“Дзіўныя такія пачуцьці”, – сказала яна задуменна, як усё яшчэ не астылая чэмпіёнка са сьцягам на мокрых плячах, і Ён задаволена паўабняў яе, тут жа, зрэшты, адхіснуўшыся: Вераніка зьбянтэжана застыла на месцы, як абарваная песьня, – ды Ён ужо не глядзеў на яе, прасоўваючы галаву ў залю. Гэта былі незвычайныя абдымкі, падумала Вераніка, гледзячы на сябе ў люстэрка. Так, незвычайныя. Быццам цябе ня могуць адляпіць. Аднак я ня веру, ня веру, ня веру. І буду змагацца.
Потым, у кавярні, яна ўсё цягнула мінэральную ваду й ніяк не магла наталіцца. Яна пайшла туды толькі ўпэўніўшыся, што і Ён ідзе сьледам, але Ён толькі выпіў за два прагныя глыткі сваю каву ды, пажартаваўшы пра нешта й пагладзіўшы Вераніку па шчацэ, зьбег. Усё было сапсавана самым прыкрым чынам, і нават адчуваньне таго, што зусім нядаўна Вераніка хаця б на крышачку аднавіла ў сьвеце справядлівасьць, не ратавала ад чорнага, горкага расчараваньня... Яна сядзела й з агідай старалася зачапіцца хаця б за нешта з таго, што казаў Сухараў – каб неяк зафіксаваць навакольле, надаць яму сэнс, не разгубіцца, не растварыцца канчаткова. Паблізу ўсаджвалася сьнедаць кампанія італьянцаў, усе як адзін падобныя да мафіёзі. Вераніка злавіла сябе на думцы, што ёй вельмі хочацца пабачыць цяпер салдата, якога яна выратавала ад няволі, паглядзець на яго, проста зірнуць, можа, гэта падзейнічала б на яе як супакаяльнае. Яна пачала ўглядацца ў твары астатніх наведнікаў. Людзі былі спрэс вясёлыя, добразычлівыя, яны відавочна ганарыліся тым, што могуць вось так схавацца ад сонца: з камфортам, без напругі, не зьмяняючы тону, не разразаючы стужкі на маленькай падарачнай упакоўцы шчасьця. Сухараў без супынку балбатаў, а потым нечакана прызначыў ёй на вечар спатканьне. Вераніка паморшчылася, нагадала яму пра свае прыёмныя гадзіны ў адміністрацыі й паднялася з-за стала, сама заплаціўшы за ваду, за Ягоную каву й за толькі што прынесеную падобнай да Фэміды афіцыянткай піццу.
***
Роў быў неглыбокі, але поўны пастак; усё ж неўзабаве Вераніка ўжо была на другім беразе. Яна прысела, абула чаравікі ды пачала выкручваць крысьсё плашча, адначасова паглядваючы ў пашчу лесу, які з гэтага боку, у засені драўляных сьценаў, выглядаў яшчэ больш варожым. На мапе, як ні дзіўна, тое месца, куды яна прыйшла, абазначанае не было. Толькі гушчар, халодныя цёмныя джунглі, у якіх пракладваў сабе шлях чарвячок яе гераіні. Ацэньваць перавагі гульні, аднак, часу не было, задачай нумар адзін зьяўлялася дасьледваньне гэтае маленькае драўлянае фартэцыі. Дзе ж тут у іх уваход? Вераніка паднялася на ногі, і тут вецьце па той бок рову здрыганулася, і адтуль вывалілася невядомая, пакрытая рудаватым пухам істота памерам з добрага каня. Стоячы на чатырох кароткіх лапах, гэты монстар пранізьліва крычаў, круцячы галавой; Вераніцы падалося, да яе нават далятала непрыемнае, з прысмакам тухляціны, рэха ягонага дыханьня. Крыкі нагадвалі птушыныя або малпіныя... Вераніка міжволі прыхінулася да сырой драўлянай сьцяны. Толькі яна паспрабавала разгледзець пачвару як сьлед, тая раптам ударыла па вадзе пярэдняй лапай, і Вераніку абдала з галавы да ног. Яна вылаялася, адчуваючы, як сьцякае за каўнер пякучы струмень, а монстар аглушальна ды радасна завішчаў. Пярэднія лапы монстра, пэўне, валодалі здольнасьцю станавіцца то карацейшымі, то даўжэйшымі, інакш як можна было патлумачыць, што гэтыя агідныя канечнасьці, якія толькі што стаялі на імху, увадначасьсе дасталі ажно да сярэдзіны рова... Вераніка махнула рукой у ягоным накірунку, і пачвары гэта відавочна не спадабалася. На гэты раз лапа амаль дацягнулася да берагу, на якім ціснулася да бярвенчатай сьцяны Вераніка, і ёй стала зразумела, што гэта яшчэ не мяжа для гэтага драпежніка. А скончыць сваю гульню вось так, па-дурному, ёй зусім не хацелася... “Гэй, ты, што я табе зрабіла?” – выгукнула яна й выставіла рукі далонямі наперад: можа, хаця б гэты жэст дасьць яму зразумець, што ён памыліўся ахвярай.
Пачвары, відаць, на гэта было напляваць. Наступны раз лапа дацягнулася амаль да ног Веранікі, і яна ўцяміла нарэшце, што яшчэ адна такая атака – і гульня для яе скончыцца. Крыўдна было б пакідаць яе, столькі перажыўшы. Яна заўважыла, што кіпцюры на лапе ня сьведчаць пра міралюбнасьць прыхадня, хутчэй наадварот: адзін дотык такой лапай, і кампутар можна будзе выключаць. І Вераніка пабегла ўздоўж сьцяны. Адначасова яна намагалася неяк вызначыць, да якога племені належыць яе перасьледнік, які не марудзячы пабег за ёй уздоўж супрацьлеглага берагу. Ростам пачвара й праўда была з добрага каня, пысаю нагадвала нейкага інсэкта, целам – лысага мядзьведзя... Ззаду выгінаўся малпін хвост. Панапрыдумляюць жа... Агромністыя вочы монстра пільна сачылі за Веранікай, і не было ў іх ні шкадаваньня, ні хітрасьці, толькі нянавісьць, чыстая, атрутная, без дамешкаў. Урэшце Вераніка ўпала ў быццам бы пакусаную кімсьці траву ды папаўзла, пачвара зноў пераможна заенчыла ды таксама запаволіла хаду. “Ну, усё”, – Вераніка намацала кубак з матэ й з прыкрасьцю адкінулася да сьпінкі крэсла. Маці нешта сказала, праходзячы міма яе пакою, і Вераніка таксама нешта буркнула ў адказ. Падобна на тое, што маці гэтага хапіла.