– А я сёньня яшчэ да цырульніка думала, дурніца, – прамовіла хутка Ларыса, і Вераніка ўзяла асадку са стала, проста так, – і тут у кабінэт увайшоў Жвалевіч.
Ён быў, як і мінулы раз, нападпітку, і стаў зь вінаватым выглядам ля дзьвярэй, з павагай гледзячы на перакошаны твар Ларысы. У руках Жвалевіч камячыў пакет ды, як ні дзіўна, тоўстую кнігу. “Прывітаньне, Веранічка”, – прамовіў ён ціха й скасавурыўся на кампутар. “Мне пачакаць?”. Вераніка даволі доўга спрабавала зразумець, хто перад ёй, успомніліся нейкія грошы, і адчуваньне чагосьці сьлізкага на далонях, але потым валасы зноўку падказалі ёй, хто завітаў у кабінэт, і яна пагрозьліва нахмурылася:
– Зноў п’яны прыйшоў. Ды што там ахова сабе думае ўнізе?
– Толькі піва, Веранічка, – сказаў жаласьліва Жвалевіч: ён, відавочна, не чакаў, што гаварыць давядзецца пры сьведках. Ларыса глядзела на іх са строгім інтарэсам. Вераніцы нічога не заставалася, як іх пазнаёміць.
– А можна... гэта... тэт-а-тэт, – спытаў, асьмялеўшы, Жвалевіч і паклаў пакет на стол. – Справа важная. Мы былыя сакурсьнікі.
– Ты зубы калі апошні раз чысьціў, – працягнула, ледзь ня плачучы, Вераніка. – Пасьля цябе кабінэт суткі трэба праветрываць.
– Мне зубы нельга чысьціць, – заявіў Жвалевіч. – Мне апэрацыю надоечы зрабілі. На ніжняй сківіцы.
– Праўда? – зь цікавасьцю падалася да яго Ларыса. – Бедненькі.
– Праўда-праўда, – горда сказаў Жвалевіч. – Як казаў Панікоўскі, устаўлю залатыя зубы й жанюся.
– Ну, дзяўчаты любяць маладых і палітычна граматных, – весела патрэсла валасамі Ларыса. – Як у вас з палітычнай граматнасьцю? Калі апошні раз правяраліся?
– Я сакратаром антыфашыстоўскае групы быў, – пакрыўджана сказаў Жвалевіч, прысаджваючыся на край стала: Вераніка ледзь пасьпела выцягнуць з-пад яго паперы.
– А то я магу праверыць, – Ларыса зь цікавасьцю зірнула на ягоныя запэцканыя ў нешта нагавіцы. – У мяне праца такая. Я ў аддзеле інспэктар.
– Я вам не замінаю? – усьміхнулася Вераніка, і абодва зьбянтэжана зірнулі на яе. Прамільгнула між імі нейкая іскарка, адзначыла для сябе Вераніка. Вось жа Ларыска, пацук ненажэрны, ёй усё адно на што кідацца, сучцы.
– Я б усё ж хацеў... калі можна... тэт-а-тэт, – спахапіўся Жвалевіч і прагна паглядзеў на бляшанку кавы. Ларыса ўстала, паправіла спадніцу ды пайшла да дзьвярэй.
– Як шчака? – крыкнула Вераніка клапатліва. – Не гнаіцца там, Ларысанька?
Але Ларыса, здаецца, не заўважыла кпінаў. Ля самых дзьвярэй яна спынілася.
– Гілюк сёньня прыпіраўся зноў. Зранку з самага. Цябе не было, дык ён мне свае новыя зубы паказваў. Дарэчы, – Ларыса прыклала далонь да вуснаў. – Я ж табе забыла сказаць. Ведаеш, кім працаваў наш Чэслаў у свае лепшыя гады? Я ў аддзеле кадраў выпадкова даведалася. Цырульнікам у жаночай калёніі. Вось так. Уяўляеш?
Яны засталіся сам-насам, і Жвалевіч не марудзячы перайшоў да справы.
– Ты даруй мне, Веранічка, – зашаптаў ён, паглядаючы на дзьверы. – Я неяк не падумаў тым разам. Цяпер выпраўляюся.
Ён бухнуў на стол перад Веранікай таўшчэзную кнігу ды прысунуў да яе пакет. “Мэрылін Манро без таямніцаў”. Вераніка выключыла кампутар і паглядзела на Жвалевіча доўга ды ўважліва. “Старонка 106”, – сказаў той радасна й зноў паглядзеў на дзьверы.
На старонцы сто шостай ляжала пакамечаная стодаляравая купюра. Вераніка ледзь не ўзяла яе ў рукі, ёй спачатку і ў галаву не прыйшло, што ў кнізе можа ляжаць нешта падобнае. Розум Веранікі, у якім вобраз Жвалевіча даўно й трывала знайшоў сваё поўнае завяршэньне, проста адмаўляўся прымаць факт існаваньня дадзенай паперчыны ў дадзенай кнізе. Яна рэзка загарнула кнігу, і пасьля гэтага кароткага выбуху, які прымусіў Жвалевіча скалануцца, вярнула яе назад. Рукі Жвалевіча дрыжалі.