Выбрать главу

– Шаноўная Ліса прысутнічае тут як старшыня прафкаму нашага адзьдзелу, – махнуў рукой Вяпрук. – У хуткім часе мы вынесем на разгляд нашага непасрэднага начальства ў міністэрстве пытаньне аб прэміях і павышэньні заработнай платы.

Вераніку гэта хвалявала мала. Зь цікавасьцю яна назірала, як разглядвае свае рукі Ён, як кідае сарамлівыя позіркі ў акно. Неўзабаве надыйдзе момант, і яны сутыкнуцца. Толькі зараз Вераніка зьвярнула ўвагу на тое, якія тонкія ў яго вусны. Пакрыўджаны хлопчык. Сапсавалі яму, бачыце, такую прыгожую ляльку. “Я скажу яму, я скажу ўсё”, – журботна, зь нейкім болем у жываце думала Вераніка. “Я ж ня супраць лялек. Але чаму б не пагуляць разам. Але ж бедны, бедны хлопчык... Відаць, ніхто яшчэ ў ягоным жыцьці так яго не расчароўваў”. І яна ўжо бяз страху, але ў роспачы, бяздоннай, спусташальнай роспачы глядзела на Ягоны чужы, адслонены, сьмешнаваты цяпер твар, і, падпарадкоўваючыся ўсё той жа, колішняй патрэбе, шукала ў ім пацьверджаньне, абгрунтаваньне сваёй жарсьці. Яна чакала ад Яго радасьці першаадкрывальніцтва, яна прагнула адгадваць Ягоныя загадкі, Яна прагнула трапіць на ягоныя нажы. А высьветлілася, што яны ўжо пражылі разам цэлае жыцьцё, у душнай кватэры, дзелячы Нішто як шлюбны ложак. Вераніка шукала, і не знаходзіла, і давала Яму яшчэ адзін шанец, а Ён – Ён імкліва каціўся ўніз з высокай гары пад назвай Пік Веранікі, і з кожным абаротам губляў вагу, з кожным падскокам на горных карчох станавіўся ўсё больш пляскатым. Ягоны твар, раней такі непаўторны, такі дыямэнтавы, унікальны, запамінальны нават лёгкім прымружваньнем, сьцепаўся ды ссохся, на ім шматкамі матлялася былая, нядаўняя веліч. Чэслаў Карлавіч усё нешта казаў, пагрукваючы бяззубым алоўкам па стале, а Вераніка падалася наперад, упілася вачыма ў Ягоны твар – празь ягоную дагледжаную, выпешчаную скуру праступіў твар Лёнькі, Эдзіка, і таго вычварэнца, а потым брата, Марата, і нейкіх незнаёмых, зусім чужых, якія тым ня менш рашуча заяўлялі свае правы на існаваньне ў яе прасторы, потым зноў Кот, зь якога сарвалі толькі што пагоны д’ябла, і потым, яшчэ больш імкліва: Цьвях, і зноў Веранічыны мужчыны, ах, донна Флёр, паглядзі: гэта зноў Лёнька, вушасты ідыёт зь пярхоцьцем на плячох. Чым, зрэшты, Ён адрозьніваўся ад яго? Чым двое мужчын адрозьніваюцца адзін ад аднаго? Анічым апроч імёнаў, сказала Вераніка аднымі вуснамі, і Чэслаў, нахмурыўшыся, паўтарыў наноў нейкі абзац з падрыхтаванага й вельмі сур’ёзнага – хахаха – сказу.

Вераніка ўскрыкнула й, прытрымліваючы крысо пінжака, узьнялася над сталом. У кутах кабінэту, там, куды прыбіральшчыцы бязь лесьвіцы не дацягваліся, калыхаліся знаёмыя постаці. Вераніка зірнула ўніз і закрычала яшчэ пранізьлівей. Адтуль на яе глядзелі згаладнелыя турысты, цярпліва чакаючы, пакуль яе тушка плясьнецца на стол, на іх ужо крапаў тлушч, яны ўжо адчувалі пах. То ў адзін, то ў другі кут кідалася бездапаможная Вераніка, і цягнулася туды, падмануўшыся так добра вымаляваным тварам, але марна: яны адторгвалі рукі, і гідліва выціралі, і ўхіляліся, і вуліца станавілася ўсё вузейшая.

– Ці ёсьць у вас, Вераніка Бацькаўна, Пытаньні? – сказаў Чэслаў Карлавіч у трэці раз, і Вераніка зноўку сядзела перад гэтай тройцай, і абмацвала сваё цела ў пошуках пытаньняў.

– Не, – выдыхнула яна з палёгкай. – Не...

Яна выйшла й забылася зачыніць за сабой дзьверы, і тады Ён, паслухаўшы трошкі, як аддаляюцца яе крокі, з маладым крэканьнем падняўся й зачыніў.

– Не выцягвае, – крыху смурна прамовіў Чэслаў Карлавіч, узмахнуў нажніцамі ды летуценна ўзяў на іх пару акордаў. – Не выцягвае Веранічка. Не хапае навыкаў. Ды й лянуецца апошнім часам. Неяк мне здавалася, яна будзе больш ініцыятыўнай. Возьмем на яе месца нашую практыкантачку. Волечку. Яна хаця й маладзейшая, але... Але вось зь яе толк будзе. Нутром адчуваю. Займіцеся, Ларыса.

***

У той краіне, адкуль я прыехаў, мужчыны такога веку йдуць у вахторы або гардэробшчыкі. Добры дадатак да пэнсіі – кажуць там, яшчэ і ўнукам на марозіва застанецца. Тут да старасьці ставяцца весялей. Надзеўшы капітанскія фуражкі, яны становяцца зазываламі ў начных клюбах. Можна падумаць, яны гаспадары: кожны прагульваецца ўздоўж вітрынаў, дзе выстаўленае сьвежае, араматызаванае жаночае мяса, і весела прапануе табе завітаць на агеньчык. Ён жа ведае, гэты пажылы дзядзька, над чым ты ня маеш улады, якім бы свабодным ты сябе ні лічыў: над сваім целам. Чарга да цябе дойдзе яшчэ ня хутка, а ён ужо расплаціўся, і, трохі расчаравана выціраючы пот, разгружае свой кош. Усё ж гэта была неблагая крама, думае ён зь лёгкай тугою. Вялікі выбар якасных тавараў. Шкада, што я так хутка выйшаў зь мяснога аддзелу. Паквапіўся на тыя ружовыя каўбаскі. Але ж не вяртацца мне цяпер назад. Увечары перад выходнымі тут такія чэргі.