– Але мне трэба да начальніка, – раздражнёна прамовіў чалавек і паглядзеў ёй у вочы. – Толькі да яго. Гэта занадта важна.
– Добра, – сказала сакратарка нарэшце. – Я яму паведамлю, самі паслухаеце, што Чэслаў Карлавіч адкажа.
Яна націснула кнопку. “Да вас наведнік,” – спакойна прамовіла яна. “Запэўнівае, што справа неадкладная. Слухаць нічога ня хоча, Чэслаў Карлавіч,” – раптам дадала яна амаль жаласьліва.
– Не цяпер, – пачуўся незадаволены голас Чэслава. – Я заняты. Раскажыце таварышу пра графік майго прыёму. Хаця... Упусьціце, так і быць...
Наведнік пераможна й пругка падняўся. Празь дзесяць хвілінаў Чэслаў Карлавіч ужо бегаў па кабінэце і амаль крычаў:
– Ну зразумейце, таварыш дарагі, спадар, унучак! Калі кожны будзе вось так заходзіць наўпрост да кіраўнікоў, то нам на кіраўніцтва часу не застанецца! І для чаго, па-вашаму, сядзяць у кабінэтах нашыя супрацоўнікі? Попу праседжваюць, думаеце? Для таго, унучак мой даражэнькі, каб працаваць з вамі, з народам нашым любімым, каб дапамагаць яму будаваць і сеяць спакойна! Ну чаму, чаму да начальніка аддзелу фізычнай культуры ніхто не забягае проста так, сказаць, што ў яго лыжы скралі, а да мяне – як на кубачак гарбаты? Што мне, рабіць тут няма чаго? Я ж вас не выганяю, я ж вас спакойна выслухаў, я ж вас у непрыёмныя гадзіны прыняў, я ж любога з вас з распасьцёртымі абдымкамі, у любы час! Але ж разуменьне трэба мець! У пяцьсот пяты, у пяцьсот дзявяты кабінэт зьвярніцеся! Дзеля ўсяго сьвятога!
Чэслаў Карлавіч схапіў слухаўку й пракрычаў у яе некалькі неразборлівых фразаў. Чалавек з сумкай на каленях выслухаў усё гэта з філязофскім выразам на твары, і калі Чэслаў Карлавіч скончыў, ветліва ўсьміхнуўся й сказаў:
– Але ж гэта быў не звычайны крадзёж. Гэта была фашыстоўская дывэрсія. Зьнікненьне гэтых часопісаў, выпісаных для Дому культуры мной асабіста, нанесла вялікія страты ідэалягічнаму выхаваньню. На цэлы тыдзень нашы чытачы засталіся неабароненымі. Іхныя душы ў ворага як на далоні. І ён шанцу ня ўпусьціць. Вы ж гэта лепш за мяне ведаеце.
Чэслаў Карлавіч застагнаў і пляснуўся ў фатэль.
– І гэта ў той час, калі ў краіне вядзецца барацьба зь бюракратызмам, – расчаравана, але цалкам ураўнаважаным голасам сказаў наведнік. – Я ж ведаю, колькі праляжала б мая заява, зьвярніся я да вашых супрацоўнікаў. Вы б яе, можа, і зусім ня ўбачылі.
– У міліцыю спачатку трэба йсьці, – прахрыпеў Чэслаў Карлавіч, – у міліцыю! І потым ужо да нас.
– У міліцыі я быў, – сказаў наведнік. – Ня столькі важны факт крадзяжу, колькі матывы.
– Я ўжо даў указаньне, – стомлена сказаў Чэслаў Карлавіч. – Зайдзіце ў пяцьсот дзявяты. Там працуе інспэктар, яна ўсё праверыць.
– Пяцьсот дзявяты, – працягнуў тужліва наведнік. – У той час, калі трэба біць ва ўсе званы... Бывайце. Я знайду, куды зьвярнуцца.
Чэслаў Карлавіч працягнуў наведніку руку, але той толькі пакланіўся суха й выйшаў. “Выклічце мне Ларысу”, – пакутніцкім голасам сказаў Чэслаў Карлавіч у слухаўку й заплюшчыў вочы.
Наведнік прасьлізнуў у калідор і хутка прайшоў у прыбіральню. Там ён зайшоў у адну з кабінак і прыслухаўся. Вусны яго варушыліся. Рука палезла ў кішэню, але тут жа вярнулася назад. Нехта зайшоў за ім усьлед, доўга паліваў пісуар і, не памыўшы рук, выйшаў. Наведнік, паўзаплюшчыўшы вочы, напружана слухаў цішыню. Але зь цішынёй нічога не адбывалася. І тады наведнік злосна ўдарыў па плястыкавай сьценцы так, што яна трэснула. Ён зірнуў на яе з шаленствам і ўдарыў зноў. Гэтым разам па сьценцы пайшла ўжо такая расколіна, якая амаль дасягала падлогі. Наведнік зірнуў на гадзіньнік і выйшаў у калідор.