Выбрать главу

Назаўтра Вераніцы не хацелася ўсё гэта ўспамінаць. Галава балела так, што Ларыса прапаноўвала выклікаць ёй хуткую. “Ты белая ўся, як сьмерць”, – крычала ёй у твар радасная Ларыса, – “Белая, як сьмерць!”. Не, Вераніцы не хацелася ўспамінаць учорашні вечар, хацелася сьцерці яго з памяці: вясельнае зьзяньне кавярні, яе новую бялізну пад шыкоўнай сукенкай, смак перамогі на вуснах, яе чаканьне, зь якога пакрысе пачала злазіць пазалота, бутэльку шампанскага, якую яна выпіла ў адзіноце, і потым нейкіх страшных, барадатых каўказцаў, якіх яна яшчэ змагла адшыць, і інтэлігентнага пэнсіянэра, зь якім яна піла гарэлку на брудэршафт, і потым ваніты ў прыбіральні, і запэцканае крысо, і пацалункі зь нейкімі панкамі-падлеткамі ў начным сквэры, і некалькі цыгарэтаў, і сьлёзы, і тэлефанаваньне Яму на мабільны, яна хрыпата крычала ў слухаўку, а што крычала, ня памятала, – і жаданьне распавесьці сваю жаласьлівую гісторыю цярпліваму, вельмі ветліваму міліцыянту, які нікуды Вераніку ня вёў, а сядзеў побач і пабліскваў акулярамі... Нарэшце нехта заплаціў ёй за таксі й скончыў гэты кашмар.

Па абедзе яна ўбачыла Яго. Ён ласкава ўсьміхнуўся ды запытаўся, як яе галава. “Прабач,” – сказаў Ён, спахапіўшыся. – “Ня змог учора. Шмат працы было. Вельмі шмат. Пачынаецца новая эпоха.”

***

На яе грудзёх яшчэ не расталі прахалодныя, упэўненыя дотыкі доктара, а Вераніка ўжо сядзела перад ім за сталом, нецярпліва сочачы, як той марудна запісвае нешта ў яе картку. Трэба было сьпяшацца, па абедзе ў іхным аддзеле стала падазрона шмат працы, асабліва апошні месяц: Чэслаў загадаў падымаць усе старыя справы, пашыраць базу дадзеных, даводзілася адкопваць нават дасье тых, хто па пятнаццаць гадоў сядзеў у лягерах. Натуральна, Вераніка магла сказаць праўду – яна была на прыёме ў доктара, але ж той не знайшоў адхіленьняў, – не знайшоў, і яна ўжо чула, як Чэслаў дабрадушна яе папікае: ну, калі ўсе пачнуць у працоўны час займацца прафіляктычнымі аглядамі саміх сябе, ня будзе каму працаваць, унучка. “Унучка” – і зноў правядзе далоняй па валасох, прафэсійным рухам, які нібы супакойвае і адначасова прыгінае тваю галаву да сваіх пульхных каленяў пад мешкаватымі нагавіцамі старога чыноўніка.

– Вы не маглі б хутчэй? – запыталася яна нарэшце, і доктар падняў галаву, зьдзіўлена на яе паглядзеў. Вераніка ведала, што сварыцца зь ёй ён ня будзе, усё ж яна была не зусім звычайная пацыентка, ён пра гэта ведаў. Бо сёньня ён мацаў грудзі ўлады, правяраў, ці няма ў іх непатрэбных зацьвярдзеласьцяў, ці ня бразгаюць там цяжкія гуляльныя шарыкі пагрозы, ці не расьце там, унутры, за тонкай белай скурай, дзе-нідзе амаль празрыстай, небясьпечная пухліна, мацаў, раз-пораз дакранаючыся выпадкова да нэрвовага смочка. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў, сьнежны ком стажу трохі акругліцца, і Вераніка зможа хадзіць у спэцыяльную паліклініку для супрацоўнікаў адміністрацыі – але ж хто ведае, што лепей: там яна будзе адна з многіх, і стаўленьне да яе будзе роўным, уважлівым, заўжды аднолькавым, а тут, у яе раённай паліклініцы, што тырчыць пасярод пяціпавярховікаў за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад дому, Вераніка адзіная ў сваім родзе, і ніхто ня мае права абыйсьціся зь ёй так, як калісьці абыходзіліся зь яе маці.

Як яна й думала, доктар не сказаў нічога. І рука ягоная стала больш жвавай, адзначыла Вераніка з задавальненьнем. Яна зірнула на яго зь цікавасьцю. Яму было гадоў сорак пяць. Амаль як яе бацьку. І аднак жа ён ня мог запярэчыць Вераніцы. Ён быў вымушаны падпарадкавацца. Доктар: такая нікчэмная, дробная асоба, баязьлівец, і такія цудоўныя рукі: ведаюць сваю справу, ведаюць, як і дзе дакранацца, ведаюць, нібы інструмэнт, бяруць цябе асьцярожна і ўпэўнена, у такіх руках ніколі ня будзе страшна, у такіх руках хочацца замерці, такім рукам хочацца належаць. Чаму людзі ня могуць быць цэльнымі, ня могуць быць маналітамі, зь якімі калі прыемна, то ва ўсім: гэтыя б рукі ды каму іншаму. Як соладка дагэтуль унутры ад ягоных дотыкаў, рашучых, чорныя валасы на пальцах, цьвёрдыя, загрубелыя падушачкі, якія ўсё разумеюць, далікатная моц.

– Але ж не забудзьце прыйсьці месяцы праз тры, – сказаў ён, апасьліва ўсьміхнуўшыся. – Я павінен вас яшчэ раз паглядзець. І бывайце здаровыя.