***
– Сьведкі сьцьвярджаюць адваротнае, – хітра пасьміхнуўся Сухараў, той самы Сухараў, які апошнім часам быў у іхным аддзеле частым госьцем і нават прыцягнуў неяк Вераніцы букет зэфірна-белых ружаў, ад саладжавага выгляду якіх, яна памятала, ёй так непрыемна зьвяло нёба.
Па шчырасьці, нават у калідоры Вераніка яшчэ ня ведала, што ж яна будзе гаварыць. “Мы мусім яго выцягнуць”, – шапнуў Ён ёй на вуха, і яна павяла задаволена плячом ад казыткі. “Не губі хлопца”. Сумнявацца пасьля гэтага добразычлівага шэпту не выпадала, але ж усё адно язык муляў, нібы на ім зьявілася невядомая язвачка. “Скажы мне што-небудзь яшчэ”, – хацелася прашаптаць у адказ, наблізіцца да ягонага такога апэтытнага вуха й выдыхнуць: “Скажы, зараз жа”. І тады б калідор, хіснуўшыся яшчэ раз, стаў бы нарэшце на месца, і перасталі б дваіцца, траіцца насупленыя твары, і вярнулася б у свае каляіны падобная да чыгункі, паласатая столь. На шчасьце, пакуль яна йшла паўз вузкі праход між крэслаў да свайго месца, усё цудоўным чынам праясьнілася. Варта было толькі зірнуць на галоўных удзельнікаў гэтага мерапрыемства. І Вераніка, ведаючы, што часу ў яе няшмат, адразу зрабіла слушныя высновы. Язвачка растала – ані шнарыку, і Ягоная прысутнасьць там, за сьцяной, стала яшчэ больш унушальнай ды адчувальнай.
Гэтая жанчына Вераніцы адразу ж не спадабалася. Не спадабаліся яе трохі ўжо пасівелыя валасы, якія яна нэрвова прыбірала раз-пораз назад, да зьлезлай амаль на вуха заколкі, яе стары швэдар, у якім можна было б хадзіць хіба на лецішчы, яе акуляры, пад якімі зь нянавісьцю часта паміргвалі падсьлепаватыя вочы, яе рукі, якія яна то сплятала, то расплятала – з хуткасьцю пэрсанажа нямога кіно. Так, галава яе была забінтаваная, і белы бінт так і кідаўся ў вочы, бо быў, відавочна, самым чыстым, што трымала на сабе яе цела. Але й бінт Вераніку раздражняў: неяк надта ганарыста яна яго выстаўляла, нібыта сувала прысутным у нос: зірніце, панюхайце, вось. На зьяўленьне ў залі Веранікі жанчына адрэагавала насьцярожаным позіркам і ўсё мацней упівалася ў Вераніку вачыма, па меры таго, як Вераніка набліжалася. Напэўна, яна спадзявалася зьбянтэжыць Вераніку. “Якія сьведкі?” – прамовіла яна, і бляклага голасу яе было амаль не чуваць у залі, а можа, яна нічога й не казала, толькі адкрыла рот, у якім чарнелі між зубоў жахлівыя прагаліны. А вось якія, злосна адказала ёй позіркам на позірк Вераніка ды распрастала плечы: маладыя, упэўненыя ў сабе, ладныя, здаровыя ды справядлівыя, у новай летняй сукенцы ды толькі што з цырульні. Сьведкі з будучыняй за плячыма. Гаспадары, якім вы пакінулі такі загаджаны сьвет.
Амаль насупраць яе сядзеў той самы малады салдат, і Вераніка адразу ж зразумела, чаму Ларыса, якая жаўнерыка ўжо бачыла, прасякнулася да небаракі такімі мацярынскімі пачуцьцямі. Галава ягоная была пастрыжаная так коратка, што яе й праўда хацелася пакласьці сабе на калені ды пяшчотна гладзіць гэты кранальны вожык. Вялікія блакітныя вочы глядзелі жаласьліва ды неўразумела, ды што там казаць: гэта былі вочы падлетка, які шчыра не разумее, навошта яго трымаюць тут, калі за акном, закратаваным, нібы напамін, цьвіце лета, і музыка чуецца з парку, і лётаюць карусэлі – да сонца й назад, і дзяўчаты носяць такія кароткія спадніцы, і на асфальт крапае марозіва, і на сіняй рацэ белыя катамараны... Ён быў апрануты ў касьцюм, але было відаць, што гэткая вопратка яму цісьне, што звыкся ён насіць майкі ды шорты, і нават формы яму не знайшлі па росьце, такім прагным да свабоды было ягонае цела. Вейкі доўгія, прыгожыя, вусны такога малінавага, сакавітага адценьня, якое бывае толькі ў людзей паўнакроўных і дваццацігадовых.
– Такім чынам, вы ў той дзень і менавіта а шаснаццатай сорак праходзілі міма месца здарэньня? – строгім голасам, у якім, аднак, угадваліся знаёмыя лісьлівыя ноткі, спытаў Сухараў і зашамацеў паперамі.