Выбрать главу

Я падымаўся па прыступках так доўга, як толькі мог, а будынак ужо разварочваўся да мяне тварам, распасьціраў сьцены – ён нібы круціўся вакол уласнае восі, як тыя чароўныя дамы, у вокнах якіх заўсёды сонца. Я спыніўся і азірнуўся: мне падалося, што на мяне глядзяць з кожнае форткі. Назад дарогі не было. Нечакана насустрач мне выбегла зграя дзяцей у яркіх гальштуках, і абагнула, нібы горны ручай непатрэбны камень, і ўлілася ў мора паўпустое плошчы. Хістаючыся, я падыйшоў да дзьвярэй і, вырашыўшы зрабіць усё як мага хутчэй, адчыніў іх.

Міліцыянт, што сядзеў у холе й слухаў радыё, не зьвярнуў на мяне аніякае ўвагі. Мне не хацелася таптацца тут у яго на вачах, але ліфт блукаў недзе наверсе. Напэўна, я выглядаў, як чалавек, якому карціць у прыбіральню, – прынамсі, жанчына за акенцам абменнага пункту ўсьміхнулася, пазіраючы на мае танцы. Зараз жа да мяне прыклеіўся яшчэ адзін наведнік – яму падалося, што я не націснуў гузік, і ён зрабіў гэта сам, красамоўна, моцна, нібы раструшчваў жука. Хол раптам запоўніўся людзьмі, усе яны сьмяяліся й гучна размаўлялі: мне хацелася ўцячы, але яны вельмі прыстойна сталі ў мяне за сьпінай і чакалі. Неўзабаве ў мяне ўжо было адчуваньне, што ўсе навокал тут знаёмыя паміж сабой: яны абмяркоўвалі графік прыёму, надвор’е і нарэшце задуменна паглядзелі на мяне, чаму я не бяру ўдзелу ў гэтай гульні.

– Не падкажаце, аддзел... – я зразумеў, што ня ведаю, як правільна называецца аддзел, у якім працуе Вераніка, і таму проста назваў яе імя.

– А, Вераніка Андрэеўна, – заківаў адзін. – На пяты вам, пяцьсот пяты кабінэт.

Людзі з палёгкай засьмяяліся, і нехта нават дакрануўся да маёй сьпіны.

– Там на дзьвярах шыльда, – дадала нейкая бабулька, і дзьверы ліфту нарэшце адчыніліся.

Ім таксама было на пяты, толькі зусім да іншага спэцыяліста. Спатыкаючыся аб лічбы й шыльды на дзьвярах, я выйшаў у доўгі, дрэнна асьветлены калідор. Уздоўж сьценаў сядзелі людзі, іхныя галасы зьліваліся ў прыглушаны гул. Па нагах прабег скразьняк. Недзе за паваротам шумна зачынілі дзьверы.

Ён ішоў проста на мяне, зь іншага канца гэтага калідору, я не зусім добра бачыў, як ён выглядае. Я запаволіў хаду, але і ён не сьпяшаўся. Я бачыў яго ў профіль, ён углядаўся ў шыльды, шаргатаў абутак: яму давалі прайсьці. Мы падыйшлі да яе кабінэту адначасова. Недзе паблізу ляскаў ліфт. Я адступіў убок, паказваючы, што не прэтэндую на першынство. На ягоным бледным твары было нешта ліхаманкавае. Ён паматляў галавой – маўляў, яму не сюды, і я ўжо хацеў запытацца, хто апошні, калі ён зрабіў гэта сам.

Ён зірнуў на мяне зь нянавісьцю й сеў. “Значыць, я за вамі?” – спытаў я, і ён працадзіў у адказ: “Ну”. Тут жа чаргу занялі за мной, і нехта, хвалюючыся, прачыніў дзьверы, каб праверыць, ці сапраўды тут прымае Вераніка Андрэеўна. Чарга паціху ўтрэслася, і зноў ціха загула.

***

Туш для вейкаў падаўжае іх і надае ім моцы. Яны становяцца больш пухнатымі й густымі. Але туш карысная ня толькі з эстэтычнага гледзішча. Яна ўтрымлівае таксама шмат пажыўных дабавак, дзякуючы якім вейкі становяцца больш доўгімі, трывалымі й шаўкавістымі.

Для таго, каб вейкі здаваліся больш пухнатымі й густымі, перад нанясеньнем тушы прыпудрыце іх звычайнай пудрай. Часьцінкі тушы асядуць на вейках, нібы расчэсваючы іх. Зручна фарбаваць вейкі шчотачкамі са сьпіралепадобнай шчэцьцю, такія шчацінкі кожную вейку фарбуюць асобна і адначасова разьядноўваюць іх.

Пакрыўшы вейкі першым слоем тушы, пачакайце дзьве-тры хвілінкі, а затым нанясіце другі слой. Калі вы пакрыеце вейкі тушшу занадта рана, яны склеяцца. Не фарбуйце вейкі моцна на ніжніх павеках. Такія вейкі будуць падобныя да ценяў, і ад гэтага твар будзе выглядаць стомленым.