Выбрать главу

Вераніка маўчала. Яна ведала, што трэба адказаць, і чамусьці маўчала. Сухараў зьдзіўлена падняў на яе вочы, і толькі тады голас Веранікі, нібы колы, якія ўсё ж адолелі ўзгорак, плаўна вымавіў на спуску:

– Так, праходзіла.

Сухараў выцер пот. Ён загаварыў пра нешта, а Вераніка раптам ясна ўявіла сабе той дзень, вузкую вуліцу ў кляновым сыропе ценяў, падземны пераход, і стос газэтаў на парапэце, і газэтны кіёск побач, і п’яную кампанію счэпленага паміж сабой друзу пад агароджай, і тралейбус, што ад’яжджае ад прыпынку, сьлепячы чужых пасажыраў зварачным зьзяньнем шыбаў. Салдата, які толькі што выйшаў з тралейбуса і ў два крокі апынуўся ля пераходу. Вочы ягоныя, відаць, абыякава сьлізганулі па назьве газэткі, што ляжала зьверху, а можа, па якім-небудзь з тых ідыёцкіх танных загалоўкаў, што так любяць фашысты, кшталту “Пакласці канец фальсыфікацыям!” або “Скажам не антынароднай уладзе!”. Ён зірнуў на гадзіньнік, ён сьпяшаўся, невядомае дзяўчо чакала яго недалёка ў сквэры, бесклапотна даядаючы марозіва, да канца звальненьня чатыры гадзіны, як шмат трэба пасьпець!.. Зрабіўшы на хаду заўвагу гэтай пажылой цётцы, ён проста заступіўся за сваё дзяўчо з марозівам, будучы тата, будучы муж, а пакуль што жаўнер, якому даверылі абараняць Радзіму... Але цётка не змаўчала, яна, відаць, ашчэрылася яму ўсьлед: “Зомбі! Паслугач рэжыму!”. І тады салдат ня вытрымаў, падняўся па прыступках назад, і патлумачыў цётцы, што мае поўнае права правесьці яе да бліжэйшага міліцэйскага аддзяленьня. І каб пацьвердзіць сур’ёзнасьць сваіх намераў, скінуў парачку фашыстоўскіх улётак на гарачы асфальт. Дзіцячы ўчынак, вось гэтага рабіць ня трэба было, трэба было ўсё рабіць па законе... Але ж хлопчыку насамрэч толькі дваццаць. Кроў зайграла, што ж тут няяснага... А цётка яшчэ й мацюгнулася. Яны гэта ўмеюць, яны ж толькі на выгляд такія ўсе інтэлігентныя, гэтыя прастытуткі-дэманстранткі... І тады салдат абразіўся. Не за сябе, відаць, за гонар свой вайсковы, і яшчэ за тую, якая так чакае яго ў сквэры. І распусьціў рукі. Але з кім не бывае? Вераніцы й самой часта хацелася мець мужчынскія кулакі, бо, як тут ні круці, ёсьць сытуацыі, дзе толькі з дапамогай складзеных разам пяці аргумэнтаў нешта можна давесьці. Натуральна, біць яе трэба было не ў жывот, гэта салдат перабраў. Па шыі, ці пад вока, каб пазначыць фашыстку, каб яна яшчэ доўга хадзіла па горадзе ці па лягеры, гэта ўжо як суд бы вырашыў, з доказам сваёй віны на ўласным гнюсным абліччы. Але ж не ў жывот. Ды толькі ўсе яны забываюць, што ў такім узросьце цяжка правільна ацаніць становішча, адмераць сілу ўдару... Вось яе брат, напрыклад, нават у свае гады так і не навучыўся. Вераніка прымружыла вочы. А тое, што цётка звалілася менавіта на край тратуару, дык гэта ўжо выпадак. Тут ужо зоркі вінаватыя, а зоркі проста так ня сьвецяць. Да агрэсіўных недаробкаў яны рэдка бываюць літасьцівыя... І да лепшых людзей таксама. У любым выпадку, салдат ніяк не заслугоўваў пакараньня. Яму яшчэ й праўда – жыць ды жыць, ня тое што гэтай... “пацярпелай”... Забіў бы яе, стала б адным фашыстам на сьвеце меней.

– Абвінавачаны зрабіў грамадзянцы Дохтуравай заўвагу, – прамовіла Вераніка, з выклікам зірнуўшы на цётку. – Яна кінулася да яго, трымаючы рукі перад сабой...

– Што б маглі значыць, па-вашаму, гэтыя выцягнутыя рукі?

– Ну, яна трымала іх так, нібы... Так, калі б яна намагалася абхапіць імі шыю абвінавачанага. І потым спатыкнулася ды ўпала тварам на тратуар.

Сухараў задаволена пазначыў нешта ў сваіх паперах і неўпрыкмет падміргнуў Вераніцы. Судзьдзя, той самы Лыкавец, які заўсёды, перад тым як зайсьці да Чэслава, зазіраў да Веранікі ды казаў у свае вусы абавязкова густое ды ўрачыстае “Вітаю Веранічку!”, тужліва зірнуў у вакно ды пакруціў тоўсты абручальны пярсьцёнак на пальцы.

– А ці чулі вы, як грамадзянка Дохтурава нецэнзурна лаялася ў адрас абвінавачанага?

– Так, – выдыхнула Вераніка, і зноў пасьля паўзы, падчас якой Сухараў усхвалявана падаўся наперад, нібы вырашыўшы яе ўшчыкнуць, а потым паўтарыла цьвёрда й гучна: “Так.”

– Ці не маглі б вы апісаць, якія менавіта словы скарыстоўвала грамадзянка Дохтурава?

Вераніка пачырванела. Яе пашкадавалі й перадалі ліст паперы, на якім яна ўпершыню ў сваім жыцьці вывела нерашучай рукой усё тое, што чула ў Сьвеце штодня. Яе праца прыдалася: паставіць сябе на месца цёткі, калі такіх вось пацыентаў за дзень па некалькі праходзіла міма яе вачэй у кабінэце адміністрацыі, было няцяжка. “Жанчына – акторка”, – прыгадала яна песьню Віктара Ветра, “Жанчына – акторка, жанчына, акторка, бывай да аўторка”, і ледзь не засьпявала сабе пад нос, вяртаючыся ў калідор.