Ляпілі з натуры, на першым паверсе, вокны ў двор. Натура хадзіла да пары па Вія Рамана ды, цалкам магчыма, наведвала музэй, не падазраючы, што неўзабаве застанецца тут навечна. Бо натурай служылі трупы і іхныя часткі: недалёка ад музэю, прыкладна за два кілямэтры, знаходзілася лякарня Санта Марыя Нуова, адкуль васкарам рэгулярна прывозілі неабходнае. Дамо голас гістэрычнаму гісторыку: “Цяпер у гэта цяжка паверыць...” – і заткнем яму рот. Я веру. Для стварэньня адной мадэлі патрабавалася каля 200 трупаў. Магчымасьцяў для кансэрвацыі ў майстроў было вобмаль. Але таленту ды прагі... Іхныя інструмэнты, у якіх я ўсё адно ні храна не цямлю. Колькіх спарадзіла, напрыклад, гэтая міса з выскабленым дном? Я часам шкадую, што машыны ня здольныя зайздросьціць. А затым – беражліва, зь любоўю, з гордасьцю – у сьветла-зялёны шоўк драпіроўкі. Да яе можна дакрануцца і цяпер, і я раўную ўсіх, хто здагадаўся зрабіць гэта.
Белы воск са Сьмірны, кітайскі воск, вэнэцыянскі воск... Дзяўчына ў шкляной труне, плён маўклівае працы некалькіх сотняў натуршчыц. Вераніка, яе згубленая, забытая сястра. Няхай твая вокладка будзе белай.
6.
Яна сядзела ды нягучна плакала сабе ў ружовыя калені, мне падавалася, што даволі фальшыва, хаця я й ведаў, што памыляюся. Сядзела ды паўтарала шэптам: “Мне рана, рана, разумееш ты, рана...”; калі б сеў зараз побач у такой самай, як яна, позе, прысланіўшыся сьпінай да яе дрыготкай сьпіны, мы б нагадвалі лягатып адной вядомай фірмы па вытворчасцьі вопраткі. Вечна мне ў самыя пранізьлівыя імгненьні лезе ў галаву розная лухта. Памятаю, калі яе ледзь ня ўдарыла токам у маёй падступнай кватэры, дзе бяздумная анархія рэчаў ды мэханізмаў даўно зьмяніла ладны абсалютызм мінулага гаспадара, я, замест таго каб кінуцца да Веранікі са спачувальнымі роспытамі, падумаў пра тое, што няблага б сёньня прыгатаваць бульбу з грыбамі. Напэўна, з маёй галавой было нешта ня так – затое з астатнімі органамі ўсё было ў злавесным парадку.
– Рана!.. – усхліпнула яна й падняла да мяне твар, злучаны з каленам тонкай пругкай ніткай, якую Вераніка зараз жа змахнула рукой і выцерла аб майткі.
Я моўчкі, па-завалюхінску хітаў нагой.
– Рана! – паўтарыла яна злосна, нібыта гэтае слова было ненавісным ёй жаночым іменем.
– Ну паслухай, дванаццаць дзён яшчэ нічога ня значаць, – сказаў я, – Бываюць і даўжэйшыя затрымкі, – ды ўсё ж сеў так, як дыктавала рэкляма, але Вераніка тут жа крута разьвярнулася да мяне тварам і закрычала:
– Ты ведаеш, што са мною стане? Ты можаш сабе гэта ўявіць? Паглядзі на мой жывот!
І я паслухмяна ўтаропіўся на яе пляскаты жывот, сымбаль сонца ў паўкруглай аправе, яна стаяла на каленях, і на жываце яе шпарка разгладжваліся палоскі.
– Я ведаю, ведаю гэта дакладна. Я гэта адчуваю. Паглядзі, паглядзі вось сюды. Ведаеш якім ён стане?
– Якім?
Яна не змагла адшукаць словаў і павалілася роспачна ў падушкі, а потым зноў паднялася на калені – знайшла:
– Пачварным, агідным! Спачатку разьдзьмутым, а потым зьдзьмецца як балёнік, і мне застанецца зморшчаны, патрэсканы, друзлы... Бурдзюк! І наогул, наогул...
Я падняўся ды апусьціўся ў фатэль. Вераніка ўпала на сьпіну, і твар яе зноў сказіўся ад прывідаў будучыні, глынуўшы мімаходзьгалосных, якія добра пасавалі гэтаму выпадку:
– Я яшчэ толькі пачынаю жыць! Я яшчэ не гатовая...
І зноў усё вярнулася ў зыходны пункт, яе твар, схаваны ў каленях, і маё няўклюднае маўчаньне. “Чаго ты сядзіш, ідзі ў аптэку!”—прастагнала яна: як вокамгненна зьляцелі зь яе пакорлівасьць і падатлівасьць, як па-ангельску сыйшла славутая жаночая слабасьць, і нашыя слоўцы для ўнутранага карыстаньня, шчасьлівыя дзеці ўзаемнага даверу, таксама кудысьці сплылі... Я нацягнуў нагавіцы ды майку, улез у тапачкі ды ў такім выглядзе выйшаў на вуліцу.
А там усё нібыта сьмяялася з нас. Я пачаў лічыць мамашаў з вазкамі, што праходзілі міма, і неўзабаве зьбіўся зь ліку, такое іх было мноства. З адчыненых вокнаў, з-за непарушных, быццам мармуровых складак на фіранках чуўся настойлівы дзіцячы плач. Плякаты заклікалі адзначыць Дзень маці-адзіночкі як мае быць – як гэта, цікава? Зграі п’яных паўголых маці ў парках замест дэсантнікаў і мужчыны, што прыціскаюць сысункоў да валасатых грудзей, у надзеі выціснуць зь сябе хаця б кроплю малака? І ўвечары, абавязкова – сьвяточны канцэрт у Палацы народу, з удзелам дваццаці айчынных зорак і адной Зойкі з блізкага замежжа. Вясна душыла горад, але гэта была толькі рэпэтыцыя летніх кашмараў. Такое надвор’е таксама міжволі наводзіла на думкі пра дзетанараджэньне: бо пры гэтай тэмпэратуры трэба ляжаць у хатняй прахалодзе з кім-небудзь блізкім твайму сэрцу, а пацець лепш удваіх. Я намагаўся ўявіць сваю будучыню, калі Вераніка сапраўды слушна ўсё зразумела, і ня мог. Я ўжо мог дацягнуцца пальцамі да сваіх трыццаці, а да дваццаці ўжо не... Вочы мае былі заплюшчаныя, будучыні я ня бачыў, толькі чырвоныя сполахі, зь якіх складвалася то Вераніка, то мой начальнік, то нейкая агністая котка. Кажуць, жанчыны й праўда здольныя гэта адчуваць. Калі ня нізам жывата, то сваёй трапяткой жаночай абалонкай. Ледзь ня трапіўшы пад сонную машыну ў цёмных акулярах, я перайшоў вуліцу ды адчыніў дзьверы аптэкі.