Выбрать главу

– А там што? – Вераніка гідліва тыцнула пазногцем у пакет.

– Каньячок там, шакаляд, – Жвалевіч сеў перад ёй у крэсла, туды, дзе толькі што сядзела Ларыса, і тут жа падняўся.

– Мяне не цікавяць біяграфіі, – сказала Вераніка абыякава.

Калі Жвалевіч нарэшце сыйшоў (гэта адбылося толькі пасьля таго, як Вераніка паабяцала выклікаць ахоўніка), яна падыйшла да акна й задумалася. Гэты сёньняшні візыт Жвалевіча мог быць выпадковасьцю, а мог і... Мог быць і нечым добра прадуманым ходам. Яна нібыта ўзгадала раптам, дзе працуе, і адразу ж сьцены яе кабінэту, яе стол, яе кампутар, яе фіранкі, яе шафа, набітая да верху тытулаванымі й нетытулаванымі паперамі, падалася ёй чужой і варожай.

У адпачынак, у адпачынак, у адпачынак.

***

Сёньня, на ранішняй нарадзе, яна так зазірала Яму ў рот, што Чэслаў напаўжартам нават зрабіў ёй заўвагу. А ўсе сядзелі, апусьціўшы вочы, сволачы, яны ж ведалі пра яе ўсё й чамусьці лічылі пачуцьці Веранікі нечым ганебным. Нібы Ён быў іхнай уласнасьцю, іхным вынаходніцтвам. Нібы тое, што яны, яе залатыя-брыльянтавыя калегі, ведалі Яго трохі даўжэй, давала ім нейкія дадатковыя правы. Яна пачырванела – не ад сораму, ад раптоўнае ўспышкі ўнутры, якая асьвяціла зноў усе яе нядаўнія жаданьні ды жарсьці, і за гэтае імгненьне Вераніка зь незразумелым болем узгадала сваю закаханасьць – гэта было толькі імгненьне, але яно давала ёй шанец ацаніць моц сваёй цяперашняй прагі. З прыкрасьцю Вераніка адчула, што нешта ня так: здаецца, і Ён ня страціў былое прывабнасьці, і яна была гатовая да далейшага змаганьня, але не хапала вастрыні, вастрыні, што раней рабіла на целе Веранікі пякучыя, салодкія разрэзы, ад мозгу да міжножжа. Мой, пераконвала яна сябе, мой, мой. Маё, маё. І так ажно пакуль ад Яго не пайшоў водар вогнішча. Вераніка з асалодай удыхнула яго й толькі тады крыху супакоілася.

– Дзірку пратрэце, – кашлянуў Чэслаў Карлавіч і ўсьміхнуўся, зашамацеўшы паперамі. Ларыса прыглушана рохкнула. Вераніка заміргала, часта-часта, абвяла позіркам апушчаныя галовы прысутных і потым паволі агледзела Ягоны твар. Ён, відавочна, усё разумеў, але выгляду не падаваў, ягоны твар заставаўся нерухомы, толькі вусны ветліва скрывіліся, паклон перад калектывам, пакорлівы кніксэн; аблічча нібыта пакрылася празрыстай плеўкай, што паступова зацьвердзявала, плеўка на вачох, плеўка на скулах. Харошы хлопчык. І калі Ён адказваў на нейкае пытаньне Чэслава (Вераніка намагалася зразумець, на якое, але марна, Ягоны й толькі Ягоны рот вабіў яе, засмоктваў, барвовая адтуліна роту, белыя семкі ў яркай мякаці, нож), яна зноў зазірнула яму між вуснаў і пабачыла іх – зубы.

Зубы: што Ён мог для яе імі зрабіць, што Ён зробіць для яе імі, калі надыйдзе час?

Яна ўявіла, як Ён разгрызае мяса, прыгатаванае ёю для яго мяса. Зялёна-аранжавая кухня, паласатыя фіранкі, цікае гадзіньнік на сьцяне. Поўная лядоўня мяса. Ён зарабіў. Ён прынёс. Прывёз у багажніку вялікай чырвонай машыны. Потым ён возьме палачку, з тых, што стаяць у празрыстай шафе, побач з каваю ды спэцыямі, і пачне калупацца ў зубах. Яе птахі зьлятуцца да яго на плячо, і Ён будзе засоўваць ім у нецярплівыя дзюбы кавалачкі мяса, таго мяса, якое засела ў яго ў зубах. У яго добрыя, белыя, моцныя зубы. Не, яны колеру слановай косткі.

У яго трыццаць дзьве маленькія клявішы ў роце.

На лецішчы яна бачыла, як Ён есьць сырое мяса. Азіраючыся, проста пальцамі дастаючы іх з маянэзу, у якім кішэла нарэзаная цыбуля.

Яго зубы ўпіваюцца ёй у смочку, Яго зубы кусаюць яе за плячо, балюча, бязьлітасна. Яна таксама мяса. Ягонае мяса. Ноч на апошнім уздыху. Дзеці за сьцяной беспакойна варочаюцца.

Ён зубамі адкаркоўвае слоік марынаваных грыбоў. І пралівае сабе марынад на калені, на белыя нагавіцы. Яна бярэ накрыўку й чытае на яе ўскрайку пакінутыя Ім знакі.

Ён кусае за горла паваленага Ім самца, з тых, што вечна круцяцца каля іхнай пячоры. Астатнія з глухім бурчэньнем адбягаюць на бясьпечную адлегласьць, хаваюцца ў арэшніку. Ім таксама хацелася кусаць яе за загрывак. Яе, Вераніку.

Арэх лопаецца, і Ён дастае адтуль ядро, падае ёй, кладзе Ёй у рот. І ёй так хочацца ўкусіць Яго за пальцы. Парослыя рудаватай поўсьцю. Але яе зубы драбнейшыя, такое адчуваньне, што іх больш. Роўны шэраг шараватых зубоў пад салодкай верняй губой, які, закругляючыся, коса сыходзіць пад зводы яе пашчы.

Ягоная зубная шчотка, якую Ёй хочацца мець проста цяпер. Яна была ўнутры Яго, на ёй засталіся сьвінцовыя часьцінкі Ягонай сьліны. У шчоткі прыдатная форма, у шчоткі такія жывыя жорсткія валаскі.