Высьветлілася, што за час яе адсутнасьці нешта зьмянілася. Вераніка выйшла на нерухомую, бы закутую нябачным ільдом паляну, пасярэдзіне якой тырчаў вялікі, мудрагелістай формы пень. На пні сядзела істота, уся пакрытая рванымі ранамі, і цяжка было зразумець, нарадзілася яна такой або была зьнявечаная невядомай злой воляй. Агромністыя, амаль на ўсю галаву, белыя зь сінімі кропкамі вочы беднай істоты не міргаючы глядзелі на Вераніку, глядзелі зь невытлумачальным, зусім не віртуальным жахам, і варта было Вераніцы зрабіць крок наперад, як істота, высока падымаючы худыя, перапончатыя ногі, саскочыла з пня й кінулася ў гушчар. Аднак Вераніцы было ўжо не да гэтага няшчаснага мясцовага жыхара. Над вершалінамі, недзе ня так ужо й далёка, віўся дымок, і Вераніка амаль бегма рушыла ў тым накірунку. Ды толькі прайсьці скрозь намертва счэпленыя, прыземістыя хмызы ды гальлё было нялёгка, урэшце Вераніка згубіла недзе заплечнік з прыпасамі, яна абярнулася: поўзаць па топкіх лясных прыцемках зусім не хацелася, Вераніка пайшла далей і неўзабаве разьдзерла сабе руку ад запясьця да локця аб нейкі доўгі, бадай што загостраны прут, што ажно рыпеў ад нянавісьці. Асьлепленая ня столькі моцным, колькі прыкрым болем, Вераніка схапіла яго ды, зь цяжкасьцю адламаўшы, кінула пад ногі. Ёй хацелася растаптаць гэты пракляты прут, яна падняла вочы, каб, калі што, вынішчыць і ягоных пакрытых шыпамі заступнікаў (яны ж тут усе былі заадно, гэтыя дэндрыты, якія толькі прыкідваюцца флёрай, насамрэч яны дурная варожая фаўна!), і пабачыла непадалёку напоўнены вадой роў, а за ім высачэзную агароджу, з-за якой віднеліся простыя драўляныя будыніны. З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча, верагодна, займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, закасала плашч ды ступіла ў цёмную ваду рова.
***
Собіла ж гэтай самай Тані Кулакоўскай зь іхнае групы нарадзіцца менавіта ў сярэдзіне лістапада, калі зіма яшчэ не надыйшла, а ад восені ў паветры засталася адна атрута. Вераніка наглыталася яе ўдосталь, у той дзень яна пачувалася зусім блага, але заняткі прапускаць ня мела права, да сэсіі заставаўся ўсяго месяц. Сама зьдзіўляючыся сваёй нечалавечай упартасьці, яна неяк даседзела да канца практычных, ужо нават саромеючыся кашляць ды даставаць штохвіліны з сумачкі насоўку. Увесь сьвет пакрысе сканцэнтраваўся ў чырвані пад яе вінаватым прастуджаным носам, Вераніцы здавалася, што нават выкладчыца, якая ніяк не магла запомніць імёны студэнтаў, глядзіць на яе як на мярзотны, скручаны кавалак тканіны, у які загарнутая гэтая макрота восені, так, так, як на шмат разоў скарыстаную насоўку, на якой з-за сабраных у ёй выдзяленьняў нават вышытых ініцыялаў не прачытаць... Яны вучыліся ў другую зьмену; калі выкладчыца нарэшце пратрубіла адбой, за вокнамі было ўжо цёмна. На калідоры Вераніка сустрэла непрыкметную шэратварую дзяўчынку з паралельнай групы. “Ты йдзеш на плаваньне сёньня?” – запыталася тая як заўсёды шэптам, яна чамусьці шторазу шаптала, ня дзіва, што многія на курсе дагэтуль не здагадваліся пра яе існаваньне. “Па мне што, не відаць...” – ледзь не заплакала Вераніка. “А што такое?” – прашаптала дзяўчынка ёй наўздагон, але Вераніка яе не пачула.
З групы на занятках была хіба што палова. Кулакоўскай наогул не было відаць з раніцы, ні ў бібліятэцы, ні ў чыталцы, – сапраўды, цяжка выйсьці з дому ў такое надвор’е, калі ў цябе дзень народзінаў. Разыходзячыся, аднагрупнікі Веранікі ўмудрыліся яшчэ й млява рассварыцца з-за падарункаў. Урэшце дамовіліся сустрэцца ў інтэрнаце празь дзьве гадзіны, дамовіліся неяк без энтузіязму, сьпяшаючыся як найхутчэй разьбегчыся. Інтэрнацкія – гурток стракатых куртак – весела рушылі да сябе, Вераніка пашвэндалася па крамах, розум падказваў ёй, што трэба ехаць дамоў ды неадкладна прымаць меры, пігулка-кампрэс-ложак, а інакш заўтра давядзецца ехаць праз увесь горад у студэнцкую паліклініку. Але чамусьці, на ватных нагах, з пратэстуючым супраць прамахаджэньня пазваночнікам, яна блукала з аднае паўпустое крамы ў другую, шторазу задуменна пазіраючы ў жэрала мэтрапалітэну, зь якога ажно да супрацьлеглага боку вуліцы даляталі шум і яркае навязьлівае сьвятло. Час ішоў так марудна, што Вераніцы давялося наведаць некаторыя крамы па некалькі разоў. Насоўка больш не ўбірала вільгаці, і Вераніка купіла сабе новую, разам з падарункам для Кулакоўскай. Нарэшце яна вырашыла рухацца да інтэрнату. Гэта было зусім блізка, і калі яна падыйшла, гадзіньнік паказваў толькі палову на восьмую. У холе некалькі аднолькавых, бы блізьняты, вусатых хлопцаў у акулярах і спартовых касьцюмах глядзелі чорна-белы тэлевізар. Вераніка ведала іх, яны мала таго што ўсе вучыліся на адным факультэце, дык яшчэ і ў адной групе. Раней яна не заўважала, якія яны падобныя. У галаве Веранікі было горача, як у лазьні. Падобная да міліцыянта цётка ўзяла ў Веранікі яе студэнцкі й доўга зьвярала фота з апухлым ды асьлізлым Веранічыным тварам.