Выбрать главу

Наступным разам яны зноў глядзелі порна, і цяпер ужо Эдзік ня вытрымаў. Самец на экране якраз азіраўся ў пошуках новай самкі, ужо спажытыя таксама з гатоўнасьцю сталі нюхаць паветра. “Скажы мне, Веранічка”, – Эдзік раптам апынуўся блізка-блізка, так блізка, што яна адхіснулася й ледзь ня ўпала з канапы. “Скажы мне, чаму ў цябе такія валасы... такія кароткія...”, – ён цяжка дыхаў і цягнуў да яе растапыраныя пальцы. “У цябе мусяць быць доўгія валасы... чорныя доўгія валасы...”. Вераніка ўскочыла з канапы ды зашпілілася на ўсе гузікі. “Бо я хацеў бы паставіць цябе вось так, як быццам маладую жарабіцу, ды трымаць за валасы, вось так...”. Эдзік наляцеў на яе ды схапіў за валасы, тым самым рухам, як калісьці Жвалевіч, але пальцы ягоныя толькі сьлізганулі па галаве ды правялі адчайна па выгнутай сьпіне Веранікі. Яна ўжо таропка апраналася, калі ён проста паваліўся на падлогу ды ў вачох ягоных зьявіліся сьлёзы. У некаторых фільмах паказваюць, як яны засоўваюць сабе за пояс лёд у такіх выпадках. У вясёлых, вельмі вясёлых фільмах “для ўсіх”. “Чаму я не сустрэў цябе на два гады раней?” – скрыгатаў ён зубамі, і цалаваў яе джынсы. “Ты б ня стаў ад гэтага маладзейшым”, – прамармытала яна ды паехала дамоў.

***

“Ты фашыстка! Я цябе ненавіджу!” – крычала маленькая дзяўчынка ў белай сукенцы ды белых гольфах і тупала па лесьвіцы, дробна-дробна, гучна-гучна, і рагатала гістэрычна, падняўшыся на самы верх, бо насамрэч гэта было сьмешна, калі старая, нямоглая бабуля з расчоскай наперавес намагалася яе дагнаць, трымаючы ў зубах гумкі ды заколкі. На твары бабулі быў такі самы разгублены выраз, як у клоўна ў цырку. Бабуля цяжка падымалася, прыступка за прыступкай, лесьвіца на другі паверх рыпела, калі-небудзь бабулька праглыне незнарок гумкі ды памрэ, і тады можна будзе забыць нарэшце пра гэтыя ненавісныя ранішнія заплятаньні. “Вераніка! Ну трэба ж заплесьціся”, – стагнала бабуля, такая па-дурному добрая нават калі лезла, як набіты лахманамі пакет, па лесьвіцы. Вераніка стаяла, да апошняга чакаючы, пакуль бабуля не апынецца зусім блізка, а потым кідалася ў пакой і застывала там ля дзьвярэй, і бабуля, крэкчучы, падыходзіла. Тады Вераніка зноў адбягала на бясьпечную адлегласьць, шпарка, раз-пораз азіраючыся, са звонкім сьмехам. Мільгалі белыя гольфы, падміргвалі жоўтыя ступакі. Вёска, штодня сьлівы, у якіх замест костачак хаваліся пчолы, загарэлыя ножкі ў камарыных укусах. Дзед мала зьвяртаў на яе ўвагі, сядзеў на двары, на сваім ватным лежаку, які пахнуў мачой, ды дыміў так, што Вераніка аднойчы скрала ў яго запалкі. Не дапамагло... Бывала, дзеду хацелася пагуляць зь ёй, і ён цягнуў да Веранікі страшныя свае рукі – словаў дзеду не хапала, і дзед толькі ласкава прыгаворваў: “Э... Гэ...”. Цукеркі за дзевяноста капеек. Ружовы парсюк, на якога дзед аднойчы раззлаваўся ды адлупіў так, што той ужо не падняўся. Мухі ў малацэ. Сала на астылых блінах. Колкае сена, пасьля якога сьвярбела галава. Вясковыя хлопчыкі, якія так любілі гуляць у лякарню.

Яе называлі Веранічка, як сярнічка, як зьнічка, як пстрычка, у залежнасьці ад абставінаў. Яе кармілі з лыжачкі старажытным спосабам: за маму, за тату, за бабулю. Чамусьці самая смачная лыжка была за тату... Да любімай стрыечнай сястры справа рэдка даходзіла. “Нармальна,”, – казаў бацька, – “цяпер худыя зноў у модзе”. Яна даволі хутка навучылася распазнаваць, як пахне ад мамы, калі яна вып’е, а як ад таты, ад мамы пахла саладзей. Аднак тата ў такія моманты ахвотна гуляў зь ёй, значна больш ахвотна, чым калі быў цьвярозы ды журботны, а мама дык не: яна хутка засынала. Бабуля ведала такія словы, як хлопчыкі на вуліцы, і з татам і мамай так і размаўляла. Тата, калі піў гэтую сваю гарэлку, любіў падкідваць яе ўгару ды лавіць, Веранічцы гэта страшэнна падабалася. Аднаго разу не спаймаў, толькі сам паваліўся ды застаўся сядзець на падлозе, паціраючы попу. Ёй было сьмешна й балюча адначасова, на вочы тым часам лілося нешта чырвонае й цёплае, яна сьмяялася, як у сьне, ды на языку было салёна. А потым закрычала, хутчэй ад пасьпешлівасьці, зь якой тата схапіў яе пад пахі ды панес у лазьніцу, дзе выціраў першым, што трапілася пад руку – сваім трыко, якое ён дастаў з каша, дзе захоўвалася брудная бялізна. Мама спала ў суседнім пакоі, і нічога не магло яе пабудзіць. Увечары дома была жахлівая лаянка, і Веранічка сядзела ў куце ды нечакана пабачыла сябе ў люстэрку, – страшную зачараваную дзяўчынку з вачыма, адплюшчанымі так шырока, што яна зноў спалохалася ды зараўла, так гучна, што з кватэры, дзе цяпер жыве сусед Юрка, загрукалі па-жаночаму ў сьценку. Лялькі ня слухаліся, і яна аднойчы адлупіла адну рэмнем і потым румзала ўвесь дзень, гледзячы, як лялька, адвярнуўшыся ад усяго сьвету, ляжыць у куце. Любіла залазіць у шафу ды ціха сядзець там, пакуль дарослыя ходзяць па кватэры ды крычаць нецярпліва на розныя галасы: “Вераніка! Веранічка! Сярнічка! Доча!”