Пляменьнік быў тоўсты, чатырохгадовы, справядлівы, як удзельнік продразьвёрсткі, і па-каралеўску дабрадушны. “Гэта загоіцца”, – запэўніў ён Вераніку, тыцнуўшы пальцам ёй у смочку, якая цёмнай кропкай прабівалася скрозь станік і белую тонкую майку, а калі яны ўсе разам селі нарэшце піць гарбату, пляменьнік заўважыў, што на мамінай цукерцы няма крэмавага ўзору, а на Веранічынай ёсьць: скалупнуў дзелавіта палову ды прынес маме – вось цяпер усё як мае быць. Яшчэ калі імбрык толькі закіпаў, Вераніка зайшла баязьліва ў ягоны пакой, спынілася на парозе, няўпэўнена працягнула малому падарунак – гоначную машыну, той уздыхнуў расчаравана, паглядзеў на Вераніку са шкадаваньнем, але правілы гульні прыняў, сеў на падлогу, прасуючы нехаця машынай квяцісты дыван: туды-сюды, туды-сюды, гоначных машынаў у яго была процьма, цэлы аўтапарк... Прадэманстраваў з гордасьцю гульнявую прыстаўку, але джойсьцік у рукі ня даў: не дарасла ты яшчэ да таго, каб страляць, цётка Вераніка.
Гарбата была амаль дапітая; пляменьнік раптам залез Вераніцы на калені. “Ну, як вучоба, Веранічка?” – ухмыляўся Віктар (не пасавала яму гэтае імя), а яна ня слухала; новыя, незвычайныя адчуваньні паколвалі знутры, яшчэ ж нядаўна сама сядзела на каленях у старэйшых, а цяпер вось – дарослая, ды якое там – старая цётка, васямнаццаць споўнілася, дзяцей на каленях трымае. Яна ўжо неяк трымала на каленях маленькую дзяўчынку, суседзкую ўнучку, хлопчыкі ўспрымаюцца неяк па-іншаму, нешта цёплае йдзе ад таго месца, дзе сканчаюцца іхныя пульхныя лыткі, дадатковая такая цеплыня, ненармальная, і дзіўны яе дотык... Пляменьнік доўга сьвідраваў лыжкай цукерку, а потым абмяк, наваліўшыся на жывот Веранікі, задрамаў; Вераніка падумала пра свой жывот – вось жа, калі-небудзь у ім пачнецца нечае жыцьцё, а яе жыцьцё пачне зваротны адлік, і як бы ты ні старалася, нічога з гэтым ня зробіш, не прыдумана лекаў, яна нечакана адчула свой жывот як нешта асобнае ад сябе, нібыта яна яго праглынула, праглынула ўласнае чэрава, якое напоўніцца калі-небудзь зьмесьцівам. Там, дзе нешта прыбывае, мусіць нешта зьнікаць, гэта закон фізыкі. Як гэта будзе? – задумалася Вераніка. Нараджаць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Пэўны час чалавек замест вопраткі носіць уласную маці, сказаў той філёзаф, які, на жаль, апынуўся фашыстам, пра гэта па тэлевізары паказвалі. А вось прыехаць заўтра да Эдзіка ды скарыстацца ім, а потым глядзець, як напінаецца жывот, слухаць торканьне ўнутры, ганарыцца, галінка з пупышкай. Гэта так лёгка, аказваецца. Трыюмфальнае вяртаньне яе дзіцячых лялек. Пляменьнік прытуліўся да яе, сястра не заўважала нічога, балбатала з маці. “Ня сьпі, зьмерзьнеш!” – бадзёра выгукаў Віктар у іх бок, пасьля доўгіх роздумаў прынесшы яшчэ гарэлкі. Дзядзькі ды іхныя жонкі ўздыхнулі ды загаварылі яшчэ гучней, усе адначасова. Бацька сядзеў пахмурным арлом, не адрываючыся ад “Дыскавэры”. Потым жанчыны раптам сьціхлі, нібы па камандзе ўтаропіўшыся ў свае талеркі, і раптам зацягнулі надрыўным хорам дзяржаўны гімн:
Вось хто-та з горачкі спусьціўся,
Наверна мілы мой ідзёт,
На ім зашчытна гімнасьцёрка,
Ана с ума міня сьвідзёт.
