Выбрать главу

У дзьверы вінавата пазванілі. “Веранічка, сонейка, дай вашага пыласоса, мой-та зусім не працуе”, – сказала суседка, зірнуўшы на яе голы жывот з бліскучым вочкам і звычна заглянуўшы ў кватэру ды прынюхаўшыся, ці ня пахне тут маладымі мокрымі мужчынамі. Вераніка дзьвюма рукамі прыцягнула ёй з залі непаслухмяны пыласос, нібы бульдога за ашыйнік, і, цярпліва выслухаўшы мітусьлівую падзяку, зачыніла дзьверы. Адзін зь іх быў у капелюшы зь пер’ем. Вось ён дакладна ня мог насіць цыліндар. Ці ўсё ж... Можа, яны мянялі іх, раніцай каўпак, удзень мушкетэрскі капялюш, увечары цыліндар. За сьцяной загуло. На адной з ілюстрацыяў строга ды асуджальна глядзеў на суседнюю табліцу ня вельмі стары яшчэ мужчына ў чорным, Вераніка некалькі разоў паўтарыла ягонае ймя, заплюшчыўшы вочы, і, задаволеная, загарнула кнігу. Вось, хаця б аднаго запомніла. Можа, заўтра пашанцуе. Пэтэр... Пэтэр... Каб цябе. Яна зноў разгарнула кнігу, закласьці старонку, як высьветлілася, ёй у галаву не прыйшло, і загадкавы Пэтэр цяпер таропка пераапранаўся недзе ў тоўшчы паперы, пасьмейваючыся, што так лёгка падмануў Вераніку. Яна ўздыхнула й села пісаць шпоры.

Але пакрыўджаны час не забываў, як легкадумна зь ім абыходзіліся ўвесь сэмэстар. Пачынаўся вечар, недзе паблізу працавалі швабраю, Вераніка сьпісала ўшчэнт восем лістоў, а нявыкрытых Пэтэраў заставалася яшчэ тузіны два, ня менш. Перад вачыма яе пакалыхваўся, усё больш нецярпліва, вобраз чайніка са спакушальным шлейфам пары, калі зазваніў тэлефон і больш не змаўкаў. Спачатку сястра распавяла пра тое, што яе муж купіў нарэшце квіткі ў Турцыю, потым пазваніў сусед Юрык і пачаў кленчыць гарэлку: Вераніка шчыра схадзіла праверыць, ці няма часам у шафе, пакінуўшы слухаўку на разгорнутай кнізе як закладку, і вярнулася ні з чым – Юрык не паверыў ды пачаў наноў, ледзь адвязалася. Потым амаль адразу ж пазваніў гэты дзіўны малады чалавек, зь якім яна пазнаёмілася нядаўна, сарамлівы й нахабны адначасова, – яму чамусьці хацелася, каб Вераніка прымала яго за фашыста. Празь пяць хвілінаў – зноў званок: “Айбаліт слухае!” – стомлена падняла слухаўку Вераніка, прыгадаўшы дзіцячую казку, але гэта званілі зь міліцыі. І потым, як наўмысна: маці, паведаміць, што затрымаецца на працы. І зноў пазванілі, яна хацела ўжо цапнуць тэлефон, але гэта было ў дзьверы, суседка прынесла пыласос. “Адключыць яго, ці што?” – паныла падумала Вераніка, пачуўшы, як прыйшоў бацька, не разуваючыся пакрочыў на кухню, адчыніў лядоўню, шумна пажаваў нешта – ажно адсюль было чуваць, і зноў сыйшоў, шчоўкнуў замок. Вераніка ўключыла лямпу й нечакана для сябе сама набрала нумар.

– Так. Бярэш зараз жа кніжкі й прыяжджаеш да мяне, – Лёнькаў голас быў відавочна ўзрадаваны. – Я ведаю такія мэтады!.. І табе неабходны спакой.

– А табе неабходны хто-небудзь у ложку, – сьцьвярджальна сказала Вераніка, раззлаваўшыся.

– Што ты, Веранічка, даю слова, – пакрыўдзіўся Лёнька. – Што я, дэбіл, не разумею... Твая вучоба – сьвятое.

Яна пастаралася як найхутчэй скончыць гэтую размову і ўрэшце проста кінула слухаўку. Тэлефон загаласіў. Гэта зноў быў Юрык, ужо п’яны і, як заўсёды ў такім стане, настроены на філязофскі лад. Ён мэлянхалічна пасьвістваў ды сьмешна ікаў.

– Гэта... Як ты вабшчэ, Веранічка, – пачаў ён, і па голасе Юрыка было чуваць, што ён разьлічвае на доўгую зьмястоўную размову. – Можа, выйдзем, пакурым?

– Не магу, – пальцы Веранікі нешта казытала, і яна ажно павяла плячыма. – Іспыт заўтра.

Але казытка не спынілася, нешта варухнулася пад яе далоняй, што стомлена ляжала на адкрытых старонках. Вераніка раздражнёна зірнула, пачухаўшы далонь, і замахала рукамі ад агіды. Па старонках поўз жаўтавата-брунаты, даволі буйнога памеру таракан. “І адкуль жа ты ўзяўся?” – падумала Вераніка раззлаваўшыся, адначасова забіваючы пачвару чыстым лістом і крывячыся ад адчуваньня ягонага нябачнага цела пад падушачкамі пальцаў. Яна паднялася, каб аднесьці труп да ўнітаза, выйшла ў калідор і, можа быць, спакойна дабралася б да мэты, калі б не зірнула выпадкова на канапу ў залі ды, блізкая да непрытомнасьці, адступіла зноў да свайго пакою. З вузкіх палубаў чорнага пыласоса, што стаяў на сваім звыклым месцы, пагрозьлівыя ды незьлічоныя ў гэтай вайсковай сваёй уніформе, утвараючы часам невыносныя рухавыя купкі, разьбягаліся зь пераможным выглядам, дзіўна ладнымі шыхтамі, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, рудыя жвавыя акупанты.