Выбрать главу

Марна намагаючыся зазірнуць у выразы яе твару ды сукенкі, я прыгадаў раптам, як калісьці, у той краіне, у тым жыцьці, між той асокі я езьдзіў зь ёй за горад. Гэта быў першы і апошні раз, калі я пагадзіўся паехаць кудысьці зь яе сваякамі. Там была яе сястра – халоднае, фанабэрыстае стварэньне, якое то хадзіла па беразе з сабакам на павадку, надзеўшы вялікія, на паўтвара, цёмныя акуляры, і не адказвала на пытаньні, то раптам аглушальна, ненатуральна сьмяялася й называла мяне да сьлёзаў фамільярна. Яшчэ з намі быў яе муж, ад вобразу якога нічога ўжо не засталося, толькі аранжавыя плаўкі. Не, яшчэ воклічы, зь якімі ён абдымаў сястру Веранікі: “Ну ты прам францужанка!”. Не разумею, як яе сястра выйшла за такога, яна рабіла ўражаньне даволі культурнага чалавека, ня тое што гэты тыповы вечна малады антыфашыст і калгасьнік. Яшчэ была нейкая Веранічына сакурсьніца, я нават не магу сказаць цяпер, бляндынка ці брунэтка. Менавіта яна прапанавала згуляць у самую тупую з тых гульняў, якія я сустракаў у жыцьці. Жанчыны мусілі проста тут, каля хмызьняку на пустэльным беразе вузкай, абмялелай рэчкі імітаваць аргазм: ну, паказаць, як гэта выглядае ў іхным выкананьні. Мы – я ды муж у аранжавых плаўках – былі, паводле задумы, кімсьці накшталт журы, якое павінна было абраць пераможцу. Ім здавалася, гэта было б весела. Ня ведаю, як па мне, дык гэтая гульня абражала маю Вераніку – можа, іхную й не, але маю – дакладна. Я ведаў, што ня вынес бы такога.

Мая сьціплая прапанова памяняцца ролямі – баязьлівы, танны кампраміс – засталася незаўважанай. Сакурсьніцу, якая ўжо старанна дыхала, як пры інгаляцыі, ды павісквала, нібы парася, разрывала ад сьмеху. Сабака бегаў вакол і брахаў. Я да пары маўчаў. Сястра Веранікі, гледзячы на мяне ва ўпор, разыграла такую сцэну, што ў яе мужа адразу ж распухлі плаўкі. Надыйшла чарга Веранікі, і як толькі яна, памарудзіўшы, прастагнала сваё ўступнае “ля”, я схапіў яе за руку ды цьвёрда забараніў займацца такой лухтой. “Так нячэсна!” – закрычала сакурсьніца. “Я ж рабіла! І яна няхай!”. Я падняўся ды пацягнуў Вераніку за сабой. “У цябе няма пачуцьця гумару”, – сказала ледзяным голасам Веранічына сястра. Вераніка супраціўлялася, але мяне было ня здужаць – я гатовы быў яе ўдарыць, я адчуваў унутры такую злосьць, такую рацыю, што пасьля аднаго позірку ў іх бок зноў селі на пясок нават аранжавыя плаўкі, якія было памкнуліся да маіх напружаных рук. “Наступны раз прывядзі каго весялейшага!” – крыкнула нам наўздагон сакурсьніца й дадала цішэй: “Не, ну я ж тут крыўлялася, дзе справядлівасьць?”. Больш мы нічога ня чулі.

***

Чаго толькі не бывае пры такіх абдымках!.. Нявольная дэфэкацыя, выдзяленьні мачы, спэрмы (ну, гэта не пра нас), выштурхоўваньне сьлізістага корка з шыйкі маткі – усяго гэтага ўдалося пазьбегнуць. Табу было вырашана не парушаць, ня кідаць сьмярдзючага ценю на ўрачыстасьць, не абражаць грамадзтва – яно ж было там, грамадзтва, яно было зусім блізка, ад яго не схавацца нават у такія хвіліны. І грамадзтва абуралася: чым – гэта ўжо іншае пытаньне. А стома ж была падобная да той, якую Вераніка адчувала ў школе – дурная, усеабдымная стома, калі ты можаш сказаць сабе: “Я такі(такая) змораны(ая), маю ж я права на прыемныя адчуваньні, на пяць хвілінаў для сябе”. Гэта добры падарунак прыроды – магчымасьць даць прыемныя адчуваньні самой сабе, калі грамадзтва сьнедае. Тлусты, сытны, глябальны сьняданак. І, мусіць, любая рука, якая легла б цяпер на патыліцу Веранікі, была б прынятая з удзячнасьцю.

Тое, што так цэняць у жанчынах мужчыны, але зь вядомых прычынаў замоўчваюць пры апытаньнях, у Веранічыным выпадку ня вельмі дэфармавалася. Можна сказаць, патолягаанатаму пашанцавала, бо мастак зь яго быў слабанэрвовы. Яны амаль не пашкоджаныя, гэтыя птушкі. Хутчэй да чучалаў, чым да пудзілаў. Гэта былі толькі чалавечыя рукі – недасканалы інструмэнт, улічваючы ягоную нетаропкую, але пасьлядоўную дэградацыю. Рабіць людзям масаж у працоўным кабінэце хутка навучацца й машыны. Пранесла. Дамавікі раённай адміністрацыі – істоты, можа быць, і пазбаўленыя нырак, аднак сэрца ж у іх ёсьць. А бывае ж па-іншаму. Да сярэдзіны дзевятнаццатага стагодзьдзя асаблівую цяжкасьць для судовай мэдыцыны ўяўляла дасьледаваньне тых, каго даставалі з абдымкаў вадзянікоў. Адна з галоўных памылак вучоных: шырокія, набрынялыя праніклай у тканкі вільгацьцю похвы тапеліцаў, якія праляжалі ў вадзе некалькі месяцаў, яны тлумачылі як сьведчаньне іхнага бурлівага інтымнага жыцьця. Ледзь ці ня як доказ іхных заняткаў прастытуцыяй. Такім чынам многія цнатлівыя трупы гублялі пасьля сьмерці сваю беззаганную рэпутацыю. Самагубцы прынамсі ведалі перад зьдзяйсьненьнем сваіх капрызаў, чаму ім ня знойдзецца месца на могілках, і загадзя рыхтаваліся трапіць у кампанію актораў ды злачынцаў.