11.
Вераніцы халодна. Усе мы прагнем валодаць нечым, і калі разумеем нарэшце мізэрнасьць таго, чым можам валодаць насамрэч, мы толькі мацней абдымаем тое, што сапраўды належыць нам: нашае цела. Вось і Вераніка цяпер, седзячы ў сваім кабінэце, які раптам стаў золкі, быццам галоўны гарадзкі праспэкт увосень, шчыльней загортваецца ў сябе саму. Яна абдымае сябе за плечы, потым яе рукі бяруць Вераніку пад рэбры, Вераніка дрыжыць, яе калені дробна падскокваюць, – добра, што гэтага ніхто ня бачыць, што ўсё, пра што мы тут так доўга распавядаем, адбываецца нібы пад сталом, як дрыготка гэтых каленяў, пакрытых гусінай скурай і цёмнай плеўкай панчохаў. Нават калі гэты кабінэт мае вочы, ён не пабачыць таго, як халодна раптам стала Вераніцы. Бледнасьць яе шчокаў заўважаюць толькі тыя, хто ведае Вераніку блізка. Ці шмат такіх асобаў? – Не, зусім няшмат. Бліжэй за ўсё яе ведаў я, я быў яе маці й бацькам, я быў яе шкарлупінай, але я далёка. Я, лепш сказаць, нідзе. Бо гэты вакзал, зь якога неўзабаве адправіцца мой цягнік дадому, – хіба мае ён нейкае вызначанае месца. Я ўжо ня ў гэтай краіне, я яшчэ ня ў той. Я – грамадзянін вакзалу. Вераніка такіх ня любіць. Такія істоты – бы тыя павукі, яны неўпрыкмет заўжды ўцякаюць з задушлівага слоіка ідэнтыфікацыі. Незразумелыя, таму – чужыя, таму – ворагі. Яны рэдка выходзяць на сьвятло ягадных палянаў. Вераніка забівае такіх. Вераніка ставіць на такіх таўро й потым зьдзіўляецца, адкуль на яе руках сінякі.
Яе рукі. Пальцы на гэтых руках. Калі хочаш ацаніць сябе бесстаронна, дай гэта зрабіць тваім пальцам. Да чаго яны дакраналіся за тваё жыцьцё? Што абхоплівалі, падпарадкоўваючыся табе, на чым ты пакідаў свой знак, адбіткі сваіх папілярных ліній?.. Пра гэта варта пісаць. Гэта распавядзе пра цябе больш, чым ты думаў. Пальцы Веранікі. Яны яшчэ такія маладыя, на іх яшчэ няма ні сьледу будучай старасьці. Ружовыя, гладкія пальцы, кіпцюры на якіх ламаюцца, калі займацца цяжкай фізычнай працай. Пальцы, створаныя для ірацыянальных заняткаў. У іх больш эстэтыкі, чым практычнай карысьці. Калісьці яны былі малюпасенькімі, і пазногці на іх немагчыма было ні з чым параўнаць. Гэтыя пальчыкі абхоплівалі вялікі, валасаты палец бацькі, у які ўеўся бруд выжываньня. Гэтыя пальцы трымалі сланоў за хобат. Аловак. Руку маці па дарозе ў гастраном. Растоплівалі сваёй гарачынёй лёд зімовай цукеркі. Лапатка, лыжка, асадка. Утаймаваньне нявыхаваных гузікаў. Лялькі. Парэнчы. Сьнег. Гэтыя пальцы гладзілі мягкіх сысуноў. Трушчылі інсэктаў. Папера кніг, папера дакумэнтаў. Пас школьнага заплечніка. Грошы. Гэтыя пальцы траплялі ў дзьверы, у гэтыя пальцы імкнула душа, калі цемра пералівалася праз край. Гэтыя пальцы націскалі кнопкі. Гэтыя пальцы дасьледвалі сябе з такой упартасьцю, якая дадзеная толькі памылкова створаным істотам. Здаралася, гэтыя пальцы нават думалі. Гэтыя пальцы лашчылі, і трымалі нажніцы, і складваліся ў кулак. І ніколі не стамляліся радавацца новым дотыкам.
“Mne strashno”, – напісала яна на гэтай сьмешнай сваёй лацінцы, якой у яе краіне бракуе, як калісьці бракавала ежы. Але я тут прычым?
Зьнішчыць гэтую ўладу, дзеля сябе, дзеля тых, хто прыйдзе за намі, нават дзеля такой сумнеўнай справы, як будучыня. Зьнішчыць гэтае абсалютнае зло, якое не сустрэла супраціву ў гэтай краіне й таму асела менавіта тут, каб заразіць усё навокал, усё спрэс, ад дзіцячых садкоў да чыноўных кабінэтаў. Ня слухаць іхных просьбаў аб літасьці, пакараць усіх, праліць кроў злачынцаў. Так, з гэтым я згодны. Абагульнены вораг заслугоўвае сьляпой нянавісьці. Назваць усіх пайменна й пакараць іх, лавіць іх паўсюдна, цягнуць за хвасты з іхных нораў, ці то будуць норы законаў, норы эміграцыі, або норы іхных раптам саслабелых здароўяў. Я гатовы ўзяць у гэтым удзел. Зьнішчыць іх, забіць, спапяліць. Але не чапайце толькі Вераніку, яна была маленькай дзяўчынкай, у яе ўнутры цёплая кроў, яна езьдзіла на санках зь лясных узгоркаў і плакала, калі ёй было страшна.
Хіба гэта ня робіць яе недатыкальнай? Непадуладнай нашым судам?
Яна была калісьці дзяўчынкай. Род робіць людзей адушаўлёнымі, нас забіваюць у той момант, калі мы для забойцаў: ня “ён” ці “яна”, – проста “яно”. Калі ў нас больш ня бачаць нас, а бачаць толькі зло, накіраванае супраць пэўных ахвяраў. Пэрсаніфікуй такое зло, і ўзброеная рука апусьціцца. А я, бы тоўстая кніга, залезу пакуль на верхнюю паліцу купэ.