На каленях Веранікі, зьвесіўшы рукі паміж ног ды дакранаючыся мокрай маленькай далоняй да яе лыткі, сядзеў чалавек, якога нядаўна яшчэ не было. Не існавала. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Зямля й без гэтага чалавека жыла няблага. Прынамсі, патрэбы ў ім ня мела. Вось якія складаныя думкі наведваюць тваю сьветлавалосую галаву, Вераніка. Але ён усё адно зьявіўся ды прагне свайго месца на зямлі, свайго кавалка мяса, сваёй долі сонечнага сьвятла, ён займае месца ў прасторы, у рэшце рэшт. Чвэрць ягонага жыцьця складае адзін год. Год таму Вераніка вучылася ва ўнівэрсытэце, а ён ужо пражыў чвэрць жыцьця. Неверагодная матэматыка. Калі-небудзь Веранікі ня будзе. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Пэўны час яна яшчэ будзе займаць месца, замінаць іншым, пасіўна ўплываць на тое, што пакінула, а потым і гэта скончыцца. Не ўкладваецца ў галаве. Як гэта: скончыцца. Як гэта: паміраць? Паміраць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Клічуць бога. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Але не цяпер, не цяпер, чуеце? Думаць пра такое – нібыта адплюшчыць вочы перад яркай лямпай ды асьлепнуць, бо зрок не вытрымлівае такога. Дайце мне яшчэ пажыць з заплюшчанымі вачыма, пад накрыўкамі павекаў, пад іх звычнай, надзейнай абаронай. Нараджаць, паміраць. Гэта толькі словы, словы-дзеясловы. Не, я не хачу ў гэтую чаргу, я лепей зайду сюды раніцай, калі ўсе на працы. Дзеці – гэта так здорава, спахапілася Вераніка, у мяне будуць двое. Пляменьнік прачнуўся, і вочы Веранікі засьлязіліся раптам ад замілаваньня, бо гэты таўстун азіраўся навокал так няўцямна, ды круціў чамусьці цёмныя ўскудлачаныя валасы над вільготным ілбом, нібы дастаючы зь іх заселыя аскепачкі сну. Якія яны безабаронныя, жахнулася Вераніка, такая непрыемна вялікая пад гэтым непаваротлівым сонным целам, якое пачало ціха румзаць, бо на яго не зьвярталі ўвагі. Газавыя пліты, нізкія падваконьні, шалёныя сабакі, п’яныя за стырном, маньякі, выбоіны ў асфальце, запалкі, цьвікі, брудныя кніжонкі, цёмныя пад’езды, прадаўцы чалавечых органаў, мацяркі-забойцы, няздарныя ўрачы, настаўнікі-пэдафілы, цэгла з даху, вірусы, ды яшчэ фашысты, фашысты, фашысты, на іх ніколі нельга забывацца, яна чула, яны сталі ўсё часьцей пралазіць у школы, кідаюць дзяцей, як кажуць у народзе, на амон, прыкрываюцца як жывым шчытом, дарослыя злачынцы... Як можа той, каго нарадзіла жанчына, быць здольным на такое: хавацца за сьпінамі дзяцей, убіваючы ім у неразбэшчаныя галовы ўсялякую заразу, замбіруючы тых, хто гуляе з гоначнымі машынамі. Нелюдзі, яны сапраўды нелюдзі, адкуль толькі яны маглі ўзяцца. Выйшлі з чэрава гэтай зямлі й хочуць зганіць яе, зьнявечыць, зьнішчыць. Гэта як забіць уласную маці. Тыя, сюжэт пра каго яна бачыла ў “Крымінальнай хроніцы”, такія й былі – нават зьнешне, нахабныя, з ачмурэлымі ад наркотыкаў вачыма, сытыя, добра апранутыя, здаровыя, сын і дачка, якія забілі маці-пэнсіянэрку недзе на ўскраіне гораду...