Выбрать главу

У адрозьненьне ад аўтараў гэтых гняўлівых допісаў я добра ведаў, адкуль менавіта ўцёк... Мой спосаб зарабляць сабе на хлеб між абшараў радзімы даў мне за паўтара дзясяткі гадоў магчымасьць штодня сустракацца й размаўляць з такімі людзьмі, якіх мае апанэнты ўважалі за казачных герояў: зь нябачнай абслугай ВКЛ, з усімі гэтымі швачкамі, прадавачкамі, рабочымі, трактарыстамі, малярамі, выхавальніцамі дзіцячых садкоў і кульработнікамі, з дактарамі й кіроўцамі, з усімі тымі, хто забясьпечваў маіх абураных крытыкаў прадметамі першай неабходнасці, з тымі, на кім трымалася ваша краіна, з тымі, ніводзін зь якіх ні разу не ўсумніўся, што вы трапілі ў свае ВКЛ за канкрэтныя злачынствы – з тымі, дзякуючы каму яна, ваша краіна, такая, якая ёсьць... Ці ня бачыце вы, спадарства, нешта прыхавана-заганнае ў гэтай вашай максіме: “за мяжой нельга кепска казаць пра сваю краіну”? І ці можа адзін чалавек зрабіць сабе піяр за кошт двух дзясяткаў віртуальных канцлягераў?..

(Дрозд щебечет в шевелюре кипариса.)

***

Вераніка не змагла стрымацца і з асалодай аблізнулася, калі гэтыя прахалодныя пальцы леглі ёй на шыю. Яе скура хутка іх нагрэла, і было так утульна адчуваць сябе ва ўладзе чагосьці ўмелага, прафэсійнага, натрэніраванага. Вераніка ведала, што ў пакоі яны не адны, і гэта было прыемна: ёй вельмі хацелася, каб на яе цяпер глядзелі са схованкі ды пакутвалі ад немагчымасьці ўмяшацца; яе так радавала ўласная запатрабаванасьць. Яна аблізнулася яшчэ раз – гэта быў непрыстойны рух, і яна гэта ведала, але ж хто мог пабачыць, як вусны Веранікі, бледна-ружовыя сёньня, бы зьмерзлыя, схаваліся на імгненьне за амаль аўтаматычным, павольным, вывераным ня ёй, а яе свавольным целам рухам языка, на вуснах сьліна, тонкі слой сьліны, і адразу ж прахалода. Нібыта ў кабінэце скразьняк. Ёй было весела ад думкі, што зараз нехта можа зайсьці сюды, і першым, што ён убачыць, будзе супрацоўніца адзьдзелу – увасабленьне Ўлады – якой адзін з наведнікаў гладзіць плечы. Той, хто зойдзе, абамлее, і не здагадаецца, што сюрпрызы гэтага кабінэту яшчэ ня вычарпаныя. Тут шмат незвычайнага сёньня. Нібы ў адміністрацыі дзень адчыненых дзьвярэй.

10.

Яна ўвайшла ў Ягоны кабінэт, як верная старая прыслужніца. Увайшла ды моўчкі паклала паперы на подпіс каля Ягонай загарэлай рукі. І засталася стаяць ля стала, апусьціўшы вочы, нібы чакаючы далейшых загадаў. Ён гэта не адразу заўважыў, потым усё ж зірнуў на яе, трохі зьдзіўлена, не разумеючы, што яна тут робіць.

– Вераніка, – прасьпяваў ён задуменна, ня ведаючы, што сказаць. – Верані-і-ічка... Як справы, Веранічка?

– Дзякуй, – уздыхнула яна, а ўнутры ўсё раптам затрапятала, так, як раней, бо ён зь ёй загаварыў, бо ў кабінэце нікога апрача іх не было. Гэта здаралася ў апошні час так рэдка. І, відаць, менавіта гэтая блізкасьць падказала ёй ні з таго ні зь сяго цікавы наступны ход у яе гульні. – Дзякуй, усё добра.

“Толькі б ня спудзіць”, – пранеслася ў яе ў галаве, і яна ледзь не пакланілася Яму. Ён весела зірнуў на Вераніку зьнізу ўверх і, паклаўшы адну нагу на край стала, запытаўся, ускінуўшы добразычліва бровы:

– А ведаеш, што азначае тваё імя? Ну, адкуль яно пайшло?

Вераніка сарамліва (занадта сарамліва!) пакачала галавой. Ён задаволена пацёр далоні. Яму насамрэч было незразумела, што яна тут дагэтуль робіць, у разгар працоўнага дня.

– Вераніка: тая, якая прыносіць перамогу. Ты прынясеш мне перамогу, Веранічка? Адкажы.

Вераніка ледзь прыкметна ўсьміхнулася. Відаць, апошняе захапленьне аддзелу Яго нейкім чынам абмінула. Ён ня ведаў, хаця й быў намесьнікам загадчыка, што ў стале кожнага супрацоўніка ляжала раздрукоўка з тлумачэньнем ягонага імя: ужо тыдзень як яны апанатана шукалі ў інтэрнэце ўсё, што датычыла іхных імёнаў, невядома чаму, але шукалі, і дзяліліся адно з адным кожнай новай падрабязнасьцю, і званілі ў суседнія кабінэты, калі знаходзілі нешта пра імёны калегаў; яны займаліся гэтым з такім захапленьнем, з такой упартасьцю, нібы імёны ў іх зьбіраліся адабраць. “А ці ведаеш Ты, што менавіта Вераніка выцерла пот Хрысту, калі ён ішоў на Галгофу?” – пяшчотна падумала Вераніка й паглядзела пажадна на Ягоны лоб. Але яна нічога не сказала. Толькі кіўнула.