Цяпер я ведаю, што. Асноўны разрэз скуры для ўскрыцьця робяць ад падбародзьдзя да лабка, з абходам пупка зьлева. Адмысловы нож утрымліваюць гарызантальна. Разрэз робяць бесьперапынным рухам, ён мусіць пранікаць скрозь скуру, падскурную клятчатку, дасягаючы ў грудной клетцы грудзіны, а на жываце мышцаў. Раны й рубцы нож абміне. Найлепшы разрэз – Т-падобны. Пасьля гэтага ўскрываюць брушыну. Ашмецьце скуры й мышцаў адсэпароўваюць у абодва бакі так, каб агаліліся рэбры. Глядзяць. Пішуць. Выдаляюць грудзіну, пасьля чаго адкрываецца шырокі доступ у грудную поласьць. Сэрца спачатку мераюць, а ўжо потым адкаркоўваюць. Апісваюць зьмесьціва страўніка, кішэчніка. Пілуюць чэрап. Выторгваюць валасы. Думаюць пра жывых.
Я стаяў сярод гэтага бэтоннага тунэлю, і яны таксама запаволілі хаду, пакуль не спыніліся ў некалькіх мэтрах адмяне, адзін сьпераду, другі за сьпінай. Мне і ў галаву не прыходзіла, што варта было мне пайсьці далей, як і яны рушылі б па сваіх справах. Урэшце ім надакучыла, і яны прайшлі міма мяне, нябачныя, раздражнёныя, стомленыя, і тунэль апусьцеў. Хто ведае, можа, назаўтра мы ехалі на працу ў адным вагоне мэтро.
***
Ёй было цяжка гэта патлумачыць, але ж тым ня меней: тут пахла зьліплымі чужымі галасамі, такім сабе комам з чужых галасоў. А яшчэ тут было задушліва і разам з тым так сыра, што Вераніка баялася дакранацца да сьценаў: нават калі бацька спатыкнуўся ды штурхануў яе ненаўмысьля ў сьпіну, Вераніка аддала перавагу мокрай руцэ міліцыянта, што йшоў побач – толькі б не кранацца сьценаў... Яна раптам адчула тут, у гэтым казённым памяшканьні, як мала каштуе яе ўлада, яе праца, яе пасада; Вераніка азірнулася навокал, абвяла вачыма вартавых: ім было відавочна напляваць, хто яна такая й чым займаецца, тут былі свае адзінкі вымярэньня чалавечае моцы, тут гудзелі, нібы ў нябачных трубах, свае законы, і яна, Вераніка, была тут чужая – такая ж чужая, як вось гэтая, да прыкладу, сямейная пара, якая з палёгкай на спалоханых тварах выходзіла адсюль на волю. “Госпадзе божа мой, госпадзе божа мой”, – паклікала кагосьці старая ў чорным, якая сядзела на аблупленай лаўцы перад кабінэтам, і высмаркалася ў рукаў – але ніхто не йшоў. Маці нэрвова пагладзіла пальцамі зеленаватыя краты. Нарэшце, пасьля амаль паўгадзіннага чаканьня, іх пусьцілі.
Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці – яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыязджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. І сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое ж яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам – ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. І вось цяпер зноў. З тымі самымі інтанацыямі. І што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Вартавы пазяхаў. І тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар – бадай, упершыню ў сваім жыцьці ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.
Груба паголеная, нібы здратаваная простым алоўкам галава, прыплюснутае цемя. Нізкі лоб, які брат несупынна моршчыў, быццам яго не пакідаў боль. Вялікія блакітныя вочы, і малінавыя расколіны ў іх, шмат расколінаў, якія, здавалася, самі сабой пераходзяць у глыбокія конаўкі паабапал носу. Зьбіты набок нос. Сківіца, што каменем цягнула братаў твар уніз. Шэрая скура, вялізная шыя, шырынёй амаль у галаву. Навіслыя над ёй шчокі. Так дзіўна ўсьведамляць, што ў гэтым абліччы праніклівы назіральнік можа знайсьці й Вераніку. Цікава, як яна выглядала б па той бок стала, у гэтай чорнай вопратцы. Ягоныя вушы варушыліся – брат нібы ўвесь час нешта жаваў. Ён быў агідны ёй, і – Вераніка штомоцы стрымлівалася і ўрэшце ўсё ж усьміхнулася, надта адкрыта, надта ўжо пераможна: гэта, на шчасьце, заўважыў толькі зьдзіўлены вартавы – і яна падумала амаль з радасьцю: усё правільна, ён там, дзе яму й належыць быць, і няхай застаецца тут як надаўжэй. Ён заслужыў гэта. Наўрад ці чалавек можа зьдзейсьніць такое. Брат быццам пачуў яе, і, калі маці набірала паветра ў грудзі, рыхтуючыся працягваць свае роспыты, ён, амаль не адкрываючы роту, пражаваў: