Выбрать главу

Назаўтра падымацца давялося на гадзіну раней, першы аўтобус быў яшчэ больш душагубны за той, на якім яна звычайна дабіралася да гораду, і яна ўсё выдыхала паветра сабе пад нос, бо ёй здавалася, што з рота непрыемна пахне. Мужчыны, якія не віталіся зь яе бацькам, узялі Вераніку ў шчыльнае кальцо, абараняючы ад тых, хто на сьвяты лез да бацькі з кулакамі – але за абарону трэба было плаціць, а яна ўсё ўхілялася ад аплаты гэтых шчырых паслугаў – абаронцы цясьней і цясьней змыкаліся вакол яе, прыціснутай да поручня; яна стаяла ў гэтым дзіўным памяшканьні, бяз вокнаў, з жывымі рухавымі сьценамі, па-за якімі гудзела аўтобусная гаворка. Вераніцы ўсё здавалася, што пасажыры маўчаць, а гаворыць нехта адзін, бясконцы нецьвярозы маналёг, у якім нічога не разабраць, – быццам энэргічна трасуць учорашні нумар “Маладога антыфашыста” і адтуль сыплюцца словы. Памяшканьне было трохкутнае, бо і абаронцаў было трое, паміж імі існавала таемнае злучэньне, і варта было Вераніцы памкнуцца ў раптоўна ўзьніклы прагал, трэцяя пільная сьцяна адразу ж прыводзіла ў дзеяньне дзьве астатнія, і праход зачыняўся. Наверсе пагойдваліся тры абыякавыя галавы, унізе запраўленыя ў джынсы жываты гулялі, перакідваючыся Веранікай, нібы мячом. Урэшце яна пакорліва ткнулася ў адзін з жыватоў, вырашыўшы перацярпець, і два другія раўніва пачалі адганяць яе ад пераможцы, ім хацелася аднаго – справядлівасьці, гэтым клятчастым жыватам, а рукам хацелася яшчэ болей, ды толькі зайздрасьць да супернікаў не давала ім волі, прымушала ляжаць на торбах ды пахнуць, як дрэнна пратушанае мяса. Тры іншыя рукі паглядвалі на тое, што адбывалася, з поручня, як хцівыя птушкі, толькі й чакаючы, калі можна будзе даядаць аб’едкі, але баляваньне ўсё не пачыналася.

Прыхінуўшыся да цёплага жывата, Вераніка прыплюшчыла вочы й з жахам зразумела, што тэкстоўкі яна ня памятае, ані слова, яна памятала толькі, што ў канцы там, у перадапошні радку, было “за подзьвіг тарбамі”, да чаго ж было гэтае “тарбамі”, хто яго ведае, гэта гучала як “дзякуй” – маўляў, тарбамі вам вялікі за подзьвіг, ды няма за што, гэта вам тарбамі, што памятаеце пра нас! Не магло там быць аніякага тарбамі, але Вераніка чамусьці памятала менавіта гэтыя словы; яна паспрабавала ўявіць сабе аркуш з раздрукоўкай, яна мела фатаграфічную памяць, як сказаў ёй неяк апэратар на вясельлі стрыечнай сястры, – уявіла, цудоўна ўявіла пакамечаны аркуш, на які яна ўчора ўвечары крапнула гарбатай, там так і было ў тым радку: за подзьвіг тарбамі па-па-па-па-па-па, можа, яна забыла знак пераносу. Вераніка пачала ліхаманкава шукаць словы, якія маглі б пачынацца з “тарбамі-“, але так і не знайшла, затое ўспомніла, што другое слова ў тэкстоўцы было “паклон”. Натхнёная сваім маленькім посьпехам, яна вырашыла дастаць аркуш, як толькі выйдзе з аўтобуса. Аркуш з тэкстоўкай, між тым, зусім перастаў адчувацца ёй як нешта сэнсоўнае. Набор шэрых літар, вынік кароткай агоніі струменнага прынтэра. Яна адчувала, як вызваленыя скразьнякамі на прыпынках з-пад апекі заколкі валасы варушацца на макаўцы ды вільгатнеюць ад пяшчотна-пажаднага подыху нябачнай галавы ўверсе. Рэшткі выдыхнутага галавой паветра даляталі й да яе носу, разам з даўгім, родным, сьветлым воласам, які успырхваў да вачэй кожны раз, калі яна дзьмула на яго, заадно правяраючы чысьціню ўласнага дыханьня. Цьвёрды жывот ля шчакі бурчэў, і яму адгукаўся жывот Веранікі, якая так і не пасьнедала праз свае ранішнія трывогі. На патрэбным прыпынку, ужо каля мэтро, сьцены неахвотна расступіліся, яна шмыгнула ў пройму, мімаходзь выцягваючы лісток, абярнулася: адзін з абаронцаў быў яе сусед Юрык, ён весела ашчэрыўся, засьвістаў ды паехаў далей, на працу.

Яна праверыла, змагаючыся зь ветрам: там і праўда стаяла “тарбамі”. Гэта заспакоіла Вераніку, не яна ж пісала тэкст, тарбамі дык тарбамі, значыць, камусьці так трэба. Хутчэй за ўсё, гэтае слова мела сэнс, яна ж тады вучылася толькі на трэцім курсе й штомесяц дзівілася, колькі незнаёмых словаў існавала на сьвеце да яе паступленьня ва ўнівэрсытэт. Пэдоляг, напрыклад, або манкурт – для Веранікі гэтыя словы значылі столькі ж, колькі тарбамі. “За подзьвіг пэдолаг, за подзьвіг манкурт” – гучала ня лепш і ня горш, чым “за подзьвіг тарбамі”. Можа, гэта была частка сцэнару, які пісалі, вядома ж, зь ведама й пад кантролем дэкана. Вераніка прыехала да вучэльні роўна а дзявятай. Вецер грыз сьцягі, госьці з ваенкамату трымаліся абедзьвюма рукамі за фуражкі, нібы побач прызямляўся верталёт. Ёй сунулі пілётку колеру дзіцячае нечаканасьці. “Пытаньні ёсьць?” – запыталася строгая баба з файным, зрэшты, макіяжам. “Тады ў бой! Ні пуха!”. “К чорту!” – прашаптала Вераніка. “Та-а-ак!” – баба, якая ўжо зьбіралася йсьці да трыбуны, павярнулася да яе ды ўшчыкнула за шчаку. “Ня мямліць толькі! І...”. Баба прыдзірліва агледзела Вераніку ды спрытна выцягнула зь яе валасоў заколку. “Так рамантычней! А пілётку трымай у руках. Паехалі!”