Выбрать главу

Незадоўга да абеду яна йшла па калідоры, у канцы якога парыпвала наросхрыст адчыненае акно, да Алы, ішла па справах і нарэшце сустрэла Чэслава. Той завушніцу адразу заўважыў, і, вядома ж, яму закарцела дакрануцца да яе пальцам, Вераніка гэта стрывала, яна насамрэч сапраўды хвалявалася, усе навокал казалі, што пажылыя людзі не асабліва любяць такія рэчы. Аднак Чэслаў быў і насамрэч сваім чалавекам, хаця й зь сівымі валасамі ў вушах. “А для чаго гэта?” – толькі й пацікавіўся ён, – “Што гэта азначае?”. “Нічога”, – зьбянтэжылася Вераніка. “Гэта знак прыналежнасьці... да нейкае маладзёжнае групоўкі?” – не адставаў Чэслаў, дабрадушна пагладзіўшы Вераніку па галаве. “Хіпуем?”. “Ды не, не,” – замахала Вераніка рукамі, намагаючыся ветліва скінуць са сваіх валасоў руку Чэслава. “Проста прыгожа, модна...”. “Ды ведаю я, унучка!” – засьмяяўся добразычліва Чэслаў, прыбіраючы руку. “У гэтай нашай зоркі, Анжалікі, таксама увесь нос у золаце! А яшчэ пуп! Ты сабе ў пуп нічога ня хочаш засунуць, унучка?”. Вераніка разгублена ўсьміхнулася. “Добра, бяжы працуй!” – Чэслаў зноў пагладзіў яе па галаве. “І не згубі абноўку!” – крыкнуў ён наўздагон Вераніцы, і яна з палёгкай выдыхнула: пранесла. Усё ж пашанцавала ёй з начальнікам.

Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі праз тыдзень ёй патэлефанавала з суседняга кабінэту Ларыса. Пачала Ларыса здалёк, але потым раптам змоўкла, ня скончыўшы фразы, ды прашыпела незадаволена ў слухаўку:

– Ты ўсё ж здымі сваё колца!..

– Якое колца?

– З носу завушніцу здымі! Я, канечне, разумею, выглядае й праўда файна, але вось наш Карлавіч...

– А мне ён нічога такога, – запярэчыла Вераніка.

– Ён проста чалавек, ня тое што другія начальнікі. Дарма што мужык... Чэслаў вельмі перажывае, кажа, што дзе заўгодна, але на дзяржаўнай службе... Здымі, Веранічка, прашу, Чэслаў пігулкі ажно піў, так расхваляваўся. Сама бачыла.

– Але ж нідзе не забаронена...

– Здымі, Вераніка, богам прашу. Шкада старога.

І яна зьняла, вырашыўшы, што будзе надзяваць пасьля працы й на выходныя, але завушніца патрабавала толькі поўнае адданасьці, на гульню ў хованкі яна не былі згодная, толькі так: каханьне або забыцьцё. І Вераніка яе разумела, і падарыла ўрэшце практыкантцы-пітэкантрапцы, перад тым, як тая сыходзіла з аддзелу давучвацца. Невялікая страта, дый зброя так сабе.

***

Амаль усе крэўныя Веранікі па бацькавай лініі мелі такі вось нос: разьдзелены напалам на кончыку вузкай прадаўгаватай умяцінай. Самой Вераніцы пераймацца з гэтае прычыны было няма чаго, у яе радавая рыса пакінула відавочна найменшы сьлед, толькі калі вельмі ўжо прыгледзецца, паклаўшы Веранічыну галаву сабе на калені, можна было пабачыць на яе носе тонкую кароткую лінію, якая хіба абазначала, але не праводзіла выразнае мяжы, пагранічнага рову між палавінкамі. Карацей, Вераніка ніколі не адчувала шкоды ад уласнага носу. Ад іншых частак цела – так, мы ўжо ведаем, ад якіх асабліва, але нос – бацькаў нос быў да яе літасьцівы.

Стрыечнай сястры пашанцавала меней. Дзядзька Валера, бацькаў брат, даў ёй амаль усё, што мог. І хаця асабістае жыцьцё сястры йшло зусім няблага, і яшчэ ў школе за ёй хадзіў натоўп заляцанцаў, і часам Вераніка зайздросьціла сястры, прызнаючы, што тая ўсё ж прыгажэйшая – а ўсё адно, даволі часта позірк спыняўся на гэтым падвоеным кончыку, і думалася тады зь лёгкім спачуваньнем і сымпатыяй: усё ж не стварае бог нічога ідэальнага, чым-небудзь ды нагадае пра чалавечую недасканаласьць і безабароннасьць. Сястра была старэйшая, Вераніка амаль што любіла яе й калісьці, калі камуністычнае сонца першабытна-справядлівага дзяцінства ўжо заходзіла, брала зь яе прыклад: сястра была надзвычай незалежная, рана адчула сябе дарослай, імкнулася будаваць сваё жыцьцё сама й вучыцца на сваіх памылках, а таксама ніколі не саромелася, а наадварот – выстаўляла напаказ сваю жаноцкасьць. Таму, відаць, і выйшла замуж так рана, казала маці Веранікі, і нарадзіла тады, калі многія яшчэ толькі пачынаюць задумвацца, кім і з кім быць. Сястра прымала Вераніку якой ёсьць, ніколі не папракала й не вучыла, распавядала пра свае таямніцы і заўжды была гатовая выслухаць Веранічыны. Што там казаць: магчыма, яна была адзінай сапраўднай сяброўкай Веранікі ў той час... І грошы на перадачы Лёньку яна давала, і падарункі Вераніцы рабіла такія, каб тая змагла адчуць сябе жанчынай, а ня вечнай пакаёўкай, нанятай бацькамі...