Выбрать главу

Вераніцы стала вельмі цікава, як называе “яе” Ларыса. На такія тэмы яны ніколі не размаўлялі, хаця іх і лічылі ў аддзеле сяброўкамі. Гэта й праўда было сяброўства, якое ўсё часьцей пад пэўным ракурсам выдавала на нянавісьць. Вераніку нават наведала вясёлая думка патэлефанаваць цяпер Ларысе ды агаломшыць яе такім працоўным пытаньнем. Спытаццца пра гэта мімаходзь, нібы пра кошты на загарадным рынку. Аднак Вераніка ня была пэўная, што пытаньне застанецца паміж імі. Яна паднялася зь месца й, робячы неўпрыкмет найноўшую гімнастыку для сьпіны, паглядзела на пустэльную плошчу са сьляпучым крыжам пасярэдзіне. Крыж знаходзіўся прыкладна на ўзроўні яе вачэй, ягонае зьзяньне вісела, як німб, над праспэктам, які ўпадаў у плошчу. Пазяхнуўшы, Вераніка вырашыла, што ўсё прасьцей, чым яна думае. Варта было толькі добра ўявіць сабе Ларысу, яе ўхмылкі, яе заўжды грубыя, цёмныя жартачкі, як сумненьняў не заставалася: Ларыса называе яе як і большасьць простага народу, іхных штодзённых наведнікаў. Вераніка, хуліганячы, паўтарыла гэтае слова некалькі разоў, шэптам, амаль не расьціскаючы вуснаў. Дзіўнае слова. Яна напісала яго на паперцы, а потым разарвала паперку на дробныя шматочкі. Ёй ужо даводзілася, як школьніцы, запісаваць яго, і, выведзенае чорным па белым, слова гэтае нібы заяўляла пра сваё права на існаваньне. Яно станавілася такім самаўпэненым, нібы яго легітымізавалі на рэфэрэндуме. Зрэшты, чаму не. Народу відней, як называць і “яе”, і яе, Вераніку. Тое самае датычыцца і ўлады. Назваць яе “яна”, як знаёмую, як маці, як сяброўку, ці назваць яе тым словам, якое, хутчэй за ўсё, круціцца ў галаве Ларысы, што стогне пад душам, – ад гэтага шмат залежыць. Больш, чым мы ўсе звыкліся лічыць.

Упершыню яна змагла разгледзець гэты іхны заасад у ягонай натуральнай прыгажосьці гадоў дзесяць таму – у сваім пакоі, пад маўклівы злавесны акампанімэнт з храпу ды вісклівых ад скразьняку старых дзьвярэй. Брат скінуў у сьне зь сябе коўдру; Вераніка са зьдзіўленьнем пабачыла, што ягоныя чорныя майткі ляжаць між таросаў скамечанай бялізны, а наверсе... Наверсе было тое, што ўжо даволі даўно цікавіла яе – без усялякага сэксуальнага падтэксту, анічога такога: проста інтарэс прыродазнаўцы. Яна глядзела на гэтае крыху кветачнае патаемнае баляваньне доўга, з сумам, якому сама не магла знайсьці тлумачэньня, і такой жа няўцямнай гордасьцю. Потым спаруда качнулася, і Вераніка ўмомант схавалася пад сваёй коўдраю.

Апошняя ж з такіх вось яблычна-павучальных гісторыяў адбылася зь Веранікаю зусім нядаўна. Прыгадваючы яе, яна не змагла стрымаць усьмешкі – і трохі страшнавата было глядзець на сваё адлюстраваньне ў маніторы, якое на імгненьне ўспыхнула, хаваючы прыемны ўспамін пад замок. Справа была ў тым, што неяк увесну Вераніцы давялося аддаць у рамонт свой тэлефон... Ніводзін з тых апаратаў, якія ёй прапанавалі ўзамен, Вераніцы не прыйшоўся даспадобы, і яна вырашыла, што некалькі дзён зможа абыйсьціся й без тэлефону. Гэткі адпачынак напрошваўся сам сабой – тэлефанавалі Вераніцы часта і ўсё больш са сваімі праблемамі, чым са шчырым інтарэсам да яе ўласнага жыцьця або, прынамсі, з пустой балбатнёй, якая часам так эфэктыўна здымае стрэс... Аб’явіліся нейкія далёкія сваякі, і сакурсьнікі, якіх яна ўжо ня памятала, і сваякі сакурсьнікаў. Яна ўсіх уважліва выслухоўвала, а потым сваім ужо крыху ахрыплым ад ветлівага тону голасам раіла зьвярнуцца да яе калегаў. Некаторыя, самыя навязьлівыя, званілі яшчэ, раздражнёныя тым простым фактам, што сіла тут на баку Веранікі, і яны нічога ня могуць зрабіць зь яе непрабівальнасьцю.

Абед якраз сканчаўся, ёй давялося праехаць прыпынак на аўтобусе, каб не спазьніцца. Калі яна ўжо абзвоньвала, выконваючы даручэньне Чэслава, дамы культуры, у кабінэт зайшоў Максім – той самы пекны хлопчык, студэнт архітэктурнага, які так часта ўдзельнічаў у мерапрыемствах адміністрацыі. Не адрываючы вачэй ад абрыдлых папераў, Вераніка паскардзілася яму на свой тэлефон, распавяла, колькі ўзялі за рамонт. “Лепш новы набыць”, – салідна сказаў Максім. “А пастой... У мяне ж якраз...”. Ён крыху падумаў і потым рашучым рухам дастаў з дыплямата цудоўную блішчастую цацку. “Ды ня трэба!” – замахала рукамі Вераніка. “Я новы сабе купіў, гэты прадам,” – Максімка ўмольна зірнуў на яе – пасьля таго сьвяточнага канцэрту ён глядзеў на Вераніку нейкімі новымі, сабачымі вачыма. І хутка ён ужо ўстаўляў Веранічыну сім-картку ў гладкае цельца прэпараванага тэлефона, і было ў гэтай працэдуры нешта такое інтымнае, што Вераніка пачырванела. Яна адчувала, як пахне ад успацелага Максіма, бяз гэтага паху ён не ўяўляў для яе цікавасьці, яна й ня ведала, што ён можа так пахнуць. Разумны хлопчык, сочыць за сабой, не шкадуе на сваё цела грошай, такі далёка пойдзе, калі будзе мець цярпеньне дастаяць у чарзе да патрэбнага моманту... Ёй падабалася нават тое, як ён зусім нявінна так, па-хлапечаму буркатаў сабе пад нос радок з заезджанага гіта... І тут у кабінэт зусім бяз стуку зайшоў Ён, і Вераніцы стала трохі сорамна за свае нядаўнія смутныя думкі. Ён павітаўся з Максімам зусім халодна, як з падначаленым, хаця насамрэч ня меў на гэта права... “Ну вось, гатова,” – сказаў Максімка, – “Я пайшоў”, – і ён хуценька выскачыў за дзьверы. Спакусьліва, вельмі спакусьліва было лічыць, што прычынай гэтага маўклівага паядынку, у якім адзін бок абачліва адступіў, была яна, Вераніка; напраўду ж усё было ня так, і яна гэта разумела. Пакуль ня так, але на той час Вераніка была ў разгубленасьці: напружаны графік не дазваляў заняцца выбарам новай стратэгіі. Рукі Ягоныя кінулі на стол Веранікі падшытыя паперы, рот надарыў яе звыклай усьмешкай, тупік, тупік, тупік... А новы тэлефон граў блюзы, і яна шторазу зьдзіўлена паводзіла галавой: дзе гэта, чый гэта?