Выбрать главу

Задаволены Лекс прыходзіў пад раніцу. Вераніка магла сабе ўявіць, што адбывалася ўначы. Вочы фантастычных істотаў, што ўзіраюцца з гушчару ў цёмныя сьцены жахлівага Дому, намагаючыся не прапусьціць ні ценю, ні гуку, ні шоргату. Здаецца, усё спакойна, і тады яны выходзяць – прыдуманыя кімсьці пачварыны, асьцярожна ступаюць у вязкую ваду рова, тут заўжды лістапад. А потым шкрабуцца ля сьценаў, жалобна выюць, ляскаюць зубамі у марнай празе дабрацца да галоўнага ворага. Іхныя душы, заняволеныя ў клетку праграмы, адчуваюць сумны неспакой, іхныя вушы, ім здаецца, чуюць, як пад зямлёй енчаць ад болю суродзічы... Іхныя насы спрабуюць зразумець, дзе гаспадар Дому зрабіў могілкі, ім так хочацца разарваць яго на часткі. Іх задачы ў гэтым Сьвеце простыя, бы школьная лінейка, але зь якім задавальненьнем зраўнялі б яны зь зямлёй страшны Дом: у гэтай асалодзе абавязкова прысутнічала б нешта яшчэ, апрача паслухмянасьці прымітыўных пэрсанажаў. Яны танчаць свой панылы танец ля сьценаў, сьліна крапае зь іхных аголеных, празьмерна заточаных зубоў, месяц сьвеціць роўна ды справядліва, ня тое што там, дзе іх прыдумлялі іхныя стваральнікі, адшукваючы самыя даступныя вобразы. Лясныя пачвары пакрысе ўваходзяць у экстаз. Гульня нібыта завісае, і тады са сьцяны падае маланкай крук, лямант чуецца ў самых аддаленых кутках каралеўства, прачынаецца малы сын млынара, і гномы насоўваюць глыбей свае сьмешныя капелюшы, кіпчастая лапа роспачна б’е па вадзе рову, але ўсьлед круку ўжо ўпала сетка, і вось сталёвыя рукі выцягваюць ахвяру на борт Дому, нібы рыбіну. Расчыняе прадоньні зямля, і зьнізу б’е сьвятло. Падрыхтаваная клетка прадуманая да дробязяў, і гаспадар пасьцяліў учора сьвежае саломы. А заўтра ці праз тыдзень, хто ведае, гэтая гульня папоўніцца яшчэ адным трупам. Кожны труп – нечая магчымасьць пакуль не выключаць кампутар. Пункт у паказьніку жыцьцёвага тонусу. Прыступка да новага ўзроўню. Ды толькі што рабіць, калі ўсе ўзроўні пройдзеныя? Не выходзіць жа з гульні пасьля такога гераічнага шляху!..

Сярод лясных стварэньняў існуюць свае забабоны. Яны чамусьці лічылі, што лепш гінуць ад яе рукі. Жанчыны заўжды рабілі сьвет крыху дабрэйшым: зь вялікай і малой літары, па абодва бакі экрану.

***

Даруй мне, даруй, магчыма, я ня маю права пра ўсё гэта пісаць. Бо ў маёй краіне сьмерць дагэтуль жыве паводле Энгельса. Жыць – значыць паміраць. Якія сьмешныя гэтыя спробы сьмяротных прывесьці ўсё да нейкага афарызму, кіравацца ідэалёгіяй там, дзе няма левых і правых, дзе суцэльнае egalitè... “Жыцьцё ёсьць спосабам існаваньня бялковых целаў, у якім важную ролю адыгрывае пастаянны абмен рэчываў з навакольнай прыродай, прычым з спыненьнем гэтага абмену спыняецца й жыцьцё, што прыводзіць да разлажэньня бялка”. Такі вось аўтапартрэт без барады.

Сьмерць рэдка бывае імгненнай. За пэрыяд да васьмі хвілін гіне кара галаўнога мозгу. Падкоркавыя цэнтры й сьпінны мозг жывуць даўжэй, дзякуючы глікалітычнаму тыпу абмена. Косны мозг захоўвае сваю жыцьцяздольнасьць да чатырох гадзін, а апорныя тканкі – скура, сухажыльлі, мышцы, косткі – да сутак. Але доктар, той, які ставіць кропкі ў гісторыі хваробы, слухае толькі сэрца. На ўсіх іншых радыёхвалях сёньня адна рэкляма.

Гэта было неўзабаве пасьля нашага зь Веранікай знаёмства. Я вяртаўся дамоў уначы, ратавальныя дзьверы пад’езду былі ўжо блізка. Я мог бы пайсьці ў абход, пад ліхтарамі, па ачмурэлай ад бэзу і яшчэ не да канца астылай пасьля дзённай сьпёкі вуліцы, але ж ногі самі павялі мяне праз гэтую цёмную арку. Так было бліжэй і хутчэй. Праход быў ня тое каб доўгі, якіх-небудзь паўсотні крокаў, я дакрочыў да сярэдзіны й раптам пачуў, як мяне нехта даганяе. Я спыніўся, так мне стала страшна. Напэўна, ад мяне йшлі не абы якія флюіды жаху: наперадзе таксама зьявілася чалавечая постаць, нехта ўваходзіў сюды адразу з абодвух бакоў. Я быў заціснуты ў гэтым невялікім тунэлі, справа й зьлева былі сьмярдзючыя сьцены, крокі набліжаліся, сьпераду й ззаду. Абедзьве фігуры былі выразна мужчынскія, былі б яны жаночымі, наўрад ці мяне апанавала б такое. Страх зрабіў іх вялізнымі, мне здавалася, яны прыгінаюцца, каб не закрануць галавой столь. Першым пытаньнем для мяне было, што яны зробяць са мной, і ці маю я ў кішэнях нешта на водкуп, але другое пытаньне чамусьці імгненна засланіла першае: што зробяць з маім целам потым, калі мой бялок пацерпіць паразу.