалыхваліся ад ветру, голас выкладчыка, такога маладога, а ўжо лысага, быў гідка надсадны. Прастудзіўся ён, ці што. Яны глядзелі слайды, нейкі жывапіс, раскоша голага цела, парнаграфія прыроды, тоўстыя жанчыны, мужчыны, падобныя да пэрсанажаў фантастычных трылераў. Бароды, панчохі. Вераніка ціхенька ўвайшла, абыякава сьлізганула позіркам па карціне, што цьмяна гарэла на сьцяне, – празь яе настойліва праступала дошка, на якой былі накрэмзаныя хімічныя формулы. Карціна як карціна, мікелянджэла-рафаэль-леанардадавінчы, нехта з гэтых, напэўна. Многа лесу, кавалак неба, недзе ў гарах. Нешта неўразумелае на пярэднім пляне. Яшчэ больш за гадзіну тут тырчаць. Яна села за апошняй партай і закрыла твар рукамі. Ёй востра хацелася чагосьці, і яна не разумела, чаго. Ёй хацелася плакаць, выць, або парэзацца аб што-небудзь вострае. Бо была восень, і ёй было васямнаццаць. “Брэйгель,” – гнюсна цягнуў выкладчык. “Брэээйгель”, – як авечка. Як іржавыя арэлі. Госпадзе, ну пры чым тут гэты Брэйгель?