Выбрать главу

Яе імя. О, маю Вераніку, дзякуючы яе бацькам, што выбралі яго, можна было так лёгка расьцягнуць па частках, і кожная ўпрыгожыла б асобны літаратурны салён! Валасы Веранікі, зубы Бэрэнікі, царыцы, пэрсанажы, сьвятыя!.. Я нават хацеў стварыць нешта ў яе гонар, у нашыя найлепшыя зь ёй часіны. Верш або песьню. Інтэрнэт зруйнаваў мае ілюзіі. Незнаёмыя нікому, апрача сваіх friends, аўтары, уладальнікі мёртвых livejournals, ляўрэаты тупых прэміяў і вечна юныя клясыкі онлайну даўно скарысталі яе ймя і ўсё, што яго аздабляла, нашчоўкалі сваіх аднаразовых тэкстаў ды выкінулі іх, бы выдалілі спам.

2.

На дзясятым коле Вераніцы здавалася, што ногі ёй ужо не належаць, – яна пакутліва ляцела над разьбітым асфальтам, пакрытым кветачнымі язвачкамі, а ногі беглі побач, то наганяючы Вераніку, то адстаючы; прыцяжэньне бурай зямлі паабапал дарожкі станавілася ўсё больш навязьлівае. З роспаччу яна намагалася ўспомніць гэтае адчуваньне роднаснасьці з уласнымі нагамі, прымусіць сваё цела зноў кіраваць імі, якія хрыпла брахалі недзе ўнізе, бы дакучлівыя, злыя сабакі. На наступным коле ногі літаральна блыталіся ў нагах – страшнае адчуваньне, бо прабегла яна значна менш, чым думала, потым яна ўжо й ня бачыла ног, перад вачыма толькі трэсьліся грудзі, балючыя, нацертыя нелюбімым шэрым станікам. Да настаўніка, які трымаў перад сабой сэкундамер, было як да месяца, але вось нарэшце і ён: Вераніка ведала, што настаўнік махне рукой перад самымі грудзьмі, сыгналізуючы пра апошняе кола, але самога сыгналу ня бачыла, бо бегла з апушчанай галавой, на дне якой боўталася яе перапуджанае сэрца. Яна б узьняла галаву, яна б нават закусіла вусны ды прышпорыла сябе, калі б там, у канцы кола, стаяў нехта, чакаючы толькі Вераніку ды нікога болей, з кветкамі, з шырокімі абдымкамі, хто-небудзь, на чыіх грудзёх яна б змагла суняць ліхаманкавае дыханьне, але там быў толькі цярплівы фізрук, у чарзе да якога яны бавілі час, на бляск сэкундамера якога яны паслухмяна зьбягаліся. Чаму яна робіць гэта? – таму што так трэба. Ну, не з жаданьня ж стаць здаравейшай, якое там здароўе, галава баліць кожны дзень і ванітуе часта з раніцы, – толькі дзеці могуць верыць, што спорт карысны дзяўчатам, а чаму яна гэта робіць? – таму што так трэба. Тамуштотактрэба, тактрэба, тактрэба... Яе ногі ў кароткіх сініх шортах марудна падалі перад ёй ды падымаліся, і перад вачыма заходзілі адна за адну ненавісныя канструкцыі – лесьвіцы, канаты, бярвеньне, за нэўтральнай паласой дзьмухаўцоў. Недалёка хлопчыкі расьпіналі кагосьці на перакладзіне. Яшчэ адзін год, яшчэ адно кола. Настаўнік асьцярожна ступіў на дарожку, махнуў рукой, ледзь не закрануўшы рэшткі Веранікі, ды адскочыў назад, на дзьмухаўцы.

