Спачатку гэтая машына проста паволі праехала міма, нібы вольная таксоўка. Вераніка рэдка езьдзіла на таксі, толькі, можа, разы тры за сваё жыцьцё й праехала... Тым ня менш яе інстынкт нешта ёй такое зашаптаў, холадам пахнула з боку мікрараёну, і крык, які пачуўся з падземнага пераходу, нагадаў ёй чамусьці крык болю, хаця гэта наўрад ці было так, хутчэй за ўсё нехта некага ўшчыкнуў... Хутчэй за ўсё нехта некага ўшчыкнуў – пераконвала яна сябе, каб прагнаць страх, гледзячы ўсьлед фарам той машыны, што гасьлі між частаколу слупоў, але фары станавіліся ўсё ярчэйшыя, і машына заднім ходам пад’ехала да замерлай Веранікі ды пратрубіла двойчы. Жанчына зь дзіцём і мужчына адыйшлі ў цень пад навесам, і Вераніка ўжо ня бачыла іхных твараў. Ліхтары гарэлі над прыпынкам роўна, не міргаючы, як гэта часта здаралася ў Сьвеце, і Вераніка адчула сябе як на нечай вялікай далоні. Самотнай і зьмерзлай. Машына пратрубіла яшчэ двойчы ды падкаціла да самага прыпынку. З вакна высунуўся сымпатычны малады чалавек ды, сьмеючыся, крыкнуў: “Эй, дзяўчо, гэта мы табе, ня чуеш, ці што?”. Было б гэта ўдзень, Вераніка знайшла б што адказаць, да таго ж хлопец быў значна лепшы за Эдзіка зь ягоным кіно не для ўсіх і жаласьлівымі вачыма. Але цяпер нешта Вераніцы замінала, што, цяжка сказаць... Яна глядзела на хлопца, які сказаў нешта яшчэ ды чакальна ўтаропіўся на яе ногі, ды думала, што ж у ім ня так... Вырашыла, што лоб – лоб быў маленькі, вузкая палоска паміж моднай стрыжкай і вялікімі вясёлымі вачыма. Была ў гэтым ілбе таямнічая загана, нешта страшнае, як зубы яе колішняга аднаклясьніка Драгунова, якімі ён аднойчы прагрыз шыю ціхай троечніцы Людзе... “Едзем ці не?” – скулы хлопца падрыгвалі, машына стаяла зусім блізка, і Вераніка бачыла, што ў ёй сядзіць яшчэ некалькі чалавек, кіроўца барабаніў кулакамі аб стырно ў такт музыцы. Вераніка вырашыла пайсьці да навесу, там стаялі людзі – яна падумала пра жанчыну зь дзіцём і мужчыну зь нейкай удзячнасьцю, гэта добра, што вы людзі, няхай вы заўсёды будзеце са мной на прыпынках гэтага сьвету! “Ідзі ў мэтро, у мэтро бяжы!” – крыкнула ёй жанчына, схаваўшы дзіця за сьпіну, і Вераніка не адразу зразумела, што ёй крычаць, але было позна – хвіліны не прайшло, а яна ўжо ехала на заднім сядзеньні, між двух радасных істотаў, якія сьціснулі яе гарачымі бакамі, і кіроўца зрабіў музыку гучней. Вераніка замоўкла, стараючыся запамінаць, куды яны едуць, але машына проста завярнула да мікрараёну ды рынулася, абганяючы тралейбусы, у гушчу высотных дамоў. “Зрабі цішэй!” – кінуў той, які клікаў Вераніку на прыпынку, і павярнуўся да яе:
– Дык а для каго ж ты, мая харошая, такую сукенку апранаеш? Нашто хлопчыкаў бедных дражніш? Што, такая маленькая, што не разумееш? Не, малая, дарослыя гульні – трэба і адказваць па-даросламу. Ну скажы, для каго?
– Для сябе, – адказала Вераніка ціха, вырашыўшы, што размова трохі супакоіць свалачэй.
– Для сябе? – хлопец вельмі фальшыва засьмяяўся. – Але ж ты не адна па вуліцах ходзіш... На цябе ж хлопчыкі глядзяць... А хлопчыкам хочацца... За такія ножкі пацаны на любыя подзьвігі...
Яны зьнізілі хуткасьць і пачалі блукаць па мікрараёне, фары выхоплівалі зь цемры цэлыя натоўпы моладзі, якая махала ім рукамі, кідалася недапалкамі ды лаялася добразычліва ў паўадчыненыя вокны.
– Яшчэ Пушкін пра ножкі пісаў... Як гэта... Ня памятаю, бляха...
– Ну скажы, ты ж для нас ножкі свае... паказваеш... – закашляўся той, што мацаў Вераніку справа. – Скажы...
– Ну, калі й не для нас, то сапраўдны пацан заўсёды падзеліцца, – змрочна прамовіў той, хто сядзеў сьпераду. – Мы пацаны неблагія, усе маладыя антыфашысты, усе працуем, усе вучымся... Як такім ня даць...
Рукі ўжо даўно гулялі па яе каленях, а адна – невядома, чыя менавіта, лезла вышэй, але тут кіроўца выдыхнуў: “Прыехалі!” і затушыў цыгарэту. Хлопцы доўга спрачаліся, хто пойдзе ў начнік, урэшце пайшлі той, што справа і той, што сядзеў сьпераду. Вераніка абхапіла рукамі вызваленыя на хвіліну калені ды бесьперапынна глытала сьліну. Яе сусед выйшаў, аблізваючыся, ды стаў каля дзьверак, расшпіліўшы нагавіцы ды паліваючы сьметніцу, кіроўца стаў з другога боку. “Бяжы”, – пачула яна раптам каля вуха, схапіла з падлогі сумку ды вылецела вонкі, ледзь ня трапіўшы пад грузавік, ды пабегла, спатыкаючыся, не аглядваючыся, не задумваючыся, скідваючы туфлі, хапаючыся за зоркі, наступаючы на шкло, адшпільваючы рукі, здымаючы мімаходзь галаву, адломваючы грудзі, шпурляючы ў хмызы каля аўтазапраўкі ногі з сапсаванай у сьпешцы разьбой.