Вось жа дзіўна. Тады Вераніцы здавалася, што Капітан стаў для яе цэлым сусьветам. А прайшло ўсяго трохі часу, і трэ было йсьці ў школу – і сусьвет цудоўна абыйшоўся без Капітана. Ведалі б бацькі...
... – Ну дзе ты ходзіш, Веранічка! – ліхтарык раптам выхапіў яе зь цемры, і важатая Сьвета, грудастая, вялікая, вось бы каго зараз на сцэну, рашуча ўзяла Вераніку за руку. – У нас мала часу! З-за цябе ўсё зрываецца!
Яе пацягнулі да сцэны, за сцэну – пры набліжэньні важатай усе схавалі цыгарэты. На сцэне аглушальна роў вядучы. “Давай, давай!” – Сьвета рэзка задрала Вераніцы кофту ды прыціснула ёй да жывата падушку. “Ну, не тармазі!”. Астатнія былі ўжо ў зборы ды зь цікавасьцю пазіралі на брудныя ногі Веранікі ў зусім размоклых басаножках: Веня Жук з кіёчкам і ў акулярах над прыклеенай белай барадой, якая, відаць, проста не дачакалася новага году, Анжаліка зь лялькай, Фарыд, закручаны ў бінты так, што быў відаць толькі арліны нос. На сцэне нешта зашыпела, і Сьвета таўханула Вераніку ў азадак. “Я ня буду ўдзельнічаць у гэтых ідыёцкіх дзіцячых сцэнках!” – віскнула раптам Анжаліка, інтэлігентная дзяўчынка з цэнтру гораду, але падштурхнутая Вераніка прывяла ў дзеяньне іхную працэсію, і яны вылецелі на сцэну й пасьпяхова расьселіся па крэслах, а пераможца нядаўняга конкурсу, падобная да ахопленай агнём малпы Алеся распусна сьпявала ў мікрафон невядома кім прыдуманую песеньку на матыў мульцяшнае “Доброты”, у якой рэфрэнам гучала: “Трэба месца саступіць”. Вераніка зірнула на малодшыя атрады, якія глядзелі на сцэну з пачцівасьцю – рукі на каленях, пальцы ў насох, на занятую сваімі справамі астатнюю публіку, і ёй падалося, што яна бачыць, як Капітан стаіць там, у заднім радзе, і пальцы ягоныя ўхвальна ды сумна варушацца.
***
Да таго жудаснага вечара яны дзялілі з братам гэты вузкі пакой, бацькі спалі ў залі. Быў, натуральна, перапынак, Вераніка сама баялася сабе прызнацца, да чаго ён быў прыемны; гэтыя амаль два гады – брат тады пайшоў у войска, і хаця яна старалася падтрымліваць парадак у ягоных рэчах і ні на імгненьне не давала пакою выглядаць так, нібыта ён мае толькі адну гаспадыню, – гэта быў файны час. Але брат вярнуўся, і жыць зь ім станавілася ўсё цяжэй.
З часам узьніклі заканамерныя праблемы: усё ж няма нічога правільнага ў тым, што дарослыя брат і сястра жывуць у адным пакоі; у іх могуць узьнікаць нехарошыя, як казала бабуля Веранікі, думкі, дый наогул – індывідуальнасьцям трэба прастора, каб судакранацца бяз крыўдаў (гэта Вераніка недзе вычытала). Спачатку праблема вырашалася неяк сама сабой, брат у першы год пасьля войска яшчэ захоўваў нейкія рэшткі любові й далікатнасьці. Потым стала прасьцей: брат амаль не начаваў дома, а калі й прыходзіў, то пад раніцу, калі Вераніка ўжо спала. Так што яна магла без усякіх цяжкасьцяў (ну хіба паглядваючы раз-пораз на дзьверы) пераадзявацца, класьціся спаць і рабіць усё тое, што нармальны чалавек не выстаўляе на агульны агляд. Сказаць пра гэта бацькам значыла зрабіць ім вельмі балюча, і Вераніка гэта добра разумела. Не, паведаміць пра ненармальнасьць становішча ёй даўно карцела, асабліва калі яна яшчэ вучылася ў школе, але потым Вераніка падумала пра тое, як гэта, відаць, цяжка – знайсьці для дачкі кватэру... А потым прыйшло азарэньне: яны проста чакаюць, калі я выйду замуж і праблема вырашыцца сама сабой. Ну не, злосна засьмяялася яна, я ня згодная. І Вераніка цьвёрда вырашыла адкладваць сабе на жытло, як толькі яна знойдзе працу.
Сваю кватэру яна добра сабе ўяўляла й нават да дробязяў прадумала, што дзе будзе стаяць. Праўда, калі б Вераніка адплюшчыла вочы, то заўважыла б, як гэтая чатырохпакаёўка нагадвае такую самую ў адным з тых фільмаў, якія яна глядзела калісьці з Эдзікам у яго дома. Тым часам як Эдзік, апанаваны дзеяй, ляжаў з разяўленым ротам і машынальна пачухваўся, Вераніка мімаволі запамінала ўсе падрабязнасьці нянаскае раскошы. Гэта мусіла быць някідкая, але густоўная раскоша, і менавіта раскоша, а не які-небудзь там мадэрн – у цёмна-брунатных танах, са старажытным дрэвам, з аркамі па ўсёй кватэры, з узорамі, што паўтараюцца скрозь, ад ручак на дзьвярах да ляпніны на сьценах, з агромністымі люстрамі...
У той вечар маці ўсё лагодна папікала яе за няўважлівасьць. Усё, да чаго б ні дакраналася Вераніка, ламалася, білася, зьвінела, пагрозьліва хрумсьцела... Яна й праўда чарговы раз задумалася пра сваё будучае жытло. Хто там будзе жыць разам зь ёй, хто варты выгульваць сабакаў яе жаданьняў, каму яна будзе прыслугоўваць у гэтым доме пакорлівай рабыняй, каго будзе катаваць суворай каралевай – не выклікала сумневу. Сэрца Веранікі забілася часьцей, на шыі выступіў пот. Яна прайшла ў свой пакой і дастала халат, яна ўсяго толькі зьбіралася прыняць ванну ды потым упасьці ў ложак да заўтра. Раптам у перадпакоі пачулася квахтаньне маці й потым – хрыпаты вокрык брата. Вось дык сюрпрыз. Даўно ён не прыходзіў так рана.