Выбрать главу

Вераніка ўжо зьбіралася падняцца, але выдыхнула ды раптам расьсьмяялася:

– А я ж вас ведаю.

Доктар, насуперак чаканьню Веранікі, не зьдзівіўся. Вусны яго скрывіліся, і ён суха сказаў:

– Вось як.

– Вы ў нас праходзіце па базе, – прамовіла Вераніка з жахам. – Успомніла. Удзел у фашыстоўскай дэманстрацыі, выкрыкваньне антыдзяржаўных лёзунгаў, мацерная лаянка. Не адварочвайцеся, дайце мне глянуць на прозьвішча. Так, супадае, усё супадае.

Доктар нарэшце зірнуў ёй у вочы.

– Так, у нас невялікі горад, дарма што сталіца. Я сваё пакараньне адбыў, – сказаў ён ціха. – Вы маеце да мяне нейкія прэтэнзіі?

Вераніка зарагатала, ды ня проста так – ажно да сьлёзаў. Доктар глядзеў на яе зьбянтэжана, вусны ягоныя сьцяліся ў тонкую палоску, твар зьбялеў, і Вераніцы было ад гэтага яшчэ сьмяшней.

– Ну не сярдуйце, – сказала Вераніка. – Цікава, а чаму вы... Чаму вы не ў лягеры?

– Паслухайце, паразмаўляйце пра гэта з тымі самымі судзьдзямі, – голас доктара задрыжэў. – Ці вы сумняецеся ў іх справядлівасьці?

– Не, не, – Вераніка нарэшце супакоілася. – Проста ў галаве не ўкладваецца. Дзесяць хвілінаў назад мяне... фашыст... Ніколі б не падумала. Доктар – і фашыст. Не, я ведаю, такое бывала, у вайну... ворагі... Але вы, тут... І я... Не магу паверыць. Тымі самымі рукамі... Я, напэўна, лухту вярзу.

– Вы можаце вымыцца там, за шырмай, – прамовіў доктар зь нянавісьцю.

Вераніка паднялася, узяла сумачку.

– Але так не бывае, – сказала яна пераканана. – Вашая прафэсія не сумяшчальная з фашызмам. Або вы прыкідваецеся, або... Або вас трэба праверыць.

Яна выйшла і ажно да самай адміністрацыі думала пра тое, што яе мацалі сёньня рукі фашыста. Усё стала дагары нагамі: фашыстам мог аказацца і Эдзік, і той самы Цьвях. Ды хто заўгодна. Цьвях – падумала яна і заскрыгатала зубамі. І нават калі Вераніка ўжо адчыніла дзьверы свайго кабінэту, яна адчувала сьляды доктаравых рук на сваіх грудзёх, і ёй усё здавалася, што грудзі ёй пякло, што ў выразе яе блузкі варушацца сьляды такіх умелых, такіх невытлумачальна прыемных рук, рук сапраўднага фашыста. Вось якімі яны бываюць бяз джала – бясьпечнымі, бо інакш хто б выпусьціў іх на волю, сьлізкімі, патухлымі, з голасам, які бязвольна павіс на падгнілай уласнай годнасьці. Гэтае здарэньне расьпірала Вераніку знутры, яна ніяк не магла знайсьці згубленыя канцы, і тут яе цела зьлітвалася над ёй: унутры нешта шчоўкнула, практыкантка прыйшла да яе па дапамогу, завітаў пасьля доўгага перапынку Гілюк, з новай, яшчэ больш вар’яцкай ідэяй, і болей Вераніка пра доктара ня думала. Мая мілая маладосьць, як гэта тады было проста: перастаць думаць пра нешта. Як перасесьці з трамвая ў трамвай.

