Выбрать главу

Тым часам Вераніка малілася. Сядзела ў майтках і расшпіленым станіку перад паласатымі выцьвілымі шпалерамі ды малілася. Калі б яна толькі здагадвалася, якімі нехрысьціянскімі рэчамі займаецца, то правалілася б празь зямлю (але туды нельга, там падвал, у якім якраз цяпер труцяць пацукоў). Як гэта робіцца, яна ня ведала, хаця й была хрышчонай: прайшла калісьці гэтыя водныя працэдуры з барадатым глухім інструктарам, здала нарматывы ды за няйменьнем значкі атрымала на шыю крыжык. Ну, як там у фільмах... Ойча наш, нейкія ясінанебясі, а далей як? А вусны яе ўжо складалі ўласны верш, які захлынаўся ва ўпэўненасьці, што ўсё ўжо вырашана гэтым усемагутным чыноўнікам, якога ніхто, папраўдзе, ня бачыў, але адно тэлефанаваньне якога руйнуе або ратуе жыцьці. “Пазбаў мяне ад яго!”—залямантавала яна нарэшце пра сябе страшныя словы ды бясьсільна разгарнула выпадковую цукерку, што плавілася пад падушкай.

Я вярнуўся, і Вераніка схавалася ў прыбіральні. Там нешта грымнула, і зарыпелі, зноў расчыняючыся, прагныя да публічнасьці дзьверы, і зноў бразнулі. Мне падалося, я чую, як цырчыць струменьчык. Я пайшоў на кухню ды прысмактаўся да крану й неўзабаве спалохаўся, што Вераніцы не застанецца вады – але ня мог адляпіцца. Яна выйшла, і па яе твары я зразумеў, што ўсё скончана. Рукі мае павольна наліваліся новай, бацькоўскай сілай, і заўтрашні дзень перамяшчаўся з-пад ног на плечы. Я зірнуў на Вераніку зь пяшчотай, я зусім не ўсьведамляў, хмары якіх пераменаў зацягваюць нашае дагэтуль бязвоблачнае неба, я выпрастаў сьпіну ды падрыхтаваўся сказаць ёй усё тое, што мусіла прагучаць толькі празь некалькі год. Але яна адсланілася й сама прыпала да крану, а потым з асалодаю села на халодны стол.

– Я цябе віншую, – сказала яна расчаравана. – Пранесла.

***

Да мэтро яны йшлі з Кулакоўскай. Па шчырасьці, Вераніцы было ўсё адно, з кім адольваць гэтую мізэрную адлегласьць: лапік асфальту перад унівэрсытэтам, прысыпаную пяском ды недапалкамі сьцежку, гулкі падземны пераход і поўную аўтамабільных адлюстраваньняў з аднаго боку ды аўтамібіляў з другога дарожку. Вучыцца заставалася ўсяго нічога, і самае прыкрае, што гэта нічога ніяк не хацела аднак праляцець непрыкметна – не, кожны дзень цягнуўся так, бы не зьмяшчаўся ў мех нябыту... Але постаці сакурсьнікаў тым ня менш шторазу ўсё выразьней гублялі сваю матэрыяльнасьць, знаёмыя здані, набор гукаў без значэньня. Яна памахвала сумкай ды згодна хітала галавой. На курсе яна ні з кім не сябравала, але ні з кім і не варагавала; сам факт таго, што Вераніка мела мянушку, сьведчыў пра тое, што ўсё ж нейкі сьлед яна тут пакінула.

– Ды супакойся ты, – цадзіла скрозь зубы Кулакоўская. – Зь пятага курсу не выганяюць. Здамо й забудзем. Вось толькі што пасьля гэтага рабіць? Я, ведаеш, дамоў не хачу...

І Кулакоўская, прымружыўшыся яшчэ раз зь няўхвальнай усьмешкай, пайшла ў свой інтэрнат, а Вераніка вырушыла дадому, у Сьвет. Так, наўрад ці хто-небудзь з выкладчыкаў захоча ствараць ёй і сабе праблемы. І, магчыма, можна дакаціцца па інэрцыі да дыплёма, ня робячы ўжо звышчалавечых намаганьняў, не ўстаючы а сёмай, каб засьпець у чытальнай залі вольныя месцы, ігнаруючы загадкавыя практычныя, даўшы галаве адпачыць, а целу падшукаўшы чагосьці займальнага. Зайшоўшы ў яшчэ пустую кватэру, яна цьвёрда вырашыла не грузіцца сёньня й заўтра проста паспадзявацца на ўдачу – ня так ужо й часта Вераніка нешта пазычала ў гэтай дамы. Але, дапіўшы каву, яна перабрала ў галаве тэмы, сама ў сябе задзірыста пытаючыся: ну што ж, я нічога пра гэта не змагу сказаць? І тут жа зразумела, што насамрэч ня зможа. Бледныя твары вялікіх людзей гайдаліся недзе ўбаку, але паклікаць іх па імені яна не наважвалася, баючыся памыліцца. Распакоўка іхных вялікіх ідэяў таксама патрабавала адмысловых інструмэнтаў, якіх Вераніка ня мела, і таму ня мела й паняцьця, зь якога боку да гэтых глыбаў падступіцца. Ад усіх гэтых думак пра заўтрашняе выпрабаваньне пахла такой сырой, падзямельнай вечнасьцю, што хутка Вераніка ўжо сядзела над таўшчэзнай кнігай, марна намагаючыся запомніць хаця б, касьцюмы якой эпохі яны насілі. А ён жа спытае, гэты заўтрашні вусаты заікасты дацэнт з вачыма фашыста, абавязкова спытае. Ён можа; пабачыўшы, што ахвяра выдыхаецца, ён цалкам здольны быў салодкім, д’ябальскім голасам запытацца: ну добра, скажыце мне, прынамсі, мог масье Дзідро насіць цыліндар, або не? Стаўка тры балы. Вераніка гартала кнігу, як фотаальбом, і не магла запомніць ані прозьвішча, – як па ёй, дык яны ўсе маглі тут насіць цыліндар...