Выбрать главу

Яна бегла па праржавелай сетцы, а за ёй гнаўся ўжо ня нож, а вогненны віхор, ён імчаў, пакідаючы на сьценах і столі чорныя палосы. Гнаўся безвач, спадзеючыся, відаць, дастаць Вераніку выпадковым дотыкам. Пад яе нагамі, у клетках, усчаўся сапраўдны вэрхал: там енчылі, стагналі, пляскалі й ляскалі, бы ў заапарку перад тарнада. Яна зачыніла за сабой дзьверы і толькі тады трохі аддыхалася. І калі ад націску віхру пачалі чырванець дзьверы, яна заплюшчыла вочы й хутка, пазногцямі чапляючыся за ружовую пустэчу, уціснула сваё бруднае, такое штучнае, пабляклае цела паміж спакойных, безуважных, даўно раскрытых Вуснаў.

Выдуманая Вераніка ўратавалася ад выдуманае сьмерці.

***

Напэўна, яна б так і прабавіла час да канца працоўнага дня за кампутарам, калі б не тэлефон. Не адрываючы вачэй ад экрана, Вераніка ўзяла слухаўку, прыціснула яе плячом да вуха, а пальцы яе не маглі спыніцца. “Зайдзі да мяне, унучка,” – стомлена сказаў голас Чэслава, і гудкі пасьля гэтага былі такія самыя: тужлівыя, як стогны бяссоньня. Вераніка неахвотна патрэсла ключамі, сунула ногі ў туфлі. Кабінэт ляцеў па-над плошчай, нібы капітанскі масток.

– А, Веранічка! – сказаў Чэслаў перабольшана зьдзіўлена, быццам нікуды яе зайсьці й ня клікаў. – Праходзь, дарагая, сядай, унучка.

Яна села. Паабапал Чэслава Карлавіча за ягоным шырачэзным, пуставатым сталом са сьцяжком пасярэдзіне сядзелі, усьміхаючыся, Ларыса і Ён. Зразумела, што Ён тут рабіў, але пры чым тут Ларыса. І нешта нядобрае зьявілася ў паветры вакол Веранікі, такое шчымліва-вусьцішнае, – яно ажно чхнула.

– Будзь здаровая, расьці вялікая, – усьміхнуўся Чэслаў Карлавіч і потым назваў яе па бацьку: Вераніка ўжо й ня памятала, калі такое здаралася й ці здаралася калі-небудзь наогул. Ён сядзеў побач, стараючыся не глядзець на Вераніку, рукі на стале, то адна на другой, то наадварот. Ларыса ж усё аблізвалася, у вачох яе ільсьніўся не зусім зразумелы апэтыт.

Чэслаў сядзеў акурат наўпрост, і хаця Вераніка мела трохі ўласнай прасторы, усё ж здолеў дацягнуцца да яе рукой з растапыранымі пальцамі ды пагладзіць па валасох: праўда, Вераніка ўсё ж сядзела далекавата, і таму двум пальцам Чэслава толькі й засталося, што сьлізгануць задуменна па яе вуху...

– Веранічка... – прамовіў Чэслаў, нібыта ня ведаў, што ёй сказаць. А яна зь цяжкасьцю змагалася са спакусаю пакласьці нагу на нагу. Яна падавіла ў сабе раптоўны прыступ млосьці і аглядзела гэтых траіх, што цяпер ня зводзілі прагных позіркаў ад яе твару, ад яе рук, ад яе аголенай шыі. Нечакана яны нагадалі ёй жывёлаў: трох жывёлаў, заўсёднікаў казак. Толькі вось што гэта была за казка. Вусны Веранікі здрыгануліся, яна ня вытрымала і апусьціла вочы: сутарга ўсьмешкі. Пастарэлая, пацяганая Ліса, якая ўтаропілася ў Вераніку як у кураня; тоўсты, нізенькі, з шчэцьцю на баках Вяпрук, нос якога ўпарта шукаў водар Веранікі; разбэшчаны, фанабэрысты, вытанчаны, як дымок чароўнага зельля, хударлявы, гнуткі, прыгожы да агіднага Кот.

– Я вырашыў з кожным пагаварыць асабіста, – сказаў Вяпрук. – Справа ня церпіць ніякае базарнасьці, ніякае пасьпешлівасьці. Усё вельмі сур’ёзна. Да таго ж інфармацыя не павінна трапіць у староньнія рукі. Вы, Вераніка Бацькаўна, я спадзяюся, добра гэта разумееце. Як супрацоўнік перадавога атраду адміністрацыі.

Вераніка нічога не адказвала, і толькі калі ўцяміла, што трэба адказаць, таропка кіўнула:

– Так, так, я разумею.

– Да нас даведзена, што дзяржава трохі пераглядае сваю палітыку ў дачыненьні да ізаляцыйна-выхаваўчай сыстэмы. Вы й самі, Вераніка Бацькаўна, відавочна, неаднаразова задумваліся над тым, што дзяржава нясе вялікія выдаткі па ўтрыманьні лягераў, дзе знаходзяцца злачынцы ня самага нізкага палёту... Дык вось: прыйшоў загад расфармаваць іх і падрыхтаваць плян ліквідацыі. У сувязі з гэтым...

Чэслаў Карлавіч ня вельмі добра валодаў мовай. Таму, варта яму было прадрацца скрозь вырашчаныя ім самім джунглі складаных сынтаксычных канструкцыяў, як ён з радасным рохканьнем кідаўся далей, але па ягоных сьлядох рухацца было амаль немагчыма. Зь вялікімі намаганьнямі Вераніка ўсё ж зразумела, пра што гаворка. Лягераў больш ня будзе. За свае злачынствы перад народам фашысты мусілі атрымаць новае, больш суворае пакараньне. Адпаведнае! – пакачаў аблыселым пальцам Чэслаў. Гэта значыла, што тыя санаторыі, дзе дагэтуль праядалі народныя грошы фашысты і іхныя выблядкі, мусілі адысьці ў нябыт. Перапоўненыя лягеры станавіліся ўчорашнім днём. Вось і ўсё, і ці варта было так доўга пра гэта казаць, падумала Вераніка раздражнёна. Цяпер трэба будзе пераафармляць дасье на ўсіх, вызначаць, якімі будуць колькасна ды якасна партыі, прызначаныя да ліквідацыі, разьбірацца ў новых законах, працаваць зь юрыстамі, прадумваць новыя нарматывы, кансультавацца ў ідэалягічным... Так, сапраўды пачыналася новая эпоха, цяпер Вераніка ўспомніла Ягоныя словы. І наўрад ці яна атрымае адпачынак у бліжэйшыя тры месяцы.