Пальцы як быццам мелі ўласную памяць, памяць скульптара, іх уладальнік ведаў, што ён хоча зьляпіць зь Веранікі. А Вераніка ня ведала, у што яна цяпер хацела б ператварыцца, ёй усё хацелася выць ад радасьці, але чамусьці ня вылася; яе бедны карак, які ў іншы час вылецеў бы коркам зь цела ад гэтых дотыкаў, сьцяўся й замінаў дыхаць. “Усё адно,” – падумала Вераніка, адчуваючы сябе скрыпкай. Добра, што люстра зь яе месца не было відаць, бо яна пабачыла б, што й сапраўды становіцца скрыпкай, рудаватай, дарагой, без футаралу – струны вылезьлі зь Веранікі, нібы з упакоўкі, напятыя струны, адна зь якіх п’яўкай прысмакталася да яе ілба. Ёй і праўда стала лягчэй ад гэтага масажу, кудысьці зьнікалі й мігрэнь, і гнятлівы настрой, і мёртвыя нэрвовыя клеткі, пра якія так любіла казаць яе маці, не заміналі больш нараджацца жывым, якія яшчэ ня ведалі, што іх чакае й колькі тут плоцяць кур’ерам. Раптам зачасаўся нос, нап’юся сёньня, нап’юся сёньня, паўтарала яна пра сябе, няўпэўнена пасьміхаючыся, нос часаўся, але менш за ўсё Вераніцы хацелася цяпер перапыняць чалавека за сьпінай, адзін яе рух мог усё сапсаваць. “Ну як, лепш?” – запытаўся чалавек, які й сам пакрысе зьмяняўся, толькі не заўважаў гэтага – напрыклад, ягоны чэрап марудна, але няўхільна разыходзіўся ўшыркі, бы пад прэсам, і набывалі іншы колер валасы, і вочы трэскаліся, бы тонкае шкло. “Так, так” – сказала Вераніка, што пасьпела ператварыцца ў гадзіньнік. “Так”.
***
Колькі геніяў уцякалі сюды – а колькі няздарнасьцяў!... Флярэнцыя, няўжо сапраўды ад слова “кветка”? – вершы, якія ты чытаеш мне на нашым бальконе, тысячу дзён таму, тысячу кілямэтраў на паўночны ўсход. І вось нарэшце гэты музэй на Вія Рамана, і як заўсёды расчараваньне: так, усё як марыў, усё як уяўляў, летуценьні няўдалага мэдыка, які стаў паэтам, патолягаанатама, якога ванітуе ад сузіраньня не нябожчыкаў, але калегаў па цэху... Аднак найгоршае пабочнае дзеяньне мары – гэта яе мажлівая зьдзяйсьняльнасьць. Няма нічога больш пакутлівага, чым спраўджаная мёртвая мара.
Аднак вернемся да музэю. Брунатная шляхетнасьць парэпанага паркету, прымірэньне з прасторай, экспанаты пад непераборлівым шклом, на масіўных падстаўках спакойнага, але ня схільнага да фамільярнасьці цёмнага-зялёнага колеру. А яшчэ на белых сьценах, у рамах, нібы карціны, – ніякае змрочнасьці; а яшчэ – у празрыстых дамавінках на вытанчаных, фігурных ножках. Нікому не прызнавайся, што менавіта гэта й цікавіць цябе больш за ўсё. Эўропа, маё ратаваньне: колькі ачмуральных падарожжаў у часе тут можна зрабіць, маючы трохі ўяўленьня, было б жаданьне, такое, ад якога цесна становіцца ў глотцы. Гэтая заля, да прыкладу, цалкам падыходзіць для таго, каб выправіцца калі не на трыста, дык на сто пяцьдзесят год назад, пад няспынны рогат ракі Хронас... Калі б толькі ня лямпы ды ня гэтыя ўключаныя ўказальнікі зь белым чалавечкам, які будзе вечна бегчы па плястмасавым лузе, у марнай пагоні за выпушчанай зусім не ў яго стралой: exit. Аркі скразных праходаў. Атынкаваныя аркі порцікаў, зь якіх быццам з тэлефонных будак або з капліцаў у скрушнай задуменнасьці выходзяць тыя, каго калісьці задумалі нерухомымі, выходзяць ужо некалькі стагодзьдзяў, на радасьць такім, як я. Сюжэтныя барэльефы колеру высахлай крыві й скуры. Маскі лацінскіх лічбаў на арабізьне заляў. Я схіляюся над адной з дамавінаў і раптам бачу ў ёй Вераніку.
Яна ляжыць пад шклом, аголеная, трохі запракінуўшы галаву, здаецца, яна сьпіць, але не, вочы паўадплюшчаныя, у іх няма ні болю, ні шчасьця, асабіста я бачу паміж яе напаўсамкнутымі вейкамі стому, нібы яна яшчэ хвіліну таму займалася каханьнем, а цяпер адкінулася на сваё ложа – ды толькі пад шклом яна ў поўнай адзіноце, так што найхутчэй гэта стома ад усіх тых позіркаў, якія кінулі на яе за апошнія дзьвесьце гадоў. За такі час са многім можна звыкнуцца. Тут мусяць быць нейкія адтуліны для вэнтыляцыі, адтуліны, празь якія ўлятучыўся сорам, бо спачатку ж закрывала рукамі ўлоньне ды грудзі, калі заля напаўнялася спраўнымі вусатымі сіньёрамі, студэнтамі ў чорных капелюшах, тоўстымі вучонымі, дамамі з шырока расплюшчанымі вачыма. Ніхто не зважаў на яе сорам, яны бачылі толькі тое, што хацелі пабачыць, па што прыйшлі сюды. Вераніка ляжыць пад шклом, адна нага паўсагнутая, доўгія чорныя валасы, расчасаныя на роўныя пасмы, спадаюць у нерухомыя цені рук з акруглых уступаў жоўтых плячэй, і даходзяць амаль да пояса. На вуснах Веранікі застыла паўусьмешка, на шыі каралі з матава-белых пэрлінаў сярэдняга памеру. Ёй сямнаццаць, ня болей. Яе яшчэ не пакінула гармонія маладосьці, і ніколі ўжо не пакіне, хіба што падбародзьдзе крыху круглейшае, чым прынята мець сёньня, пад ім – ледзь бачная, мяккая складка. Блікі штучнага сьвятла на залацістай скуры.