***
У перасьцярозе Ольды Вераніка пабачыла адно толькі хітрасьць. Кожнаму вядома, што гэтыя мілыя курдупелі насамрэч вялікія хітруны. Таму Вераніка, пакінуўшы, як і абяцала, вёску на самым сьвітанку, адразу ж рушыла да ручая. У актыве яна мела амаль восемдзесят пунктаў, у пярэстым заплечніку ляжалі два праснакі, сыр і трохі сушаных ягадаў, а на душы было вольна ды спакойна. Мяккія зручныя чаравікі, падораныя ёй на Дзень сумных успамінаў, таксама нешта ды значылі, відавочна, думала Вераніка, яны могуць ёй чымсьці дапамагчы, зрабіць, калі спатрэбіцца, нябачнай або перанесьці раптам праз прорву, у таямнічым лесе нічога не бывае проста так. І калі прыпасы скончацца, то ў заплечніку яна, цалкам магчыма, знойдзе якую-небудзь кнігу заклёнаў. Сонца яшчэ толькі паднялося над сінімі, бы разьліты атрамант, вершалінамі дрэваў, калі Вераніка дабралася да ручая. Яна папіла зь яго, з задавальненьнем адзначыўшы яшчэ адзін пункт, ды, удыхнуўшы на ўсе грудзі яшчэ калючага ранішняга паветра, пераскочыла празь нячутную, дрогкую ваду на замшэлыя камяні невядомасьці.
Спачатку быццам бы нічога не зьмянілася, той самы лес, тыя ж ягадныя паляны, рассыпаныя вакол зь несумненна штучнай нерэгулярнасьцю, тыя самыя матылькі, што сьпявалі нешта клясычнае. Аднак ці то ўяўленьне Веранікі, падагрэтае намінкамі Ольды, пачало дзейнічаць, ці то яна проста стамілася – лес вакол стаў нібы чужым, выцягнуліся, як шлягбаўмы, цені, фарбы пазмрачнелі, зблытанае кустоўе ўсё часьцей загароджвала ёй шлях, ссоўваючы злосна вецьце, нібы патрабуючы паказаць дакумэнты, і ўжо не мільгалі між ялінаў ды папараці шматлікія мікраскапічныя вушастыя стварэньні, гібрыды зайца ды пчалы, якімі так шчодра быў заселены лес. Наогул, жыўнасьці траплялася ўсё менш. Потым Вераніка ледзь ня ўпала, зачапіўшыся заплечнікам за нейкі надта ўжо кіпчасты куст, правая рука яе ажно па запясьце пагрузілася ў вільготны, халодны, непрытульны мох, і Вераніка бадай што з агідай выцерла далонь аб плашч. Яна вырашыла спыніцца, каб трохі перавесьці дух. Усё ж трэба было слухацца Ольду. Яна зірнула на мапу: сьвіран, зь якога яна калісьці выйшла, дарога, бязьлюдныя пясчаныя пусткі, паўднёвая брама гораду, за якой быў відаць ускрайчык нейкага палацу ды яшчэ парачка шпіляў, потым крыху безаблічнага лесу, пакручастая, нібы лябірынт, сьцежка, па якой гномы везьлі Вераніку, іхная вёсачка – сьветлы кружок між бяскрайняе чарнаты, бледная палоска ручая, і далей сьцежка, што чамусьці пачала зацягвацца ўжо цёмнай плеўкай: вось пакуль і ўвесь яе шлях па гэтай гульні. Навокал чорным-чорна, і невядома, што пад гэтай чарнатой: уваход у падзямельле або якісьці крывасмок, або пшанічнае поле, дзе можна было наняцца жнейкай, падзарабіць трохі манэтаў ды вярнуцца да гораду, або наогул – замак мясцовага фэадала, дзе зь Веранікі зробяць рабыню або прапануюць руку й сэрца. Вераніка вырашыла ісьці далей, ня можа быць, каб яна ў выніку куды-небудзь не прыйшла: гэты сьвет ня быў круглы, ён быў незваротна пляскатым, хіба што які павалены дуб акажацца брамаю, што вядзе адразу ж на супрацьлеглы бок гульнёвай тэрыторыі. Дый тое яшчэ ня факт – ён можа весьці куды заўгодна. Напрыклад, вярнуць яе да гномаў. Вось весялуха будзе, калі яна выйдзе зь іхнага вогнішча, жуючы праснак, уся ў полымі, і паваліць іхныя пузатыя кацялкі... Вераніка зрабіла крок наперад, і тут кампутар зноўку завіс.
Расчараваная, яна пайшла на кухню зрабіць сабе гарбаты, патыліцы бацькоў, якія глядзелі не адрываючыся, але й не сьмеючыся, нейкі камэдыйны тэлесэрыял, нечакана моцна напалохалі Вераніку. Чамусьці яна была ўпэўненая, што знаходзіцца ў кватэры адна. Хто яго ведае, чаму, здавалася, ніякіх прычынаў так лічыць у Веранікі не было, бацькі сёньня, у гэтую дажджлівую, стылую й ні для чога не спрыяльную суботу, нікуды й не выходзілі, маці нават у краму не пайшла, хаця гэта быў яе ўлюбёны занятак апошнім часам. Кватэра выклікала ў Веранікі раздражненьне, бо ў гэтую хвіліну Вераніка ўспрымала яе толькі як частку свайго новага кампутара: усе гэтыя дыванкі, фатаграфіі, вострыя локці шафаў і шафак, вузкі праход калідору, вешалкі ў перадпакоі, непатушанае сьвятло ў лазьніцы, прышчэпкі на ланцугу, абутак у сетцы высахлае гразі, пах таропка вымытага посуду... Яны ня мусілі існаваць самі па сабе, прынамсі падчас гульні, але існавалі, самаўпэўнена заяўляючы пра сябе, груба матэрыяльныя, хаця нават ня мелі ў гульні ніводнага адпаведніка... Ставіць імбрык было лянота, яна наліла сабе астылага кіпню, пафарбавала яго густой алеістай запаркай, насыпала цукру проста з цукарніцы ды паходкаю лунаціка вярнулася ў свой пакой – бацькі сядзелі ў фатэлях, як мёртвыя. Дзіва: кампутар ажыў, толькі непрыгожы сваёй нерамантычнасьцю надпіс на нейкай незразумелай мове закрываў з галавой вандроўніцу Ўладу. Вераніка зьнішчыла яго ды рушыла далей.