Вераніка стаяла перад доўгім радам клетак, тоўстыя пруты раз-пораз парыпвалі. Яна з жахам глядзела, як унутры, відаць, перапалоханыя сьвятлом, з жахам ціснуліся да сьценак самыя разнастайныя істоты. Тут былі і ўжо знаёмыя ёй ірлісы розных памераў, ад гіганцкіх, як паваленыя дрэвы (ім было відавочна цесна пад нізкай столяй), і зусім маленькія, лапы якіх бездапаможна скарачаліся, і напаўзасохлыя без вады дэндрыты, і падгнілыя, але яшчэ жывыя вярблюдазьмеі, і мноства іншай жыўнасьці, што пазірала на Вераніку вільготнымі ды асьлеплымі ад страху вачамі. Як загіпнатызаваная, Вераніка ішла ўздоўж бясконцага шэрагу клетак, і ззаду ў такт яе крокам чуўся халодны постук ботаў Лекса. І ў перадапошняй клетцы яе напаткаў найжахлівейшы сюрпрыз. Там, узяўшыся за рукі й прыціснуўшыся адно да аднаго, сядзелі ў кутку тры згорбленыя гномы. Адзін зь іх быў выліты Ольда: у Веранікі нават заняло дыханьне.
– Але чаму яны... – яна не дагаварыла, зь неўразуменьнем і недаверам павярнуўшыся да Лекса.
– Яны злачынцы, – каменным голасам адказаў Лекс, і вочы ягоныя сьвяціліся ад задавальненьня.
– Ну калі нават і так... – Вераніка падыйшла да клеткі з гномамі. – Яны ж хутка памруць...
Лекс паляпаў сябе па боце футаралам і пакрыўджана хмыкнуў:
– Ну і што? Туды ім і дарога. Гэта ж проста кампутар. Гульня.
Ён сам ішоў на парушэньне правілаў, у гэтай гульні не рэкамэндавалася ўзгадваць пра рэальнасьць уголас. І Вераніка нагадала яму пра гэта. Лекс нічога не адказаў, пагрукаў трохі па сьценцы, і гэтыя мерныя гукі надалі й без таго жудаснаму калідору яшчэ больш змрочнасьці. Яна ўжо наважылася сказаць Лексу што-небудзь зьдзеклівае, калі ён раптам павярнуўся на абцасах да клетак і зароў:
– Служыць!
І па гэтай пранізьлівай камандзе ўсе палонныя Лексавай турмы адначасова ўпалі на падлогу: пляснуліся на бруха ірлісы, і падкасіліся капыты ў вярблюдазьмеяў, і як сьпілаваныя паваліліся на пруты дэндрыты, і пакаціліся, стукнуўшыся аб сьцяну, шаразубы, і гномы, расчапіўшыся, бухнуліся на калені. Лекс засьмяяўся і дастаў з футарала ашчэраную пугу. “Проста гульня”, – паўтарыў ён і махнуў пугаю над галавой, Вераніка адхіснулася й закрыла твар рукамі. Ад яе сьвісту ў яе на нейкі момант заклала вушы. Потым Лекс задаволена сьвіснуў пугай неяк па-іншаму, і зьняволеныя зноў заварушыліся.
– Спадарыня, – раптам пачула Вераніка, – спадарыня, ці няма ў вас часам кропелькі вады ў далоні?
Яна адплюшчыла вочы: на яе глядзеў, з усяе моцы намагаючыся не губляць пачуцьця ўласнае годнасьці, адзін з гномаў. Двое іншых згодна заківалі галовамі.
– Няўжо нельга іх напаіць? – спытала Вераніка, баючыся глядзець на Лекса. Той усьміхнуўся, прайшоў у канец калідора й вярнуўся з гліняным кубкам. Вераніка выхапіла яго зь Лексавых рук і пасьпешліва прасунула праз пруты. Гном прагна прыпаў да кубка. Астатнія глядзелі на яго, цярпліва чакаючы.
– Ну вось, вось, – таропка загаварыла Вераніка, – вось...
Гном прысёрбваў ад задавальненьня, а потым неяк непрыкметна абмяк і са страшнай грымасай на твары ўпаў проста на пруты. Маленькае ягонае цела курчылася, тоўстыя пальцы хапалі пустэчу. Потым з рота ў яго пайшла пена. Вераніка не адрываючыся глядзела, як гном закаціў вочы ды споўз па прутох на салому.
– Цырыкурын, – сказаў Лекс горда. – Або жыламор. Добрая атрута. Вельмі пакутлівы канец.
Вераніка адступіла да сьцяны.
– Такім чынам, – пракрычаў Лекс, – цяпер Падарункі будзе рабіць і гэты чалавек. Гэта жанчына. Імя чалавека – Улада.
– Я? – Вераніка паволі пачала адыходзіць да лесьвіцы.
– Ты дурніца, ты сама не разумееш свайго шчасьця, гэта твой шанец – шапнуў ёй Лекс, – я так доўга цябе чакаў, – ды зноў пракрычаў сваім адладжаным, мэталёвым голасам:
– А цяпер я пакажу вам тое, што даўно абяцаў.
Вераніка тым часам не магла адвесьці вачэй ад мёртвага гнома. Адно толькі гэта й замінала ёй бегчы. Яна ступала марудна, бы стаяла сярод багны, і кожны раз спатыкалася аб які-небудзь выступ. Але варта ёй было нарэшце разьвярнуцца, як пуга, нібыта лапа шалёнага ірліса, зьбіла яе з ног. Яна ляжала ніцма і адна з саломінак лезла ёй у вочы, як жывая. Лекс нахіліўся над ёй і падняў плашч, а потым паставіў Вераніку перад сабой зручней. І Вераніка з кубкам матэ ў руцэ ня верачы сваім вачам глядзела, як у адну з адтулін яе зымітаванага на маніторы цела, адтуліну, якая, як ні дзіва, апынулася менавіта там, дзе трэба, уваходзіць доўгі, колеру слановае косткі, просты й бязьлітасны, прагны й несумненны... ён, мусіць, нешта зьмяняў у наладках... і не спыняючыся ні на імгненьне... і ня церпячы пярэчаньняў... і так глыбока... да нутра... да кропкі.