Выбрать главу

***

Начаваць Лекс адводзіў яе да сябе ў вежу. У адным з гэтых кругласьценных халодных пакояў стаяла вялікае, шырокае ложа: Лекс прыкоўваў Вераніку да жалезнага крука, які тырчаў са сьцяны, а сам клаўся з другога боку, часам нават не распранаючыся. Вераніка з інтарэсам глядзела на тое, як ён замыкае кайданкі вакол яе нагі ды вешае на шыю ключ, зусім як яна калісьці надзявала яго на шыю накшталт упрыгожаньня, у школьныя часы. Ёй падабалася гэтая безабароннасьць Улады, яе маўклівая пакорлівасьць, і нават яе нежаданьне нейкім чынам уцячы ад свайго гаспадара. Яна ляжала ў цемры, назіраючы за тым, як не міргаючы глядзіць на іх з акна месяц, і думала пра тое, што, відаць, Лекс ужо прынамсі год як удзельнік гульні, бо неабходна было сабраць неверагодную колькасьць пунктаў і безьліч зброі ды магічных здольнасьцяў, каб завалодаць часткай Лесу, пабудаваць тут Дом ды яшчэ і ўтрымліваць яго й сябе ў адноснай бясьпецы. А палонныя? – Вераніка ведала, што да сьценаў Дому мусілі прыходзіць калісьці цэлыя войскі іхных суродзічаў: колькі ж аблогаў давялося вытрымаць Лексу... Хаця было невядома: магчыма, галоўная аблога ўжо рыхтуецца, і цяжка сказаць, чым скончыцца для Веранікі гэтая на першы погляд такая штучная гульня ў казачнай рэальнасьці.

Не, пра ўцёкі яна напачатку думала. Імкнулася разгледзець як сьлед браму, схаваную ў тумане, параніць Лекса падчас іхных частых збліжэньняў, падняць паўстаньне... Аднак аднаго разу яна выпадкова зірнула на ягоны, бадай што, недасяжны ўзровень, каб атрымаць які, трэба было сядзець за кампутарам круглыя суткі, на колькасьць ягоных пунктаў, якая ў дзясяткі разоў пераўзыходзіла Веранічыну. Але хутка мара пра ўцёкі саступіла месца такой адданасьці, пра наяўнасьць якой у сабе Вераніка й не падазравала. Бо Лекс карыстаўся ёй нібы трэнажорам, дзеля набыцьця якога ён усё жыцьцё назапашваў манэты. І яна сачыла за тым, як ёй карыстаюцца, амаль з удзячнасьцю. Розныя мярзотнасьці, якія ён зьдзяйсьняў сам і прымушаў зьдзяйсьняць яе, былі нічым у параўнаньні з магчымасьцямі, якія даваў Вераніцы лягер. Ён і сапраўды меў рацыю, гэты бляндын з вачыма забойцы, – толькі зь ім Вераніка магла зразумець, на што можа быць здольная чалавечая істота, няхай сабе й віртуальная. І яна да пары без сумненьняў прымала Лексава галоўнае апраўданьне: гэты сьвет, у якім існаваў цяпер толькі Лекс, ягоны Дом, яна, Улада, і некалькі дзясяткаў прыдуманых кімсьці монстраў, – толькі гульня, якую можна ў любы момант выключыць, і калі на экране загараўся прыгожы надпіс “Вяртайцеся хутчэй!”, міс Хайд зноў станавілася міс Джэкіл, усё як у вядомым фільме, з адной толькі розьніцай: ніводзін чалавек за час гэтага патаемнага ўвасабленьня не пацярпеў, і наогул нічога гэтага ніколі не было. Сумленьне сустракала Вераніку чыстым, бы яна яго перад пагружэньнем у змрочныя ды салодкія абдымкі Лекса вымыла ў пральнай машыне, высушыла й павесіла ў шафу. Прыемна, незвычайна прыемна вярнуцца ў родны дом пасьля доўгае разлукі й засьпець усё і на кухні, і ў спачывальні чыстым ды некранутым – нібы вярнуцца ў той самы шчасьлівы дзень, калі падарожжа яшчэ хвалявала, а невядомасьць палохала. Вось так, ці амаль вось так. Вераніка варочалася на сваім краі ложа, і ланцуг зьвінеў, і Лекс незадаволена прачынаўся.