Яна падае ў прымятую траву, ды на самы копчык, але моцы ўскрыкнуць ужо няма, з ног ідзе доўгі бесьперапынны, пранізьлівы гудок, закладвае вушы, яна адчувае, як пахнуць, астываючы, тоўстыя дзяўчаты, што шумна аддыхваюцца поруч. “У мяне ледзь матка ня вывалілася,” – абвяшчае Таня, якую летась пакінулі на другі год, ды рагоча, фізрук не зважае на гэтую гучную заяву. Вераніка кладзецца на сьпіну, неба ды сэрца паволі вяртаюцца на свае месцы, яна пастаўляе ветру ногі ды думае пра тое, як прыемна было б цяпер зьняць станік, ды шорты, ды майку з мокрым малюнкам, што залез пад пахі... А яшчэ не дае спакою пытаньне, ці не апошняя яна. Вераніка гладзіць свае ногі ды ўзіраецца, мружачыся, у заліты сонцам стадыён: не, не апошняя, яна ў сярэдзіне, вось яшчэ бягуць, і вось тая паўзе, і вось тую калоціць на хаду ад перадапошняга кола. Кагосьці настаўнік стрымана пахваліць, з кімсьці пажартуе, а тым вунь скажа абавязкова нешта прыніжальнае, ён бяз гэтага ня можа, а Вераніцы нічога ня скажа, і дзякуй богу.

***

Дзяцінства неяк усё загарнулася, нібы фотаальбом; маці, якая пэўны час, некалькі гадоў, проста не існавала, толькі голас, нос у дзёньніку ды паліто на вешалцы, – маці раптам зноў стала жывой, адчувальнай, – занадта жывой, адзначыла Вераніка, і неўзабаве яны сядзелі з маці на драўлянай лаўцы ў лазьні, толькі што звараныя жывымі, ды моўчкі глядзелі перад сабой, па чарзе ўздыхаючы, – у кожнай унутры яшчэ клакатаў кіпень. Асякаючыся на кожным слове, звонка пакрыквалі за дзьвярыма тазы; пад самаю столяй, дзе былі вузкія акенцы, поўзалі аранжавыя водсьветы вячэрняга сонца, побач асьцярожна, нібы пабойваючыся пераблытаць пекла з чыстцам, праходзілі жанчыны рознага ўзросту ды пароды, зрэшты – зь нязьменнай асалодай на тварах ад вольнай гадзіны. Дзьве пажылыя цёткі, падобныя да дабрадушных сланіхаў, пілі за сталом піва, потым прайшла незадаволеная чымсьці хударлявая кабета, ведучы за руку пакорлівага хлопчыка, які зацікаўлена круціў вачыма ды наступіў Вераніцы на палец, затым нейкая буйная, з круглай галавой, падыйшла да іх ды пачала распранацца, і Вераніка з жахам глядзела на фіялетавыя плямы, якімі пакрыты быў жывот гэтай жанчыны, – аказалася, Вераніка прыхілілася да вольнае шафы, і давялося шчыльней прысунуцца да маці... Вось тут Вераніка, усе думкі якой, здавалася, былі пакінутыя ў парылцы, і зьвярнула ўвагу на матчыны ногі, дакладней, на тое, як яны, пачынаючы ад костачак, густа зарослыя чорнымі валаскамі, Вераніка ніяк не магла адвесьці ад іх позірк, яна ўпершыню заўважыла гэтае валосьсе, і чым даўжэй яна глядзела на яго, пакуль яно паволі высыхала, тым яно здавалася ёй гусьцейшым, чарнейшым, пачварнейшым. Валаскі былі тугія, жорсткія, ішлі па назе як мноства швоў, іх лініі разыходзіліся пад самымі каленямі, каб зноў сустрэцца ўверсе ды згубіцца нарэшце пад жыватом, Вераніка глядзела: і ня верыла сваім вачам, наогул, ёй здавалася раней, што жанчыны ня могуць мець на нагах расьліннасьці... Яны сядзелі й маўчалі, у іх быў яшчэ час, бацька з братам любілі пасядзець у лазьні да поўнае зьнямогі, Вераніка марна прымушала сябе не глядзець на гэтыя валасатыя, жахлівыя, блакітнаватыя ногі, валасы паціху сохлі ды кучаравіліся, але меншымі не здаваліся. Маці раптам зірнула на яе, нібы ўсё зразумела, і Вераніка стала вывучаць свае ногі, якія, як высьветлілася – і гэта была катастрофа! – таксама не вылучаліся юнай галізною ды гладкасьцю; Вераніка пабачыла, што і яна мае валаскі па ўсёй назе, рудыя, непаслухмяныя, на лытках сапраўдная барада, унізе трохі радзей, але ўсё адно – лес, пушча, гушчар, ратуйце!