Выбрать главу

Мяжа. Памежнікі. Памежная варта – гэта родная, непрыгожая сястра той улады, дзеля якой працуе Вераніка. Гэтая ўлада прыходзіць уначы, глядзіць на цябе зьверху або сьцягвае зь верхняй паліцы, блішчыць гербам, дзеці крычаць, гэтая ўлада ўпускае цябе да сябе, нібы пад падпіску аб нявыязьдзе. А потым вагон прыўзьнімецца над зямлёй, каб праз пару гадзінаў апусьціцца, але ўжо ў іншае вымярэньне. Мае спадарожнікі сьпяць, ня чуючы, як я спускаюся са сваёй схованкі й, высока падымаючы ногі, пераступаю праз іхныя целы. Выходжу ў тамбур, запальваю й гляджу на скамечаную пасьцель Веранікі, на крошкі гарадкоў, на недапалак, які нехта забыў пад коўдрай.

Dicebant mihi sodales, si sepulchrum amicae visitarem, curos meas aliquantulum fore levatas. Мне казалі прыяцелі, што калі я наведаю магілу сяброўкі, мае раны загояцца.

***

Вераніка стамілася. Ёй чамусьці надта непрыемна ехаць у ліфце з калегамі, і таму яна, высока падняўшы галаву, праходзіць міма іх і, як толькі зьнікае за шклянымі дзьвярыма лесьвічнай пляцоўкі, хавае галаву ў плечы й бяжыць уніз па сходах. Ларыса гукае яе, але позна, Вераніка яе не пачула, і таму прамоўленае імя павісае ў паветры, яго апошні склад зьядаюць сківіцы ліфта. Ларыса пачуваецца няёмка, вакол шмат людзей, і пятнічны вечар кідае на іхныя твары дурнаваты водсьвет. Яны ня могуць стрымаць радасьці. Быў цяжкі тыдзень, яны добра папрацавалі і цяпер пойдуць да банкаматаў.

Вераніка рушыць на вакзал, на вакзале ваенны аркестр грае трыюмфальныя маршы. Але яна збочвае й заходзіць у мэтро. Праз гадзіну каробкі Сьвету ўжо бялеюць за соснамі, маршрутка раптам перастае вуркатаць і проста паволі, па інэрцыі (кіроўца нават адпускае руль) укочваецца ў Сьвет. “Ля аптэкі, калі ласка”, – строга гаворыць Вераніка кіроўцу, і калі той, не пачуўшы, вядзе мікрааўтобус далей, да канцавога прыпынку, яна крычыць на яго ў шаленстве. Ён рэзка тармозіць, і яна бразгае дзьвярыма так, што ў галаве да самага дому гайдаецца цяжэзны звон.

Яна не разбуваючыся праходзіць на кухню, закідвае ў рот пігулкі й запівае паскудна-цёплай вадой. Адна пігулка выпадае з рук і заязджае пад стол. Вераніка хоча нахіліцца за ёй, але разумее, што ў гэтым выпадку яна так застанецца сядзець на падлозе. “Хрэн зь ім”, – думае яна. – “Дома ўсё адно няма ні дзяцей, ні сабакі”. Усё ж яна прымушае сябе пайсьці ў ванну, хаця ўсё яе цела пратэстуе супраць гэтага. Потым яна валіцца ў ложак і адразу ж засынае. Тлустыя, палыселыя, бочкападобныя, бястварыя сны гуртуюцца вакол яе так шчыльна, што Вераніка хапае ротам паветра. Сьцёгны Веранікі такія мокрыя, што на коўдры выступаюць плямы. Не прачынаючыся, яна пераварочваецца на сьпіну. Яе цела награецца, нібы Вераніку паклалі ў печ, яе цела найграе нешта ў дзікім тэмпе. І толькі калі прахалодная сухая рука кладзецца нарэшце на лоб Веранікі, яна прачынаецца. За вакном шэра, гулка, здаецца, што за нізкімі аблокамі хаваецца бяскрайні непразрысты дах, і ў паветры нібы зьвініць апошні, прыпозьнены, летні яшчэ камар.

12.

Я цудоўна ведаў, дзе яна працуе – гэты будынак, які нібы гасьцінна раскідваў перад табой дыван: такім чыстымі, вечна вымеценымі былі прыступкі на ганку, такімі ўзорамі пераліваўся ён падчас сьвятаў. Прыступак было шмат, у кожнага, хто па нейкай патрэбе падымаўся да дзьвярэй, было досыць часу падумаць, ці не па надта ўжо дробязнай справе ён наважыўся патурбаваць уладу. Сярод маіх знаёмых не было чалавека, які б не пабываў там прынамсі аднойчы. Але ж мне нейкім чынам удавалася пазьбегнуць яго наведваньня. Можа быць, таму, што ад улады мне было трэба ня так ужо шмат: па сутнасьці, толькі аднаго – каб яна ня ведала пра маё існаваньне. Усё зьмянілася, калі Вераніка сказала мне аднойчы па тэлефоне, што пайшла працаваць сюды. З таго моманту мае патрабаваньні да ўлады непамерна ўзрасьлі. Я сеў на лавачку ў сквэры паблізу й запаліў цыгарэту.

Гэта быў сквэр пасярод вялікае плошчы, я ня быў тут некалькі гадоў, і таму зьмены ўражвалі. Там, дзе некалі проста на патрэсканым бардзюры тырчала суткі напралёт моладзь бяз пэўных заняткаў, зеўраў цяпер уваход у падземны гандлёвы цэнтар – нібы ўся тая моладзь аднойчы правалілася скрозь зямлю, ад сораму за адсутнасьць жыцьцёвых арыентыраў. Ванкаматы, жэсы, камісіі, бюро, позвы, даведкі, сьціплыя айчынныя гестапніцы, філіялы вялікай фірмы... Я зірнуў на будынак адміністрацыі, і хваля рабскага страху зноў паднялася ўва мне, змакрэлі рукі, перасохла ў горле. Зараз я ўвайду туды, і буду з агідай пазіраць на сваё адлюстраваньне, і ўжо ня выйду назад – выйдзе іншы чалавек, расьціснуты, нікчэмны, шэры, але задаволены, бы пасьля візыту да стаматоляга, калі ўсё ўжо скончылася, але боль яшчэ наперадзе... Гэта для такіх пабудавалі тут новую царкву, замест драўлянай – для тых, хто не сказаў чагосьці на споведзі ў будынку насупраць. Яе крыж сьвяціў, відаць, у акно Веранікі. Перад адміністрацыяй стаялі елачкі ў цёмна-зялёнай уніформе, над будынкам лунаў сьцяг – такія самыя колеры, якія мела апошняе пасланьне Веранікі: “Mne strashno”. Трывога й надзея на мяне, які, уласна, ня меў ніякага абавязку ёй дапамагаць. Далей безь мяне, так я сказаў яе лісту тады, і ўжо пралічваў, дурная башка, у колькі мне абыйдзецца дарога.