Выбрать главу

– Табе не здаецца, што яно сьмярдзіць? – спытала Вераніка, адвярнуўшыся.

– Памыем, – сказала сястра. – Пра што гэта я казала... А, забыла. Давай зробім па сто. Рэдка бачымся.

Дзіця заснула, і сястра, увішна рухаючыся зь ім ля грудзей, прабралася да лядоўні, дастала гарэлкі. Вераніка гэтаму страшэнна ўзрадавалася, кульнула ў сябе чарку, закусіла скрылікам салямі. Недзе зусім блізка пранізьліва закрычала дзіця.

– Ня бойся, гэта ў суседзяў, мае ў маці, гаўнюкі, – пасьміхнулася сястра. – Я больш ня буду, а ты налі сабе, налі... Як там твае? Бацька як, у завязцы яшчэ? А брат?

– Ня ведаю, – шчыра прызналася Вераніка. – Ён дома амаль не бывае. А твой як, ня вельмі таго?

– Я яго выхавала, – сястра прыцішана засьмяялася. – Ты думаеш, ён з самага пачатку такі быў? Памятаю як цяпер. На кухні кран зламаны, адна гарачая вада йдзе. Дык гэты абалдуй у залі храпіць, нажорся, як заўсёды, са сваімі калгасьнікамі, а я посуд мыю ды плачу, мыю ды плачу. Рукі абварвала, скура злазіла. Але ж я так не хацела. Я пачала змагацца. У мяне свае спосабы... Надумаеш замуж, прыяжджай, распавяду. Ну, ідзем паліто мераць. У, палітон які... Фірма. Ты чаго гэта, Веранічка?

І яна клапатліва, усё яшчэ зь дзіцём на руках, выцірала за ёй, і адразу ж кінулася замываць кофту, і ліла ёй на галаву халодную ваду, – бо гэты кран на кухні працаваў нармальна, бо муж быў ужо выхаваны, бо паліто было прывезенае сястры менавіта цяпер, бо ў грудзёх яе было малако – і Вераніка, якой адразу ж стала лягчэй, глядзела на ўсё гэта, і ёй усё здавалася, што цяпер раніца, і на падваконьні ляжыць сьнег.

***

Калі б гэта была не гульня – які б тут мусіў стаяць смурод! Вялікае цела ірліса скаланулася й цяжка грымнулася на палогу, узьняўшы пыл. Ёй падалося, яна пабачыла, як аддзяліўся ад трупа белы воблачак ды сплыў да жалезнага мастка над цьмяна асьветленым калідорам. Вераніка зьдзьмула з вуснаў прысталую салому й паспрабавала вылезьці з-пад Лекса, такога халоднага, бы сталёвага, які ляжаў адным бяздушным, застылым камяком. У яе мокры жывот упіліся дробныя трэсачкі, цэлая зграя вострых трэсачак, падлога была засыпаная імі, бы ў цясьлярні. Сьмерць Ірліса адбылася, як заўсёды, адначасова зь Лексавай палёгкай. Яна нарэшце вызвалілася й, хістаючыся, паднялася. Шчасьце. Апагей свабоды.

Па тым, якімі пустымі вачыма зірнуў на яе Лекс, Вераніка зразумела, што працягу сёньня ўжо ня будзе. Цяпер яны падымуцца й пойдуць у іхны пакой у вежы, і там будзе часовы адпачынак, і Лекс будзе набірацца сілаў для чарговага паляваньня. І праўда, ён неўзабаве падняўся ды ўзяў яе за руку. Ледзь перастаўляючы ногі, яны пакрочылі наверх, іх праводзіла вусьціш. Ужо ідучы па прыступках, Вераніка абярнулася: па клетках прабег ледзь улоўны рух, яны кланяліся ёй, яны кланяліся.

І праўда, яны падняліся наверх і ўпалі ў ложак. Вераніка, як яна часта рабіла апошнімі днямі, уладкавалася на каменных грудзёх Лекса, так, нібы ёй хацелася ад яго нейкае пяшчоты – аднак гэта было няпраўдай, ёй падабалася, што ён ня робіць у адказ нічога, не абдымае яе, ні песьціць, ні вымаўляе ласкавых словаў, маўчыць, яе асабісты забойца, яе судзьдзя, яе гаспадар, яе вартаўнік, яе кліент, яе карыстальнік. І ўсё ж яна ня вытрымала: