Выбрать главу

Варта на нейкі час вярнуцца да тытраў. Стрыжка Веранікі не марудзіла з наступствамі. Яна сядзела ў сквэры побач з кімсьці бронзавым па прозьвішчы Голубеў, а Эдзік недалёка “піў піва зь сябрамі”. Што яна рабіла ў сквэры, цяжка сказаць, яна сама ня ведала, сядзела, закінуўшы нагу на нагу. Напэўна, усё так і было, як патлумачыў ёй потым Эдзік – яна чакала, каб паглядзець на сваю новую стрыжку вачыма незнаёмага мужчыны. Але яна сама ні пра што такое ня думала. Яна наогул часта сядзела ў тую восень вось гэтак адна ў парках і сквэрах, або плакала без прычыны, або не магла спаць уначы, нібыта забыла, як гэта робіцца. Вераніка заўважыла неяк – калі пачаць аналізаваць найпрасьцейшыя чалавечыя дзеяньні, яны становяцца мярзотна-бессэнсоўнымі, і ворганы, якія ў іх удзельнічаюць, пачынаюць здавацца нейкімі прышытымі... Напрыклад, спажываньне ежы. Нельга задумвацца над тым, як яно адбываецца. Якое задавальненьне, сапраўды, можна атрымаць ад усьведамленьня таго, што ў тваім роце заўсёды знаходзіцца пэўны запас сьліны, вадкасьці, быццам бы набрала чагосьці ў рот й ня можаш усё жыцьцё пракаўтнуць... А як гэта жудасна – бачыць людзей і разумець, што гэта ня проста людзі, а жанчына з курынай нагой у жываце, мужчына, у прамую кішку якога якраз у гэты момант, калі ён табе ўсьміхаецца, нешта паступае, – прыслухоўваешся да сябе й задумваешся пра свае зубы, якія адразу адчуваюцца быццам прыклеенымі, пра тое, якія нетрывалыя твае сківіцы, пра тое, што валасы растуць зь цябе, нібыта твая галава – проста лапік зямлі, скрозь які прабіваецца трава, што там, пад ёй? Карэньне, па ўсім бачна, моцнае карэньне пустазельля. Дык вось чаму так ломіць у скронях. Валасы растуць, штосэкунды, як усё жывое, прыслухайся, як зь цябе растуць валасы. Калі ты іх мыеш, ты проста паліваеш газон. З такімі думкамі небясьпечна цяжарыць. Ніколі не задумвайся пра тое, чым падобныя людзі, Вераніка.

Эдзік падыйшоў, нясьмела ўсьміхаючыся, ды нагаварыў ёй усе неабходныя банальнасьці. Ён вырваў ліст зь яе нататніка ды намаляваў Вераніку асадкай, ён маляваў яе доўга, і яна ўжо пашкадавала, што пагадзілася, – але атрымалася прыгожа, толькі з разьлінаванага ліста на яе глядзела зусім чужая дзяўчына. “Адкуль ты ведаеш, як ты выглядаеш насамрэч?” – высакамерна спытаў Эдзік ды засьмяяўся, і ёй гэта спадабалася. Сакурсьнікі, якія якраз сасьпелі, каб у яе закахацца, звычайна нагадвалі проста сабачак, якіх можна падзываць сьвістам. Але сьвістаць Вераніка ня ўмела. Яны шмат гулялі па горадзе ў наступныя дні, а потым яна апынулася ў яго ў гасьцях, і ўсё было так файна, пакуль не прыйшоў дзень, калі ён угаварыў яе пазіраваць для яго аголенай, “Разумееш... Ну... Ну, увогуле... я яшчэ дзяўчынка”, – Вераніка трымала сябе за калені жалезнай хваткай. “Сапраўдны мастак вышэйшы за гэта”, – горда сказаў Эдзік, і гэта яе трохі супакоіла, і станік Вераніка усё ж зьняла, але потым высьветлілася, што ці то Эдзік не сапраўдны мастак, ці то “вышэйшы” трэба было разумець у іншым сэньсе, ці то “гэта” азначала зусім ня тое, што яна падумала, а нешта адваротнае... – але яна ледзь адбілася, і ён неяк панік і купіў сабе піва замест марозіва, калі праводзіў яе на прыпынак, а потым яна даведалася, што яму трыццаць пяць гадоў, а значыць, яе хацеў спакусіць ня хто іншы, як стары пень... Але праз тыдзень ён патэлефанаваў ды даў абяцаньне больш ніколі, і сказаў, што яны будуць проста сябрамі – і праўда, яны па-прыяцельску глядзелі кіно й нават аднойчы парнушку, якая зьдзівіла Вераніку сваёй тупасьцю ды аднастайнасьцю, нібыта людзі там выконвалі працу, зь якой даўно хацелі б звольніцца, але сям’ю ж карміць трэба і г.д.

Аднак пра мадам Блянш. Адзін дзень яе працы, якую нехта называе мастацтвам, а нехта рамесьніцтвам (як і любую, зрэшты, працу). Трошкі фантастыкі: калі мадам Блянш дакранаецца нажніцамі да валасоў кліенткі, яна чытае яе думкі... Але пра гэта, натуральна, ведзьма маўчыць. Вось да цырульніцы прыходзіць непрыгожая брунэтка, якая хоча зрабіць новую прычоску, кардынальна зьмяніць стыль. Бо сёньня яна, якую мужчыны не заўважаюць, а жанчыны не прымаюць у разьлік, запрошаная на party, і небарака хоча з дапамогай цырульніцы-чараўніцы выйсьці зь ценю, вырашыць усе праблемы... Бо, як вядома, непрыгожых жанчын няма, ха-ха-ха, ёсьць дрэнныя цырульнікі й візажысты. “Ніхто не пазнае”, – думае жанчына, – “сёньня ўвечары мяне ніхто не пазнае”. Вось да мадам Блянш прыходзіць другая наведніца, трэцяя, чацьвертая... Вось маладая, але маркотная сьцерва з вачыма ўдавы, а на самой справе – папросту падманутая жонка. Мадам Блянш адчувае, што думае гэтая наведніца, чорныя думкі, чорныя, як кругі пад вачыма, пякучае жаданьне адпомсьціць – але ж сучка-суперніца вызначаная памылкова. І вось надыходзіць вечар, брунэтка з новай стрыжкай, усё такая ж непрыгожая, сьпяшаецца на сваю вечарынку. Аднак па дарозе гіне – трапляе ў настолькі крывавую аварыю, што й насамрэч – ніхто ня можа апазнаць гэты зьнявечаны труп у спадніцы колеру марское хвалі... Мадам Блянш магла б папярэдзіць няшчасную. Але ня робіць гэтага. Чаму? – спыталася Вераніка, якую фільм уразіў, бо быў не такі ўжо й не для ўсіх. “Крытыкі пішуць: бо яе справа – быць цырульніцай, а перад цырульнікамі, як перад сьмерцю, усе роўныя, і не яе справа – вырашаць, хто мае рацыю, хто не...”, – адказаў Эдзік ды паваліўся ніцма на канапу.