***

Пасьля Цэнтру ёй больш за ўсё хацелася паехаць дамоў, пакуль там яшчэ нікога няма, паехаць дамоў і проста выдыхнуць там, бо на працягу ўсяго дня Вераніка ніяк не магла гэтага зрабіць: бегала, бегала, крычала на кагосьці й зноў бегала... Але дзень і праўда выдаўся чорны: яна мусіла пасьля працы завезьці стрыечнай сястры вялікі плястыкавы пакет з чырвоным паліто маці, які сястра раптам захацела насіць, бо мода, зрабіўшы шоп-тур па блізкім замежжы, зноў вярнулася. Паліто маці набыла даўно, але апранала рэдка, яно было ў добрым стане, і сястры павінна было падысьці. Сястра прасьцей ставілася да такіх рэчаў, і да рэчаў наогул, і вось цяпер Вераніка села, зь пярэстым пакетам і сумачкай, у зусім чужы аўтобус зь дзіўным адназначным нумарам і доўга пацела ў ім, пакуль ён па нейкім пакручастым маршруце цягнуўся праз шэрыя сады прыватнага сэктару, спыняючыся праз кожныя пяцьдзясят мэтраў, бо нейкі ідыёт панатыкаў там прыпынкаў. З кожным прыпынкам Вераніка станавілася ўсё тупейшая, аўтобус нібыта біў яе па галаве, “Затое безь перасадак, затое безь перасадак”, – напявала яна, ідучы нарэшце з пагорка да дому, дзе жыла сястра з мужам і дзецьмі.

На кухні, якая пахла дзіцячым лайном, Вераніка паспрабавала выдыхнуць, але там гэта было немагчыма зрабіць. “Зрабі сабе кавы”, – крыкнула сястра аднекуль, пакуль Вераніка, так і не разуўшыся, вывальвала паліто на стол. “І можаш папаліць на бальконе”, – сястра села перад ёй, трымаючы дзіця на каленях. “А, ты ж ня курыш”. Тоўстае паліто пахабна ўсьміхалася, аглядваючы новае жытло. Чарговы пляменьнік Веранікі злосна заверашчаў.

– Есьці хочаш? – спытала сястра, распахнула халат і сунула дзіцёнку ў рот смочку. Вераніка паматляла галавой. “Ну, ты, пацан, балюча ж”, – лёгка пляснула сястра малога па вуснах, і той залямантаваў зноў.

Вераніка глядзела на грудзі сястры, як зачараваная. Насьліненая смочка блішчала, уваскрашаючы ў памяці Веранікі тое адчуваньне загадкі, якое суправаджала яе на працягу ўсяго жыцьця. Як гэта. Як гэта адбываецца. Як гэта адбудзецца са мной. Толькі цяпер яна зьвярнула ўвагу на тую мэтамарфозу, якая адбылася зь сястрой. На Вераніку стомлена, трохі насьмешліва, але добразычліва глядзела малако. І Вераніка адчула ўнутры пустату. Пустата гудзела, пустата прымушала многае мець на ўвазе. Грудзі сястры рухаліся, як жывыя. Доўгія, выцягнутыя ўніз грудзі. Патрэсканыя смочкі, празь якія сачылася нечая ежа. Гэта было невыносна. Не, Вераніка не адчувала агіды, гэта было невыносна зь іншай, значна больш цяжкаапісальнай прычыны: гэта зноў загаварыла цела, ад якога сьвядомасьць адарвала ягоную неад’емную частку й цяпер круціла яе так і гэтак, нібыта завіслую ў паветры. Яе скаланала ад адчуваньня толькі адной сваёй часткі, нібыта іншыя больш не існавалі. Вераніка стала парай грудзей. І яны ўвабралі ў сябе Вераніку, і кончыкі іх замулялі ад лішку адчуваньняў, ім зусім не прызначаных. Яна скаланулася, і дрыготкай рукой схапіла са стала цукерку, а тая не разгортвалася, абгортка заставалася на ліпучым мутным цельцы, гэта была нейкая заляжалая карамэлька, а можа быць, яе абсмакталі й загарнулі назад, абгортка рвалася, кавалачкі таннай паперы прыставалі да пальцаў, і яна не магла іх зьняць. Пальцы пацерліся міжволі адны аб адны, і на джынсы Веранікі ўпала брудная пацяруха. А сястра, здавалася, нічога не заўважала, гаварыла пра нешта змрочным голасам, адначасова вольнай рукой мацаючы край паліто, футровы каўнер вылез ды пачаў лашчыцца да яе рук. Запахла Веранічынай кватэрай, матчынай шафай.