Выбрать главу

– Каханьне – гэта добра, – цярпліва сказала задаволеная сабой маці. – Хто ж супраць каханьня. Гуляй, пакуль маладая. Толькі ў прыпол глядзі не прынясі. Заб’ю. Я ж не дурная, цяпер іншы час. Сэкс. Эротыка. Інтэрнэт. Але замуж выйдзеш, і тады ўжо пра каханьне забудзеш. Калі мяса дома няма, і купіць няма на што, а ў Розы малы сабак катлетамі корміць, вось тады й будзе табе каханьне.

Вераніка маўчала, яна з прыкрасьцю думала, што вось зараз, напэўна, зноў пачнецца, пра яе маленства, калі фашысты ледзь не захапілі ўладу, і маці даводзілася ісьці прыбіральшчыцай у сьветаўскую краму, дзе хлеб можна было набыць (слаба ў гэта верыцца) толькі па нейкіх ці то квітках, ці то абанэмэнтах. А самой маці здавалася, што яна пераканала Вераніку – яшчэ б, довады ж неаспрэчныя.

– Ды нічога. Ты вось дарослая такая ўжо, – сказала маці са шкадаваньнем. – Усё ў цябе будзе добра, калі запомніш, што я табе сказала. Спачатку мы з бацькам, вядома ж, дапаможам, чым можам. А далей самі. Толькі не сьпяшайся, Веранічка. Заві бацьку абедаць.

***

Тая месячная практыка ў піянэрлягеры была ня цяжкай і скончылася так хутка, што Вераніка нават потым пашкадавала. Замацаваныя за ёй дваццаць падлеткаў – адзінаццаць звар’яцелых на касмэтыцы дзяўчат і дзевяць нейкіх надта ўжо разважлівых, як дзядкі, хлапцоў – не патрабавалі асаблівага клопату й нават пакідалі сваёй важатай час для асабістага жыцьця. Ня тое каб Вераніка карысталася посьпехам, але ж адзін з важатых, хударлявы, як шкілет, з доўгім і вузкагубым тварам Марат дакладна зьвярнуў на Вераніку ўвагу і ўжо ў першы ж дзень завітаў да іх у корпус, імгненна заняў дзяцей нейкай віктарынай (што значыць досьвед!) і сеў каля Веранікі на пень. Праз хвіліну яна ўжо ад душы сьмяялася, а Марат усё казаў ёй вясёлыя непрыстойнасьці, і такім сур’ёзным тонам – нават вочы не ўсьміхаліся, і таму Вераніцы было яшчэ сьмяшней. А ўвечары ў лягеры была дыскатэка ў гонар пачатку другой зьмены, і яна з усяе моцы намагалася ня танчыць толькі зь ім, але іншыя важатыя амаль не падыходзілі... калі ж гралі нешта сапраўды “зажыгальнае”, то Марат адразу ж апынаўся побач, торгаўся, са сваёй пластыкай гумовага чалавечка, каля самага пляча, Вераніка міжволі адступала ў цень, і ён, боўтаючыся, ішоў за ёй. Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б там, у цені, не стаяў начальнік лягеру, баязьліва паглядаючы на вёрткія целы маладога пакаленьня. Гэтая зьмена была наогул багатая на прыгажуняў, даўганогіх, нібы з вокладак часопісаў, Вераніцы было з кім сябе параўноўваць і з прыкрасьцю моршчыць лоб.

З надвор’ем у той месяц пашанцавала. Вераніка адразу ж пачынала драмаць, апускаючыся на посьцілку, пад якой гарэла яшчэ мокрая трава, вакол хлопцы пад пагардлівымі позіркамі расфарбаваных дзяўчат, якія сумавалі ў чаканьні чагосьці, абмяркоўвалі апошнія навіны сусьветнай аўтаіндустрыі. Раніца неўпрыкмет сыходзіла, есьці не хацелася, яны йшлі на возера, і там Вераніка скідвала сукенку ды, адганяючы дзікуноў-інсэктаў, мякка сьлізгала ў ваду – яна плавала заўжды на сьпіне, каб падначаленыя былі ў полі зроку, але мала хто лез у ваду, тоўстыя хлопчыкі нават футболак не здымалі, а дзяўчаты збольшага плюхаліся ля берага, падстаўляючы сонцу закрэсьленыя палоскамі вясёлкавых купальнікаў сьпіны, шапталіся... Вераніцы было добра. Потым – салодкая стома палудня, калыханка дрэваў, рытмічнае граньне мухаў на аконнай шыбіне. Вечар зь ягонымі ненавязьлівымі, простымі гульнямі, танцы, беглая праверка, ноч, агеньчык цыгарэты там, адкуль чуецца прыглушаны голас Марата, яе ціхі сьмех, цыгарэта, што растае ў руцэ, Вераніка нават не падносіла яе да вуснаў. Зрэдку віно са сталоўскіх шклянак. Моцны, глыбокі, беспрабудны ранішні сон.

Вераніка ўсё намагалася здружыць хлапечую й дзявочую паловы свайго атраду. Але марна: атрад ніяк не хацеў яднацца, кожны пол сядзеў асобна й глядзеў на супрацьлеглы без інтарэсу. Дзяўчынкі марылі пра дарослых, вусатых плэйбояў-старшаклясьнікаў, хлопцы да дзяўчынак таксама не цягнуліся. Якім жа было зьдзіўленьне Веранікі, калі аднойчы, зайшоўшы на дзявочую палову, яна пабачыла ўвесь свой атрад у зборы. Дзеткі слухалі нешта саладжавае, што тупа бухала з казённага магнітафона. Заўважыўшы яе, яны замаўчалі й з сур’ёзным выглядам утаропіліся ў дынамікі, нібы адтуль лілося нешта філязофскае. Між тым, голас невядомага, але, відаць моднага сьпевака выводзіў нешта пра “твае масіські, Танюшка”.

– Вы што гэта слухаеце? – працягнула Вераніка пакрыўджана й пачула ў адказ невядома адкуль знаёмае імя. Яна спахапілася, зрабіла ўсё, каб кантакт не разладзіўся й на наступны дзень прынесла выхаванцам касэту зь Віктарам Ветрам і Магдай. “Вось гэта музыка, а яшчэ й сапраўдная паэзія,” – абвясьціла яна з пачуцьцём перавагі ды прысела на край ложка.